Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Валадарцы» за наркотыкі судзяць адразу амаль сорак чалавек


СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску
СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску

У сьледчым ізалятары № 1 гарадзкі суд Менску разглядае справу, у якой фігуруюць 37 абвінавачаных за наркотыкі. Ім інкрымінуюцца 3 і 4 часткі 328 артыкула (выраб, распаўсюджваньне, захоўваньне і перавозка наркатычных рэчываў у складзе групы асоб). Працэс пачаўся 5 лютага.

Міліцыя выкрыла інтэрнэт-краму. Абвінавачаныя карысталіся яе паслугамі

Пра гэта Свабодзе паведаміла маці аднаго з абвінавачаных, якая прыйшла на прафіляктычную акцыю магілёўскіх актывістак руху «Маці 328».

Паводле суразмоўніцы, якая не назвала свайго імя, працэс лічыцца адкрытым, але паколькі сьледчы ізалятар — установа закрытая, то сваякоў абвінавачаных туды не пускаюць. Гарадзкі суд Менску ня мае памяшканьня, якое можа ўмясьціць гэтулькі падсудных. У ізалятары справа разглядаецца ў актавай залі, але і тая замалая. На лаве падсудных пераважна маладыя людзі.

«Яны, паводле сьледзтва, карысталіся паслугамі інтэрнэт-крамы, якая прадавала наркотыкі і якую нібыта выкрыла міліцыя. Фігуранты справы адзін аднаго ня ведаюць», — кажа пра працэс жанчына.

Яе сын пад вартай ад жніўня 2017 году. Апошні раз яна яго бачыла летась у кастрычніку. Ён сядзіць у камэры з 28 арыштантамі.

Актывісткі засьцерагалі моладзь ад працы кур’ерамі інтэрнэт-крамаў

У міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і наркабізнэсам, які адзначаецца 1 сакавіка, актывісткі руху «Маці 328» улёткамі засьцерагалі магілёўскую моладзь, каб тая не рэагавала на запрашэньні інтэрнэт-крамаў стаць кур’ерамі і закладнікамі псыхатропных рэчываў.

«Праца кур’ера ў дадзеным выпадку падпадае пад крымінальную адказнасьць з 14 гадоў, кваліфікуецца як злачынства ў складзе міжнароднай арганізаванай злачыннай групы і караецца пазбаўленьнем волі ад 10 да 25 гадоў», — гаворыцца ва ўлётках.

Ці зьмянілася стаўленьне да асуджаных пасьля галадоўкі актывістак «Маці 328»

Паводле магілёўскіх актывістак руху, пасьля леташняй галадоўкі стаўленьне да асуджаных за наркотыкі зьмянілася. Яны спасылаюцца на зьвесткі ад сваіх асуджаных родзічаў:

  • Тэрміны пакараньня сталі даваць меншыя, чым раней.
  • Асуджаныя могуць часьцей тэлефанаваць бацькам. Калі раней дазвалялася два разы на месяц, то цяпер — раз на тыдзень.
  • Лепшы стаў рацыён харчаваньня.
  • Пераглядаюцца справы на тых асуджаных, якія напісалі наглядныя скаргі.

Як і раней, актывісткі руху чакаюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Лічаць, што толькі ён можа паўплываць на лёс асуджанай за наркотыкі моладзі. Паводле іх, колькасьць асуджаных паводле 328 артыкула перавышае 20 тысяч чалавек.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG