Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіная дзяржаўная. Хто і чаму выступіў супраць закону аб выключным статусе ўкраінскай мовы


Ілюстрацыйнае фота. 1 верасьня ва ўкраінскіх школах, 2015 год
Ілюстрацыйнае фота. 1 верасьня ва ўкраінскіх школах, 2015 год

Ухваленьне Вярхоўнай Радай Украіны моўнага закону стала лягічным завяршэньнем актыўнай украінізацыі дзяржаўнага жыцьця пасьля анэксіі Расеяй Крыму і агрэсіі на Данбас у 2014 годзе, калі шмат расейскамоўных украінцаў пачалі пераходзіць у побыце на ўкраінскую мову. Але засталіся і тыя, хто не падтрымліваюць закону аб функцыянаваньні дзяржаўнай мовы.

Апазыцыйны блёк пратэстуе

Найбольш актыўна на ўхваленьне закону адрэагавалі прадстаўнікі Апазыцыйнага блёку — партыі, якая была створана на парэштках Партыі рэгіёнаў, што страціла ўладу ва Ўкраіне пасьля масавых акцыяў пратэсту ў 2013–2014 гадах, у выніку якіх прэзыдэнт Віктар Януковіч уцёк у Расею.

Адразу ж пасьля ўхваленьня закону два дэпутаты гэтай палітычнай сілы — Вадзім Навінскі і Аляксандар Вілкул — падрыхтавалі праект пастановы аб скасаваньні вынікаў галасаваньня, бо, на іхную думку, была парушаная ня толькі працэдура разгляду дакумэнту, а і канстытуцыйныя правы грамадзян.

Цяпер Вярхоўная Рада мае разгледзець праект пастановы гэтых двух дэпутатаў, і ў выпадку, калі дэпутацкі корпус яе не падтрымае, закон можа быць падпісаны сьпікерам Андрэем Парубіем і дзейным прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам.

Зяленскі абяцае ацаніць

Уладзімір Зяленскі, абраны прэзыдэнтам Украіны, які яшчэ не набыў паўнамоцтваў, выказаў пэўныя сумневы ў канстытуцыйнасьці моўнага закону. Паводле яго, законапраект стаў закладнікам палітычнай рыторыкі, бо разглядаўся ў распал выбарчага цыклю:

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

«Мы павінны ініцыяваць і прымаць такія законы і такія рашэньні, якія кансалідуюць грамадзтва, а не наадварот».

«Сёньня цяжка спрагназаваць наступствы ўхваленьня гэтага закону — канчатковы яго тэкст, з улікам усіх паправак, пакуль недаступны. Пасьля майго ўступленьня на пасаду прэзыдэнта будзе зроблены пільны аналіз гэтага закону, каб пераканацца, што ў ім выкананыя ўсе канстытуцыйныя правы і інтарэсы ўсіх грамадзян Украіны. Па выніках аналізу буду рэагаваць адпаведна канстытуцыйным паўнамоцтвам прэзыдэнта Ўкраіны і ў інтарэсах грамадзян», — напісаў Уладзімір Зяленскі на сваёй старонцы ў Facebook.

Парашэнка зьбіраецца падпісаць

Дзейны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паабяцаў падпісаць закон адразу, як толькі яго атрымае, і зьвярнуўся да расейскамоўных грамадзян Украіны:

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

«Росквіт украінскай мовы пасьля стагодзьдзяў татальнай русыфікацыі — гэта місія, якую нам належыць ажыцьцявіць. Павага правоў людзей, якія размаўляюць на расейскай і іншых мовах — гэта таксама важна. Гэта — эўрапейская практыка, якой мы няўхільна прытрымліваемся і будзем прытрымлівацца. І людзі даволі хутка пераканаюцца, што новы закон на гэта ніяк не замахваецца».

Пятро Парашэнка асобна падзякаваў большасьці расейскамоўных грамадзян, якія з разуменьнем ставяцца да неабходнасьці падтрымкі ўкраінскай мовы. «Я таксама, дарэчы, вывучыў яе ўжо ў сталым узросьце», — адзначыў Пятро Парашэнка.

Моўная мапа Ўкраіны

Празь дзесяць гадоў пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны, згодна з апошнім перапісам насельніцтва 2001 году, 67,5 % грамадзян назвалі роднай украінскую мову — гэта было ўжо на 2,8 % больш, чым у 1989 годзе. Але па-ранейшаму высокім — на ўзроўні 29,6 % — заставалася колькасьць расейскамоўных грамадзян. Адначасова павялічылася і доля іншых нацыянальных моў.

17,5 % беларусаў (паводле дадзеных 2001 году, ва Ўкраіне пражывае 275,8 тысячы беларусаў) таксама назвалі роднай украінскую мову, 19,8 % — беларускую і 62,5 % — расейскую.

Беларусы — трэцяя па колькасьці нацыянальная група ва Ўкраіне, пасьля ўкраінцаў (37,5 мільёна) і расейцаў (8,3 мільёна). Далей ідуць малдаване (258,6 тысячы), крымскія татары (248,2 тысячы), баўгары (204,6 тысячы), вугорцы (156,6 тысяч), румыны (151 тысяча) і палякі (144,1 тысячы).

Найбольш актыўна пасьля атрыманьня незалежнасьці ва Ўкраіне пачалі разьвіваць свае родныя мовы вугорцы і румыны. Гэтаму спрыяла іх кампактнае пражываньне ў Закарпацьці і Букавіне.

Акцыя ўкраінскіх актывістаў з патрабаваньнем прыняць закон «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». 25 красавіка 2019 году
Акцыя ўкраінскіх актывістаў з патрабаваньнем прыняць закон «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». 25 красавіка 2019 году

Пазыцыя нацыянальных меншасьцяў

Расейцы, вугорцы і румыны Ўкраіны першымі ў 2017 годзе выступілі супраць пераводу адукацыі на ўкраінскую мову навучаньня. Канфлікт перайшоў на ўзровень дыпляматыі, а парлямэнт вымушаны быў накіраваць праект закону аб адукацыі на экспэртызу ў Вэнэцыянскую камісію. Кампраміс быў знойдзены — першыя чатыры гады ў школах дзеці атрымалі магчымасьць вучыцца на роднай мове, а далей ужо толькі на ўкраінскай.

З насьцярожанасьцю прадстаўнікі вугорскай і румынскай меншасьцяў цяпер ставяцца і да новага моўнага закону — яны занепакоеныя магчымым абмежаваньнем выкарыстаньня сваёй роднай мовы.

«Мы не падтрымліваем гэты закон. Кожная нацыянальнасьць мае родную мову і мае права вучыцца на роднай мове. Я ня супраць украінскай як дзяржаўнай. Пабачым, што далей рабіць. Але будзем змагацца, будзем пісаць новаму прэзыдэнту, у Раду Эўропы. Прыкра, што адных лічаць людзьмі, а іншых — не. Так ня можа быць. Канстытуцыя гарантуе ўсім роўныя правы і ў дачыненьні мовы ў тым ліку», — сказаў Свабодзе кіраўнік Закарпацкага абласнога румынскага саюзу «Дачыя» Іван Боташ.

У вугорскіх арганізацыях пакуль утрымліваюцца ад камэнтароў — яшчэ дакладна не азнаёміліся з тэкстам закону.

​Пятро Лізанец — этнічны ўкраінец. Ён жыве ва Ужгарадзе, адміністратыўным цэнтры Закарпацкай вобласьці. Зь дзяцінства вывучыў вугорскую мову, выкладае ва Ужгарадзкім унівэрсытэце і цяпер лічыцца адным з найбольш аўтарытэтных выкладчыкаў вугорскай мовы. Пятро Лізанец узначальвае Закарпацкае вугорскамоўнае навуковае таварыства (Kárpátaljai Magyar Tudományos Társaság), а за ўмацаваньне і паглыбленьне навуковых і пэдагагічных сувязяў Вугоршчына ўзнагародзіла яго ордэнам «Рыцарскі крыж».

«Украінская мова мае быць адзінай дзяржаўнай мовай для вугорцаў, румынаў, украінцаў ці славакаў, яе мусяць абавязкова ведаць усе. Ня можа быць дзяржавы бяз мовы. У нас усе праблемы толькі ад расейскай мовы», — сказаў Свабодзе Пятро Лізанец.

Паводле навукоўца, разьвіцьцё нацыянальных моў мае вызначыць закон «Аб нацыянальных меншасьцях»:

«Вугорцы — карэннае насельніцтва Закарпацьця, якое мае сваю родную мову. Больш яны нідзе ва Ўкраіне так кампактна не пражываюць. І забіраць іхную мову ніхто ня мае права, яны маюць права вучыцца на ёй, мусяць быць вугорскія аддзяленьні... Але іншая справа, што яны мусяць ведаць і ўкраінскую мову. Хто яе ня ведае, ня зможа працаваць у дзяржаўных установах. Мусіць быць толькі так».

Пятро Лізанец сьцьвярджае, што праблемы з украінскай мовай маюць толькі вугорцы: «Румыны, славакі, грэкі, баўгары, якія жывуць ва Ўкраіне, ведаюць украінскую мову, бо яны жывуць сярод украінцаў. Вугорцы ж пражываюць у сёлах кампактна, размаўляюць паміж сабой вугорскаю моваю, і навучаньне ў іх вугорскамоўнае. І да іх трэба падыходзіць па-іншаму, інакш мы дапусьцім вялізную памылку. Трэба спачатку стварыць умовы, каб яны маглі вывучыць украінскую мову».

А ці забароняць расейскую мову?

Акцыя ўкраінскіх актывістаў з патрабаваньнем прыняць закон «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». 25 красавіка 2019 году
Акцыя ўкраінскіх актывістаў з патрабаваньнем прыняць закон «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». 25 красавіка 2019 году

​Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў апошніх гадоў, для большасьці ўкраінцаў моўнае пытаньне непрыярытэтнае. Але яно заўсёды было раздражняльным для прарасейскіх палітычных сілаў, якія цяпер палохаюць гвалтоўнай украінізацыяй і маніпулююць забаронай расейскай мовы.

Насамрэч пра забарону расейскай мовы ня йдзецца. Закон таксама не абавязвае размаўляць па-ўкраінску ў побыце і не ўплывае на мову рэлігійных абрадаў. Ён датычыць толькі сфэраў жыцьцядзейнасьці дзяржавы — дзяржаўнай службы, сфэры абслугоўваньня, правасудзьдзя, аховы здароўя, навукі, культуры. А набыцьцё юрыдычнай моцы патэнцыйна канфліктных нормаў адтэрмінавана на 1–2,5 года.

Іншаземцы, якія хочуць атрымаць грамадзянства, будуць здаваць іспыты па ўкраінскай мове толькі праз два гады. Кандыдатам на дзяржаўную службу давядзецца атрымліваць моўны сэртыфікат таксама толькі праз два гады. З 1 студзеня 2025 году на ўкраінскую мову будзе пераведзена вонкавае незалежнае ацэньваньне і дзяржаўныя іспыты ў навучальных установах.

Украінская мова для навуковых прац і навуковых мерапрыемстваў стане абавязковай праз адзін год. Праз два гады — для культурна-мастацкіх і забаўляльных акцый. Тэлеканалы абавязаныя будуць забясьпечыць 90 % вяшчаньня на ўкраінскай мове праз два гады, а друкаваныя сродкі масавай інфармацыі мусяць перайсьці на ўкраінскую мову праз 2,5 года.

Адтэрмінаваньне на два гады маюць і кнігавыдаўцы для выданьня ня менш як 50 % украінамоўнай прадукцыі. Інтэрфэйсы кампутарных праграм і вэб-сайтаў мусяць стаць украінамоўнымі праз 1,5 года. Сфэра абслугоўваньня павінна перайсьці на дзяржаўную мову праз паўтара года, а ў ахове здароўя — праз адзін год.

Ва ўсіх ёсьць дастаткова часу, каб падрыхтавацца да новых моўных умоў жыцьця ў краіне. Або за іх невыкананьне плаціць штраф у памеры ад 3 400 да 5 100 грыўняў (ад 125 да 188 даляраў у эквіваленце на сёньняшні дзень).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG