Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інфармацыя абмежаванага доступу». Чаму пакінулі пад вартай «сьвятара» з Наваградку?


Закрытая сядзіба Літоўка пад Наваградкам, дзе часта бываў Дзьмітры Бондар
Закрытая сядзіба Літоўка пад Наваградкам, дзе часта бываў Дзьмітры Бондар

Утрыманьне пад вартай Дзьмітрыя Бондара, які пазыцыянуе сябе сьвятаром старакаталіцкага касьцёла, працягнутае яшчэ на месяц.

Пра гэта Свабодзе паведаміла маці Дзьмітрыя Валянціна.

Дзьмітрыя Бондара затрымалі 2 кастрычніка ў фэнтэзі-сядзібе ягонага сябра Сяргея Коваля ў Літоўцы, што каля Наваградку. З таго часу Дзьмітрыя трымаюць у сьледчым ізалятары ў Горадні.

Сяргей Коваль зачыніў сваю сядзібу для наведнікаў, бо мясцовыя жыхары скардзіліся на «сатанізм». 1 студзеня Сяргей Коваль скончыў жыцьцё самагубствам.

«Не далі ніводнага спатканьня»

«Расьсьледаваньне справы адносна Дзьмітрыя працягнулі на месяц. Па-ранейшаму не далі ніводнага спатканьня. Пішам скаргі ва ўсе інстанцыі, старшыні Сьледчага камітэту, у пракуратуру.

Ніякіх сьледчых дзеяньняў не праводзілася. Сьнежань — студзень чалавек тупа сядзеў у камэры, ніхто яго не дапытваў.

На пытаньне, чаму яго не выпускаюць пад падпіску аб нявыезьдзе, даюць дзіўныя адказы пра 20 адміністрацыйных правапарушэньняў, якія амаль усе па лініі ДАІ. Кажуць, што ён, маўляў, злосны парушальнік», — сказала спадарыня Валянціна.

Прадаў аўтамабіль, каб сплаціць штраф

Праваахоўнікі, кажа яна, спасылаюцца таксама на тое, што ў Дзьмітрыя, маўляў, ёсьць непагашаная судзімасьць па крымінальным артыкуле 427, частка 1 (службовы падлог) — з тых часоў, калі ён працаваў яшчэ дырэктарам кінатэатру. Тады Дзьмітрыя аштрафавалі на 300 базавых, і каб сплаціць штраф, ён прадаў свой аўтамабіль.

«Ён штогод браў па два адгулы да адпачынку зь ведама выканкаму. За пяць гадоў такіх адгулаў было 9. Вось так аддзячылі чалавеку, які суткамі сядзеў на працы, рамантаваў гэты закінуты кінатэатар, увёў 3D, адкрыў начны клюб, зрабіў яго дастойным аб’ектам адпачынку. Вось так Сьледчы камітэт аддзячыў кіраўніку за працу. Словам, сабралі ўвесь бруд».

«Не дазволілі перадаць радыёпрымач»

Валянціна спадзявалася, што Дзьмітрыя выпусьцяць.

«Але ня выпусьцілі. Гэта ім не з рукі. Ня хочуць гэта рабіць. І ніхто ня верыць, што мне не даюць спатканьняў з сынам. Сьледчы кажа, што „трэба параіцца“. Але з кім раіцца, калі гэта прамая кампэтэнцыя сьледчага? Я мяркую, што ў гэтай справе ня ён кіраўнік», — сказала Валянціна.

Таксама Дзьмітрыю не дазволілі перадаць радыёпрымач ці тэлевізар.

«Без тлумачэньня прычын», — сказала Валянціна Бондар.

Паводле спадарыні Валянціны, Дзьмітрыю інкрымінуюць артыкул 343 (распаўсюд парнаграфіі).

Што кажуць у Сьледчым камітэце?

Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Горадзенскай вобласьці карэспандэнту Свабоды ніякай інфармацыі пра Дзьмітрыя Бондара не далі. Ні пра артыкул, па якім яго абвінавачваюць, ні пра тое, чаму яго пакідаюць пад вартай і чаму адмаўляюць у спатканьнях з маці.

«Усе камэнтары Сьледчы камітэт даў ад пачатку. Гэта справа, інфармацыя па якіх адносіцца да абмежаванага доступу. Я не магу вам нічога больш патлумачыць. Больш ніякіх камэнтароў няма», — сказаў афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сяргей Шаршаневіч.

Раней, паводле парталу krynica.info, у Сьледчым камітэце тлумачылі, што «гэты чалавек затрыманы па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства, непасрэдным аб’ектам злачыннага замаху ў якім зьяўляюцца здароўе і жыцьцё чалавека».

«Узбуджаная крымінальная справа. У цяперашні час устаноўлена некалькі эпізодаў злачыннай дзейнасьці мужчыны. Сьледзтвам падазраванаму прадʼяўлена абвінавачаньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG