Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пры любым выніку ўкраінскі народ пераможа». Пра што казалі Парашэнка і Зяленскі падчас галасаваньня. ВІДЭА


Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне. Кіеў, 21 красавіка 2019 году
Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне. Кіеў, 21 красавіка 2019 году

У Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны сьцьвярджаюць, што у другім туры галасаваньня на выбарах прэзыдэнта назіраецца большая актыўнасьць грамадзян, чым у першым. На дадзены момант ужо прагаласавалі амаль 20 % выбарнікаў, уключаных у сьпісы для галасаваньня.

Найбольш актыўна галасуюць жыхары ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў краіны — Харкаўскай, Данецкай, Луганскай і Мікалаеўскай абласьцей. У некаторых зь іх прагаласавалі больш, як 23 % выбарнікаў.

Абодва кандыдаты на прэзыдэнта таксама ўжо прагаласавалі.

Уладзімір Зяленскі падчас галасаваньня 21 красавіка
Уладзімір Зяленскі падчас галасаваньня 21 красавіка

«У мяне выдатны настрой. Мы ўжо аб’ядналі краіну. Які выбар ня будзе, гэта будзе перамогай украінскага народу. Што я адчуваю? Што ўсё будзе добра», — сказаў Уладзімір Зяленскі пад час галасаваньня. Ён прыйшоў на ўчастак разам са сваёй жонкай Аленай.

Уладзімір Зяленскі прадэманстраваў у прысутнасьці тэлекамэр і выбарнікаў свой бюлетэнь з вынікамі галасаваньня, чым парушыў закон. Прысутныя змаглі ўбачыць, што ён паставіў крыжык насупраць свайго прозьвішча.

Пятро Парашэнка разам са сваёй сям’ёй пачаў нядзельны дзень з удзелу ў літургіі з нагоды сьвята Ўваходу Гасподняга ў Іерусалім. Ён прывітаў хрысьціян заходняга абраду з Вялікаднем, а ўсходняга — зь Вербнай нядзеляй.

«Мы мусім зрабіць усё, каб не спыніўся рух Украіны ў эўрапейскім і паўночнаатлянтычным накірунках. Ня важнае прозьвішча прэзыдэнта, які будзе абраны. Больш важная стратэгія і шлях, якімі будзе рухацца Ўкраіна. Я спадзяюся на мудрасьць украінскага народу», — заявіў дзейны прэзыдэнт Украіны.


Паводле апошніх апытаньняў, якое праводзіў Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі (КМІС) 9-14 красавіка, за Ўладзіміра Зяленскага гатовыя галасаваць 48% выбарнікаў, за Пятра Парашэнку — 17%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG