Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Мірановіч: «У Беластоку на беларускую актыўнасьць глядзелі з падазрэньнем»


У рэдакцыі беластоцкай «Нівы»: галоўны рэдактар Яўген Мірановіч і журналістка Ганна Кандрацюк, 1990-я гады
У рэдакцыі беластоцкай «Нівы»: галоўны рэдактар Яўген Мірановіч і журналістка Ганна Кандрацюк, 1990-я гады

Сёньня другая частка размовы зь гісторыкам Яўгенам Мірановічам пра парлямэнцкія выбары ў Польшчы 4 чэрвеня 1989 году, якія запачаткавалі сыход камунізму ня толькі ў гэтай краіне, але і ва ўсёй Цэнтральнай Эўропе.

У гэтай гутарцы мы згадваем, як падляскія беларусы ў 1989 годзе сфармавалі Беларускі выбарчы камітэт і паставілі двух беларускіх кандыдатаў на гэтых выбарах на Беласточчыне: менавіта Яўгена Мірановіча ў Сэйм і Сакрата Яновіча ў Сэнат. І гаворым пра тое, што атрымалася зь беларускай палітычнай актыўнасьці ў Польшчы пазьней.

Як звычайна, тэкстам я даю толькі некаторыя фрагмэнты выказваньняў майго суразмоўніка. Поўная гутарка — у аўдыёфайле.

Чаму на выбары 1989 году беларусы пайшлі самастойна

Яўген Мірановіч выступае ў Бельску на Беласточчыне падчас выбарчай кампаніі 1989 г.
Яўген Мірановіч выступае ў Бельску на Беласточчыне падчас выбарчай кампаніі 1989 г.

«Мы толькі пасьпелі стварыць Беларускі клюб і арганізаваць некалькі сустрэчаў, на якіх найчасьцей гаварылі пра гісторыю, як раптам у Польшчы арганізавалі круглы стол і аб’явілі паўсвабодныя выбары. Тады таксама з Варшавы прагучала прапанова, каб кагосьці з нас, беларусаў, уключыць у выбарчы сьпіс кандыдатаў ад беластоцкай"Салідарнасьці».

Мы шукалі адказу на гэтую прапанову і прыйшлі да высновы, што «Салідарнасьць» ня надта папулярная ў беларускім асяродзьдзі. «Салідарнасьць» бачылася як арганізацыя клерыкальная і нацыяналістычная, лёзунгі якой у нечым нагадвалі санацыйны пэрыяд [даваеннай Польшчы — ЯМ], які ня надта добра ўспаміналі пажылыя людзі. Вяртаньня да тае эпохі ніхто не хацеў.

Таму нават калі б гэтая прапанова далучыцца да выбарчага сьпісу «Салідарнасьці» была сур’ёзная, добрага выніку мы не атрымалі б. Бо на такога беларускага кандыдата ў сьпісе «Салідарнасьці» на самай справе не галасавалі б ні палякі, ні беларусы. Адтуль наша рашэньне пайсьці на выбары самастойна».

Чаго дамагліся

«Спадзяваньняў на выйгрыш у гэтых выбарах, мне здаецца, не было ніякіх. Прынамсі я ня меў такіх ілюзій. Але мы дасягнулі таго, чаго хацелі дасягнуць — прадэманстравалі сваю прысутнасьць. Усе пабачылі бел-чырвона-белыя афішы амаль у кожным кутку Беласточчыны, у кожнай вёсцы і ў кожным мястэчку. (…)

Прытым, варта згадаць і тое, што мы не былі адзінымі, хто адрасаваў свае прапановы да беларускага асяродзьдзя. Праваслаўная Царква паставіла свайго кандыдата, нейкага Багдана Мартынюка, украінца з Варшавы, і праз царкоўныя структуры рэклямавала яго перш за ўсё як кандыдата з гэтак званага „нашага асяродзьдзя“. Ну і камуністы таксама паставілі кандыдата, прозьвішча і імя якога гучалі неяк па-беларуску.

Але, нягледзячы на гэта, Сакрат Яновіч атрымаў 25 тысяч галасоў, а я — каля 15 тысяч. Мы тады ацанілі, што як на пачатак — гэта вельмі аптымістычны вынік, і што на наступных выбарах напэўна будзе значна-значна лепш».

Дзеячы Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня і Беларускага народнага фронту, Белавежа, лета 1990 г.
Дзеячы Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня і Беларускага народнага фронту, Белавежа, лета 1990 г.

Чаму на наступных выбарах было значна-значна горш

«Мы стварылі партыю [Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне — ЯМ], якая мела сапраўды вельмі добрую, лібэральна-дэмакратычную праграму. Нашы прапановы для ўсходняй часткі Беластоцкага ваяводзтва былі аптымальныя — толькі не на той час. Усё тое, што мы прапанавалі тады, можна было рэалізаваць гадоў праз 10–15. А ў той час нашы прапановы былі незразумелыя для большасьці насельніцтва».

Кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч і галоўны рэдактар «Нівы» Яўген Мірановіч, Беласток, 1990-я
Кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч і галоўны рэдактар «Нівы» Яўген Мірановіч, Беласток, 1990-я

І яшчэ былі сваркі, бо ўсе хацелі перамагчы

«Рэальная беларуская палітыка на Беласточчыне закончылася ў 1991 годзе, калі прайшлі першыя цалкам свабодныя парлямэнцкія выбары і кампанію вяло Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне. Ты ў гэтым удзельнічаў і помніш, які тады быў энтузіязм. Была ўпэўненасьць, што два-тры месцы ў парлямэнце возьмем.

У выбарчым сьпісе было 10 ці 12 кандыдатаў, і ўсе хацелі змагацца за першае, другое і трэцяе месцы ў гэтым сьпісе. Усе былі перакананыя, што з гэтых месцаў напэўна ўвойдуць у Сэйм. Праца выбарчага камітэту, у якім было 20–25 актыўных чалавек, абмяжоўвалася да пастаянных сварак. Кантраляваць такую групу з 20–25 чалавек было немагчыма. Атмасфэра сваркі і змаганьня ўсіх з усімі не спрыяла кансалідацыі і дасягненьню нейкага палітычнага посьпеху. (…)

Людзі бачылі гэтыя сваркі і прагаласавалі на посткамуністаў — на Саюз левых дэмакратаў і яго лідэра Цімашэвіча».

Зянон Пазьняк з жонкай сярод дзеячоў беларускага руху ў Беластоку, другая палова 1990-х
Зянон Пазьняк з жонкай сярод дзеячоў беларускага руху ў Беластоку, другая палова 1990-х

Цуд, які беластоцкім беларусам зрабіў Ежы Гедройць

«За прысутнасьць нейкага беларускага навуковага фактару ў Беластоку мы змагаліся ад пачатку 1990-х гадоў. Наша змаганьне было безвыніковае. (…) І раптам здарыўся цуд.

Балятавацца ў прэзыдэнты Польшчы на другіх прэзыдэнцкіх выбарах захацеў Аляксандар Квасьнеўскі. І прытым ён палічыў, што яму было б добра зрабіць здымак зь вядомым публіцыстам і эміграцыйным дзеячам Ежы Гедройцем.

Гедройць штосьці там чуў пра нашую беларускую актыўнасьць на Беласточчыне. Ён меў сваю ідэю-фікс і сваё ўяўленьне палітычнага парадку ў Эўропе. Згодна зь яго лёгікай, добра было б, каб у Беластоку нейкі беларускі інтэлектуальны цэнтар існаваў.

Гедройць сказаў Квасьнеўскаму, што ён можа зрабіць зь ім здымак і паказацца зь ім разам, але пры ўмове, што ў Беластоку ўзьнікне такі цэнтар. Гэта ня сіла нашага асяродзьдзя, толькі голас Ежы Гедройця паўплываў на тое, што з Варшавы прыйшло распараджэньне, што ў Беластоку трэба нешта зрабіць.

Гэта ўсё рабілася супраць волі людзей, якія мелі вырашальны голас ў беластоцкім унівэрсытэце. Адам Ямраз, тагачасны рэктар Унівэрсытэту ў Беластоку, без энтузіязму, ды ўсё ж паспрыяў стварэньні Катэдры беларускай культуры ў Беластоку».

Што з гэтым цудам зрабілі беларусы

«Я напісаў праграму, якая спалучала філялягічную навуку з культуразнаўствам і журналістыкай. Праграма давала шырокія веды па паліталёгіі і гісторыі. (…) Атрымалася аднак так, што праграма была моцна абмежаваная ў структурах нашай катэдры і да яе таксама моцна адмоўна паставіліся людзі, якія працавалі на філялягічным факультэце, дзе наша катэдра была замацаваная. Ды яна ўсё ж пайшла ў рэалізацыю. І на першы курс, на які нам далі 30 месцаў, зьявіліся 80 кандыдатаў. (…)

Усё ішло ў добрым напрамку. Але, як заўсёды ў нашым асяродзьдзі, — а на філялёгіі працавала шмат беларусаў, — пачаліся пытаньні: а навошта нам на філялёгіі журналістыка, культуралёгія? Трэба, маўляў, дбаць пра чыстую філялягічную навуку. Гэтыя экспэрымэнты прывялі да таго, што зьліквідавалі ўсе нашы прадметы [выкладчыкаў Яўгена Мірановіча і Алега Латышонка — ЯМ]. Урэшце засталася адна беларуская філялёгія, і ў Катэдры беларускай культуры мы з Алегам заняткаў ужо ня мелі. (…) І ў выніку на філялёгію перасталі запісвацца студэнты — не хапіла кандыдатаў.

Зьмянілася таксама палітычная сытуацыя, зьмяніліся польска-беларускія дзяржаўныя адносіны. У самой Беларусі сытуацыя таксама была неспрыяльная, каб зацікавіць людзей вывучэньнем беларускай мовы. Пытаньне было: навошта вывучаць мову ў Беластоку, калі і ў Беларусі гэтая мова перастала быць сродкам кантактаў між людзьмі? (…) А іншыя прадметы на аснове беларускай мовы, якія давалі шырэйшыя веды, як журналістыка ці культуразнаўства, былі раней ліквідаваныя.

Працэс гэтай ліквідацыі прайшоў пры актыўным удзеле беларусаў, якія працавалі на філялягічным факультэце. Такія гульні, характэрныя для нашага асяродзьдзя, прывялі да таго, што людзі адабралі працу ад саміх сябе. Бо потым узьнікла пытаньне, што будзе зь месцамі працы гэтых людзей. Пытаньне хутка вырашылася — частку зь іх паслалі ў нікуды».

* * *

Яўген Мірановіч (нар. 1955) — гісторык, прафэсар Беластоцкага ўнівэрсытэту, дасьледнік беларуска-польскіх дачыненьняў, гісторыі беларускага нацыянальнага руху ды руху іншых нацыянальных меншасьцяў у Польшчы, а таксама найноўшай гісторыі Беларусі і Ўкраіны. Сярод іншага, апублікаваў кнігі: «Białorusini w Polsce 1944–1949» (1993), «Mniejszości narodowe w Polsce» (1998, у суаўтарстве), «Historia państw świata w XX wieku. Białoruś" (1999), «Polityka narodowościowa PRL» (2000), «Polityka zagraniczna Białorusi 1990–2010» (2011), «Polityka zagraniczna Ukrainy 1990–2010» (2012), «Wojna wszystkich ze wszystkimi. Białoruś 1941–1944» (2015).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG