Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні крок да аўтакефаліі. 7 фактаў пра аб’яднаўчы сабор трох праваслаўных цэркваў Украіны


Кіеўская Сафія, ілюстрацыйнае фота
Кіеўская Сафія, ілюстрацыйнае фота

Застаецца дзень да аб’яднаўчага сабору ў кіеўскай Сафіі, на якім мусяць абвясьціць аб стварэньні ва Ўкраіне адзінай памеснай праваслаўнай царквы і выбраць яе прадстаяцеля. Як ужо стала вядома, новы кіраўнік 6 студзеня 2019 году атрымае ад Канстантынопальскага патрыярха Варфаламея томас — дакумэнт, які засьведчыць незалежнасьць Украінскай праваслаўнай царквы ад РПЦ.

Не без супраціву

Да такой гістарычнай падзеі Ўкраіна ішла 26 гадоў — увесь гэты час перамовы пра аб’яднаньне не спыняліся, але штораз, калі вынік здаваўся блізкім, зьяўляліся новыя перашкоды. Сьцьвярджаюць, што ў 2012–2013 гадах, у канцы праўленьня ва УПЦ Маскоўскага патрыярхату мітрапаліта Ўладзімера (Сабадана), такі працэс быў штучна сарваны дзякуючы прадстаўнікам тагачаснай партыі ўлады — Партыі рэгіёнаў. Нашчадкі гэтай палітычнай структуры змагаюцца супраць аўтакефаліі і цяпер, але іхныя спробы спыніць працэс праз Канстытуцыйны ды іншыя цывільныя суды пакуль марныя.

Хто будзе на саборы

У саборы будуць удзельнічаць фактычна тры праваслаўныя царквы — Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату, Украінская аўтакефальная праваслаўная царква і частка біскупаў Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне. Агульная колькасьць удзельнікаў не перавысіць 200 асобаў.

Кіраўнік УПЦ Кіеўскага патрыярхату патрыярх Філарэт (справа), кіраўнік УПЦ Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Ануфрый (у цэнтры) і кіраўнік Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы мітрапаліт Макарый (зьлева). Кіеў, 8 траўня 2017 году
Кіраўнік УПЦ Кіеўскага патрыярхату патрыярх Філарэт (справа), кіраўнік УПЦ Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Ануфрый (у цэнтры) і кіраўнік Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы мітрапаліт Макарый (зьлева). Кіеў, 8 траўня 2017 году

Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей запрашаў на аб’яднаўчы сабор усіх герархаў УПЦ Маскоўскага патрыярхату. Але яге кіраўнік мітрапаліт Ануфрый адправіў гэтае запрашэньне назад у Стамбул. Усьлед за ім такім жа чынам на запрашэньне да аб’яднаньня адказалі яшчэ 59 герархаў (усяго ў Маскоўскім патрыярхаце служаць 96 япіскапаў). Але наўрад ці можна меркаваць, што ўсе іншыя прадстаўнікі гэтай плыні прыедуць на сабор у Кіеў — папярэдне паведамлялася пра 10 біскупаў, якія маюць намер перайсьці ў адзіную царкву.

Галоўныя пытаньні аб’яднаньня

Па сутнасьці, на парадку дня толькі два пытаньні — зацьвярджэньне статуту памеснай царквы і выбары яе прадстаяцеля.

Статут быў прапанаваны Канстантынопальскім патрыярхам Варфаламеем. Папярэдне яго ўзгадніла камісія ўсіх украінскіх праваслаўных цэркваў, але зь некаторымі зьменамі. Іх сутнасьць пакуль не ўдакладняецца — мае падтрымаць менавіта аб’яднаўчы сабор.

Вядома толькі, што Канстантынопаль прапанаваў стварыць ва Ўкраіне мітраполію, а не патрыярхат — абсалютную форму незалежнай царквы, як таго чакалі ва Ўкраіне. Большасьці праваслаўных герархаў гэта ня вельмі спадабалася, але дзеля аб’яднаньня і прызнаньня кананічнымі яны вымушаныя пагадзіцца. Хоць і не выключаюць, што ў будучыні статус будзе зьменены.

«Мы лічым абсалютна справядлівым, гістарычна абгрунтаваным i пастырска апраўданым менавіта такі статус (патрыярхат) для нашай памеснай царквы. Бо яна мае адну з найбольшых сярод іншых праваслаўных цэркваў колькасьць вернікаў, духавенства і архіярэяў, мае карані сваёй гісторыі ў пропаведзі сьвятога апостала Андрэя Першазванага, а ў вонкавых умовах і ўнутраных якасьцях свайго быцьця нічым не саступае Баўгарскаму, Грузінскаму, Расейскаму, Румынскаму, Сэрбскаму патрыярхатам. Аднак, улічваючы ўсе абставіны, наша царква гатовая, калі гэта спатрэбіцца, на час адкласьці просьбу аб прызнаньні патрыярхату», — адзначалася ў рашэньні сыноду Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату.

Украінская аўтакефальная праваслаўная царква пакуль не камэнтуе асаблівасьці аб’яднаўчага працэсу.

Старшынстваваць на саборы будзе прадстаўнік Усясьветнага патрыярха мітрапаліт Гальскі Эмануіл — ён ужо знаходзіцца ў Кіеве.

Хто прэтэндуе на першага кіраўніка новастворанай царквы

Кожная з трох цэркваў, якія будуць удзельнічаць у аб’яднаўчым саборы, можа вылучыць свайго прэтэндэнта ў кіраўнікі памеснай царквы. Пасьля трывалых дыскусій вызначана і працэдура галасаваньня — яна будзе тайнай.

Пакуль не зусім зразумела, хто будзе мець права галасаваць — Канстантынопаль настойваў, каб права голасу на саборы мелі ня толькі архіярэі, але і клірыкі, манахі і вернікі (па адным на кожнага біскупа), якія суправаджаюць іх. Кіеўскі патрыярхат выступаў за адкрытае галасаваньне і абмежаваньне права голасу пэрсон, якія суправаджаюць. УАПЦ не заяўляла сваёй пазыцыі з гэтай нагоды.

Найбольш верагодным прэтэндэнтам на пасаду прадстаяцеля лічыцца кіраўнік УПЦ КП Філарэт (89 гадоў), але сьцьвярджаюць, што ён ня будзе балятавацца.

Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Пятро Пётр Парашэнка і патрыярх Філарэт, кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату падчас сустрэчы ў Кіеве, 21 кастрычніка 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Пятро Пётр Парашэнка і патрыярх Філарэт, кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату падчас сустрэчы ў Кіеве, 21 кастрычніка 2018 году

Ад УАПЦ кандыдатаў пакуль няма — ейны кіраўнік мітрапаліт Макарый (74 гады) ад удзелу ў конкурсе адмовіўся адразу, пасьля пачатку працэсу падрыхтоўкі да аўтакефаліі. Ад Маскоўскага патрыярхату такім прэтэндэнтам называюць земляка чыннага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі — 56-гадовага мітрапаліта Віньніцкага Сімяона (Шостацкага). Найбольш кандыдатаў у Кіеўскім патрыярхаце — 39-гадовы мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі Епіфаній (яго Філарэт у 2013 годзе прызначыў пераемнікам на выпадак сваёй сьмерці), 52-гадовы мітрапаліт Луцкі і Валынскі Міхаіл (Зінкевіч), а таксама 47-гадовы мітрапаліт Львоўскі і Сокальскі Дзімітрый (Рудзюк).

Свайго кандыдата мае і Канстантынопаль — гэта 46-гадовы экзарх Канстантынопальскага патрыярхату Іларыён (Руднік). Гэтую кандыдатуру лічаць кампраміснай на час станаўленьня памеснай царквы ва Ўкраіне. Напярэдадні, 13 сьнежня, ён разам зь іншым экзархам Канстантынопалю мітрапалітам Гальскім Эмануілам адслужыў у Андрэеўскай царкве ў Кіеве першую архірэйскую літургію.

Папярэдзіць правакацыі

Служба бясьпекі Ўкраіны рыхтуе на час правядзеньня аб’яднаўчага сабору «належныя захады бясьпекі».

Напярэдадні ў гэтай структуры заявілі, што папярэдзілі плянаваныя спэцслужбамі Расеі правакацыі на тэрыторыі Кіева-Пячэрскай лаўры, у якой знаходзіцца Маскоўскі патрыярхат. Выканаўцам мусіў быць грамадзянін Украіны, актыўны ўдзельнік так званага Антымайдану. Інструкцыі разам з грашыма яму абяцалі перадаць у Менску, але калі ён туды прыехаў, месца перамоў раптам перанесьлі ў Маскву.

Паводле СБУ, у дзень правядзеньня аб’яднаўчага сабору вернікі УПЦ МП плянавалі арганізаваць хрэсныя хады ў Кіеве, Адэсе, Харкаве, Запарожжы, Херсоне і Мікалаеве. «Падчас іх плянавалася справакаваць сілавыя сутыкненьні з праваахоўнікамі, з абавязковым стварэньнем „крывавай карцінкі“ для расейскіх СМІ. Плянавалася прыцягнуць для павелічэньня колькасьці пацярпелых асобаў старых, інвалідаў і хворых», — паведаміў намесьнік старшыні СБУ Віктар Кананенка.

Служба бясьпекі заклікала ўсе грамадзка-палітычныя арганізацыі ўстрымацца ад любых акцый 15 сьнежня і «ня даць падстаў для інсьпірацыі супрацьстаяньняў, што можа быць выкарыстана агрэсарам для паслабленьня або дыскрэдытацыі Ўкраіны».

Да сабору рыхтуюцца і сьвецкія ўлады

Міністар культуры Ўкраіны Яўген Нышчук анансаваў, што адразу пасьля заснаваньня адзінай памеснай царквы ва Ўкраіне будзе створаная Дзяржаўная служба ў пытаньнях этнапалітыкі і свабоды сумленьня.

Галоўнай задачай гэтай службы, паводле яго, мусіць стаць прыпыненьне «нецярпімасьці і неталерантнасьці ў дачыненьні да любога этнасу».

Паводле пакуль непацьверджанай у адміністрацыі інфармацыі, на паседжаньні сабору плянуе прысутнічаць і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Улічваючы набліжэньне прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, для яго вельмі важна, каб сабор прайшоў плённа, а царкоўныя герархі зацьвердзілі статут адзінай царквы і выбралі свайго першага прадстаяцеля.

Шанец для Беларусі

Украінскія рэлігіязнаўцы перакананыя, што Канстантынопаль сваім рашэньнем аб стварэньні памеснай царквы ва Ўкраіне адначасова скасаваў усе рашэньні Расейскай праваслаўнай царквы аб падпарадкаваньні мітраполій на сучасных тэрыторыях.

Тарас Анташэўскі
Тарас Анташэўскі

«Канстантынопаль на кананічным узроўні прызнаў несапраўдным падпарадкаваньне Кіеўскай мітраполіі Маскве — гэта аўтаматычна робіць усе наступныя рашэньні маскоўскіх герархаў некананічнымі. Уся генэрацыя кіеўскіх мітрапалітаў, якія пасьля сталі маскоўскімі герархамі, стала нелегітымнай. Сытуацыя з наданьнем томасу Ўкраіне набірае вельмі вялікі рэзананс і тэарэтычна магла б мець працяг і ў Беларусі. Яе зямлі некананічным чынам былі далучаныя да Масквы яшчэ да акту 1685 году, таму тая ня мае на іх ніякіх правоў», — мяркуе рэлігіязнаўца, галоўны рэдактар Рэлігійна-інфармацыйнай службы Ўкраіны (РІСУ) Тарас Анташэўскі.

На пытаньне, згуртуе ці разьяднае ўкраінскае грамадзтва стварэньне адзінай царквы, экспэрт адказаў наступным чынам:

«Усё залежыць ад таго, як мы будзем фармаваць царкву пасьля томасу. Найперш небясьпека высьпявае ў тым, што прэтэндэнты на аўтакефалію ўспрымаюць новаствораную царкву менавіта як нацыянальную. Гэта можа стаць сурʼёзным выклікам для грамадзтва, паколькі наданьне любой суполцы нацыянальнага значэньня робіць яе прыярытэтнай, а ўсе іншыя аўтаматычна становяцца другараднымі. Аднак новая царква мае ўсе перадумовы адрадзіць гістарычную памяць і зьяднаць грамадзтва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG