Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму маўчаць пра другую зьмену для жанчын


Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч заяўляе, што істотных перашкодаў для самарэалізацыі жанчын у бізнэсе і палітыцы няма. І у той самай прамове кажа, што сёньня ў сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці да 10 гадоў, жанчына выдаткоўвае на хатнія справы і зьвязаныя з дзецьмі клопаты ў 2,5 разы больш часу, чым мужчыны.

Спадарыня Ірына, гэтая другая зьмена, якую адпрацоўваюць жанчыны дома, і ёсьць істотная перашкода.

На нашыя рашэньні і жыцьцёвыя стратэгіі ўплываюць традыцыі і стэрэатыпы

Гендэрная няроўнасьць у эканоміцы і ў палітыцы існуе ня толькі праз недасканалае заканадаўства і відавочную дыскрымінацыю, калі шэраг прафэсій для жанчын знаходзіцца пад забаронай, а працадаўцы, не саромеючыся, ўказваюць у апісаньнях вакансій, што шукаюць толькі жанчын ці толькі мужчын. Усё складаней: на нашыя рашэньні і жыцьцёвыя стратэгіі ўплываюць традыцыі і стэрэатыпы, якія нідзе не прапісаныя як абавязковыя, але імі літаральна прасякнутая нашая рэчаіснасьць.

Ці шмат вы бачылі інтэрвію з пасьпяховымі ў сваёй прафэсіі мужчынамі, дзе б у іх запытваліся, як яны сумяшчаюць працу і сямейныя клопаты? У інтэрвію з жанчынамі гэтае пытаньне нібыта ўваходзіць у сьпіс стандартных.

Ад нас чакаюць максымальнай уключанасьці і пасьпяховасьці ва ўсім. Гэта несправядліва, моцна стамляе, і я лічу, што заяўляць пра гэтую стому — ня сорамна. Велізарная частка побытавых клопатаў па змоўчаньні ўваходзіць у сьпіс менавіта жаночых абавязкаў. І так, гэта — рэальная перашкода для самарэалізацыі ў бізнэсе і палітыцы.

Калі мы кажам услых, што сутыкаемся з праблемамі, гэта ня робіць нас слабейшымі. Патрабаваньне ідэальнасьці ва ўсім — яшчэ адна пастка, у якую сёньня трапляюць жанчыны, дзякуючы гендэрным стэрэатыпам.

Быць хатняй гаспадыняй ужо нібыта сорамна і аб’ектыўна небясьпечна

Быць хатняй гаспадыняй ужо нібыта сорамна і аб’ектыўна небясьпечна праз поўную фінансавую залежнасьць ад іншых людзей. Але пасьпяховая кар’ера становіцца для нас не альтэрнатывай хатнім клопатам, а дадаткам да іх. Можна, вядома ж, дэлегаваць прыборку, гатоўку і частковы клопат пра дзяцей наёмным працоўным, але гэта таксама патрабуе адміністраваньня.

Калі нехта аддае ўвесь свой час і ўсе сілы на разьвіцьцё кар’еры, гэта адбываецца дзякуючы таму, што вырашэньне побытавых праблем узяў на сябе іншы чалавек. Вядома ж, ёсьць выняткі — так званыя ваўкі-адзіночкі, але гэта не агульная тэндэнцыя. І калі ў пасьпяховага ў прафэсіі мужчыны стаіць за сьпінай нябачная група падтрымкі, дык у пасьпяховай жанчыны за сьпінай ляжыць сьпіс задач на другую, хатнюю працоўную зьмену.

Але ўсе перашкоды, кажуць, толькі ў нашых галовах...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG