Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя напісала пра «махлярку з цыганскай дыяспары». Ці законна гэта?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На сайце ўправы ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму зьявілася шараговая публікацыя аб прыпыненьні міліцыяй проціпраўнай дзейнасьці — махлярства. Публікацыя выйшла з загалоўкам: «Фрунзенскі р-н: праз падазрэньне ў махлярстве затрыманая прадстаўніца цыганскай дыяспары», тут жа даецца фота затрыманай і заклік зьвяртацца ў міліцыю, калі ад яе пацярпеў хто-небудзь яшчэ.

Паведамленьне менскай міліцыі з пазначэньнем нацыянальнасьці затрыманай выкарысталі некаторыя дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ, яны таксама назвалі нацыянальнасьць затрыманай асобы. Наколькі законна ўказваць нацыянальнасьць затрыманых, Свабода спытала ў прадстаўніцы менскай міліцыі і юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна».

Міліцыя: гэта звычайная практыка

Кіраўніца прэсавай службы Менскага гарадзкога ўпраўленьня міліцыі Натальля Ганусевіч пракамэнтавала Свабодзе пазначэньне нацыянальнасьці затрыманай грамадзянкі.

«Так, гэта інфармацыя з сайту ГУУС. Я адказваю за гэтую інфармацыю, там усё дакладна. Што да пазначэньня нацыянальнасьці іншых асобаў, дык я зазначаю і пра іншых: беларус, грамадзянін Украіны. Гэта звычайная практыка. Інфармацыя ўзгодненая з кіраўніцтвам і мае афіцыйнае пацьверджаньне», — сказала Свабодзе Натальля Ганусевіч.

Праваабаронца: пазначэньне нацыянальнасьці затрыманай асобы абмежавана законам і этыкай

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч мяркуе, што і міліцыянты, і прадстаўнікі СМІ у гэтым выпадку парушаюць закон і прынятыя этычныя нормы.

Валянцін Стэфановіч заклікаў супрацоўнікаў міліцыі і журналістаў у сваіх інфармацыйных паведамленьнях пазьбягаць пазначэньня нацыянальнасьці затрыманых ці падазраваных у злачынстве. Гэта крок да распальваньня міжнацыянальнай варожасьці і відавочнае парушэньне правоў грамадзянаў, лічыць праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Заўважу, што адзіная нацыянальнасьць, якую міліцыянты зноў і зноў пазначаюць, калі паведамляюць пра затрыманьне ці падазрэньне ў супрацьпраўнай дзейнасьці, гэта цыганы. На жаль, некаторыя СМІ, у тым ліку дзяржаўныя, гэта дублююць. Ня бачыў, каб напісалі, што затрыманы беларус ці расеец, але калі гаворка пра злачынцу цыганскай нацыянальнасьці, дык гэта часьцей за ўсё пазначана».

Паводле Валянціна Стэфановіча, праваабаронцы неаднойчы зьвярталі ўвагу на праблему, у тым ліку накіроўвалі ліст тагачаснаму старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку.

«Спасылаліся на рэпартаж пра аднаго з расстраляных, які забіў сукамэрніка, дзе была пазначана нацыянальнасьць. Хоць ён не адзін быў абвінавачаны ў забойстве, нацыянальнасьці іншых не называлі. Прычым, яшчэ і з рознымі прыметнікамі кшталту „хітры цыган“.

Супрацоўнікі дзяржаўнай тэлевізіі мусяць разумець: злачыннасьць ня мае нацыянальнасьці, гэтым яны ўмацоўваюць нэгатыўныя стэрэатыпы ў дачыненьні пэўных нацыянальнасьцяў.

У лісьце я напісаў, што супрацоўнікі дзяржаўнай тэлевізіі мусяць разумець: злачыннасьць ня мае нацыянальнасьці, гэтым яны ўмацоўваюць нэгатыўныя стэрэатыпы ў дачыненьні пэўных нацыянальнасьцяў, а гэта ўжо крок да больш сур’ёзнага дзеяньня — распальваньня міжнацыянальнай варожасьці».

Тады Давыдзька ў сваім адказе пагадзіўся з такім падыходам і запэўніў, што такая практыка будзе выпраўлена. Але ў рэальнасьці, кажа Валянцін Стэфановіч, яна аказалася жывучай.

«Сумна, што імпульс ідзе ад міліцыі, — працягвае суразмоўца. — Там сваёй пазыцыі не мяняюць. У адным інтэрвію начальніка раённай міліцыі нядаўна бачыў папярэджаньне: маўляў, часьцейшымі сталі кватэрныя крадзяжы, дык, як убачыце асобаў цыганскай нацыянальнасьці, хутчэй паведамляйце ў міліцыю. Што ўжо зусім недапушчальна», — мяркуе Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца асобна зьвярнуўся да журналістаў і нагадаў ім нормы прафэсійнай этыкі, якія мусяць стрымліваць ад пазначэньня нацыянальнасьці злачынцы.

«Паводле міжнародных нормаў журналісткай этыкі, якія падзяляюць Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) і дзяржаўны Саюз журналістаў Беларусі, забаронена характарызаваць асобу паводле нацыянальнасьці, калі гэтага не патрабуецца для лепшага разуменьня зьместу інфармацыі.

Прыкладам, калі міліцыя расшуквае злачынцу і ў ягоных прыкметах пазначае колер скуры ці валасоў, гэта дапушчальна. А калі вы пішаце пра тое, што затрыманы чалавек, які нешта зрабіў, дык навошта нацыянальнасьць? Нічога не дадасьць, толькі замацуе пэўныя стэрэатыпы. Гэта дэманструе пэўны непрафэсіяналізм журналіста», — падсумаваў Валянцін Стэфановіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG