Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маё спартыўнае адзеньне — падарункі кампаній» — Лукашэнка адрэагаваў на публікацыю Свабоды


Аляксандар Лукашэнка падчас «Менскай лыжні»
Аляксандар Лукашэнка падчас «Менскай лыжні»

Падчас «вялікай размовы з прэзыдэнтам» журналіст тэлеканала «Беларусь 1» згадаў, што ў некаторых СМІ друкавалася інфармацыя аб кошце спартовага адзеньня, у якое былі апранутыя Лукашэнка і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы 13–15 лютага ў Сочы.

Гэта была публікацыя Свабоды «І шапка ад Домрачавай за 40 рублёў. Што Пуцін і Лукашэнка апранулі на лыжную трасу». Карэспандэнты Свабоды ўважліва паглядзела фатаздымкі зь нефармальнай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі на лыжнай трасе ў Сочы. Вось што на іх пабачылі.

«Я прачытаў і малому свайму кажу: Слухай, Коля, ну было б ня крыўдна, калі б учора мне купілі гэтую куртку ці я купіў, але гэтай куртцы ўжо гадоў 12, — сказаў Лукашэнка. — Паглядзіце, на лыжні менскай ці яшчэ дзесьці я заўсёды ў гэтай куртцы, але не таму, што яна ў мяне адна і няма чаго апрануць. Я — чалавек, які прывязваецца да рэчаў, да людзей вельмі. І калі я ўжо ўтрэскаўся ў гэтую куртку, то я яе звычайна і апранаю, яна мне падабаецца. Яна цёмнага колеру. Я не люблю штосьці, ведаеце, шыкоўнае, хоць мяне розныя пратаколы крытыкуюць, што трэба быць вось як Уладзімір Уладзіміравіч [Пуцін] ярка і прыгожа апранутым і іншае. Я гэтага не люблю».

Лукашэнка падкрэсьліў, што ён «чалавек вясковы, які вырас у галечы, таму гэта наклала пэўны адбітак». «Я прачытаў пра ўсё гэта. Адзінае — парадаваўся, што не падумалі, што я купляў шапачку ў Дашы Домрачавай. Яна мне яе падарыла. І я так, выяжджаючы ў горы якраз, паглядзеў — шапка гэтая ляжыць, і я яе і апрануў без усялякіх там думак, каб неяк там выглядаць. Хоць гэта важна. Вядома, прэзыдэнт павінен быць апрануты як трэба і выглядаць. Але я асабліва не затлумляюся на гэтым», — сказаў Лукашэнка.

Расказваючы пра сваю вопратку ў Сочы, Лукашэнка таксама адзначыў: «Штаны там ад іншай фірмы. Дзякуй Богу, што не разгледзелі. Але гэта няправільна. Калі ты апранаеш нейкі гарналыжны касьцюм, трэба ўжо нейкай адной фірмы. Але мне падабаюцца гэтыя штаны, яны шырокія, я вузкага адзеньня не люблю. Бацінкі, я ўжо не памятаю, ім гадоў ужо пяць-шэсьць. Мне цяжка было падабраць бацінкі. Таму дзесьці далёка і даўно, ці то ў Аўстрыі я быў, прыехалі нейкія фірмачы, якія робяць гэтыя бацінкі. Яны папрасілі мяне: "Спадар прэзыдэнт, давайце мы вам замераем нагу і зробім вам бацінкі, толькі вы іх павінны надзяваць". Гэта рэкляма для іх».

Лукашэнка заявіў, што за спартыўнае адзеньне «ніхто ні капейкі не заплаціў, дзяржава — тым больш». «Наогул, зь бюджэтных грошай, хоць прэзыдэнт і знаходзіцца на бюджэтным утрыманьні ў любой дзяржаве, я ні капейкі не заплаціў. Гэта проста падорана кампаніямі, але каб я насіў», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, лыжы Fisher, на якіх ён бегае, яму таксама падарыла кампанія-вытворца. «Фірма ўбачыла іншая — і мы вам. Таму вось у мяне назапашваецца — дзесьці ў мяне пар 30 лыж было з усяго майго першага года прэзыдэнцтва. Я іх усе сабраў, таму што мне столькі не патрэбныя, — сказаў Лукашэнка. — Малыш узяў гэтыя лыжы і адвёз да сябе ў школу дзеткам. Яны бегаюць, займаюцца. Я ім нават трасу там адсыпаў мэтраў 500, каб яны з бацькамі ў аграгарадку на гэтай трасе займаліся».

Ён таксама дадаў: «Таму гэта грошай дзяржаве і вам не каштуе. За кошт падаткаў гэта не куплялася. Перажываць не трэба, што абадраў нашу дзяржаву».

Пяць гадоў таму журналісты заўважылі, што на адкрыцьці Алімпіяды ў Сочы Коля Лукашэнка быў апрануты ў куртку фірмы «Moncler», якая вырабляе самыя дарагія пухавікі ў сьвеце. Гэтая куртка каштуе ня менш за 500 эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG