Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ ў адной краіне грамадзкія пратэсты вымушаюць уладу саступіць


Улады Ганконгу адклалі разгляд законапраекту, які дазваляе экстрадыцыю жыхароў гораду ў мацерыковы Кітай — пасьля таго, як у сераду дзясяткі тысяч удзельнікаў акцый пратэсту заблякавалі будынак мясцовага заканадаўчага сходу, а таксама асноўныя вуліцы ў цэнтры гораду.

Паведамляецца, што ў шэрагу месцаў у цэнтры Ганконгу пратэстоўцы ўзьвялі барыкады. Адбыліся сутыкненьні з паліцыяй, якая ўжыла сьлезацечны газ супраць групы ўдзельнікаў пратэстаў, якая спрабавала штурмаваць заканадаўчы сход.

Шмат хто з жыхароў гораду ўдзельнічае ў сераду ў забастоўцы супраць прыняцьця законапраекту.

Калі цяпер будзе разгледжаны дакумэнт, невядома. Пасьля папярэдняй акцыі пратэсту ў нядзелю, якая сабрала, паводле шэрагу паведамленьняў, мільён чалавек, падкантрольныя Кітаю ўлады Ганконгу заяўлялі, што ня маюць намеру адмаўляцца ад сваіх плянаў.

Жыхары гораду выступаюць супраць законапраекту, паколькі асьцерагаюцца, што ён можа быць выкарыстаны для выдачы ў мацерыковы Кітай крытыкаў уладаў. Крытыкі законапраекту паказваюць на парушэньні правоў чалавека ў КНР і на непадабенства прававых сыстэм Ганконгу і мацерыковага Кітаю. Улады сьцьвярджаюць, што мэта законапраекту — выключна барацьба са злачыннасьцю.

Кітайскі сувэрэнітэт над Ганконгам быў адноўлены ў 1997 годзе, прычым горад атрымаў пэўную аўтаномію і гарантыю непахіснасьці існуючай прававой сыстэмы як найменш на 50 гадоў. Апошнім часам улады Кітаю, аднак, зрабілі шэраг крокаў, накіраваных на далейшае абмежаваньне аўтаноміі Ганконгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG