Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі адказала на заклік Эўрапарлямэнту спыніць перасьлед журналістаў


Ілюстацыйнае фота. Калегі арыштаваных па «справе БЕЛТА» журналістаў Tut.by і БелаПАН прынесьлі ім перадачы ў турму на Акрэсьціна. Менск, 8 жніўня 2018 году
Ілюстацыйнае фота. Калегі арыштаваных па «справе БЕЛТА» журналістаў Tut.by і БелаПАН прынесьлі ім перадачы ў турму на Акрэсьціна. Менск, 8 жніўня 2018 году

Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, у якой дэпутаты патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць перасьлед журналістаў — гэта «чарговы штучны набор штампаў, якія ня ўлічваюць ні аб’ектыўнай рэальнасьці, ні досьведу прыняцьця аналягічных опусаў у мінулым», пракамэнтаваў TUT.BY апошнюю заяву Эўрапарлямэнту прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

«Адзіны яе рэальны вынік — відавочная дэвальвацыя сур’ёзнасьці і якасьці рашэнньяў, якія прымае гэтая структура. Разумеем спакусу „пагуляць“ на беларускай тэмы ў эўрадэпутатаў, якія сыходзяць. Разумеем, але не падзяляем. Карысьці ад гэтага — нуль. Рэкамэндуем эўрадэпутатам зьмяніць зацёртую кружэлку, паколькі ў дыялёгу Беларусі з эўраінстытутамі ўжо даўно прысутнічаюць новыя мэлёдыі», — заявіў прадстаўнік МЗС.

На фоне пагаршэньня свабоды СМІ ў Беларусі дэпутаты Эўрапарламэнту асудзілі затрыманьні і дзяржаўны перасьлед журналістаў і рэдактараў незалежных выданьняў, у тым ліку — па так званай «справе БЕЛТА».

У рэзалюцыі, прынятай 4 кастрычніка, эўрадэпутаты разглядаюць затрыманьні журналістаў як неадпаведныя меры і заклікаюць беларускія ўлады зьняць зь іх усе абвінавачаньні, а таксама неадкладна спыніць блякаваньне сайту «Хартыя-97» на тэрыторыі краіны.

Эўрапарлямэнт таксама выказаў шкадаваньне ў сувязі з прысудамі лідэрам незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, а таксама запатрабаваў вызваленьня палітвязьняў Міхаіла Жамчужнага і Дзьмітрыя Паліенкі, якія цяпер адбываюць турэмныя тэрміны.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG