Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымская зона. Катаваньні і забарона на прафэсію — што адбываецца з валянтэрамі і журналістамі


Графіці з выявай Уладзіміра Пуціна ў Ялце
Графіці з выявай Уладзіміра Пуціна ў Ялце

Свабода завяршае цыкль публікацый пра сытуацыю ў анэксаваным Крыме. За што кідаюць у турмы апанэнтаў крамлёўскага рэжыму? Хто выкрадае крымскататарскіх актывістаў? Пра што пішуць манапалізаваныя СМІ? Куды падзецца ўкраінскім вернікам, пазбаўленым храмаў? Ці паўплывалі міжнародныя санкцыі на побыт крымчукоў? Мы некалькі дзён прабылі на паўвостраве і расказваем, што там убачылі.

Справа «падрыўнікоў» зь вялікай зямлі

Машына расейскага правасудзьдзя скіраваная найперш на тых, каго можна выгадна падаць — маўляў, прадухілілі тэрарыстычную пагрозу. Менавіта з гэтага шэрагу гучная справа «падрыўніка» Яўгена Панова і ягоных «падзельнікаў» — зь імі ён пазнаёміўся ўжо на судовым канвэеры.

Яўген Паноў падчас суду
Яўген Паноў падчас суду

Яўгена Панова арыштавалі ў жніўні 2016 году, калі ён перасякаў мяжу з боку мацерыковай часткі Ўкраіны. Пазьней суд абвінаваціў яго ў «падрыхтоўцы тэрактаў на тэрыторыі Крыму». Наступныя 8 гадоў ён будзе адбываць пакараньне ў калёніі строгага рэжыму ў Омску.

Паводле вэрсіі сьледзтва, напады сплянавала Галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны. Дзеля гэтага была створаная адмысловая група, якую меліся закінуць на паўвостраў, але ФСБ тую спробу спыніла. Яўген Паноў і яшчэ адзін «дывэрсант» Андрэй Захцей, асуджаны на 6,5 года, на судзе заяўлялі, што да іх неаднаразова ўжываліся катаваньні.

Пра ход справы «падрыўнікоў» зь вялікай зямлі расказаў Ігар Кацялянец — малодшы брат Яўгена Панова і ягоны грамадзянскі абаронца.

Брат «падрыўніка» Ігар Кацялянец, архіўнае фота
Брат «падрыўніка» Ігар Кацялянец, архіўнае фота

З Крымам іх сямʼю нічога ня зьвязвала. Яўген нарадзіўся і жыў у горадзе Энэргадары Запароскай вобласьці — гэта адрас самай магутнай атамнай электрастанцыі ў Эўропе. Як і бальшыня насельніцтва, працаваў у сыстэме горадаўтваральнага прадпрыемства — быў кіроўцам.

Калі пад ціскам Майдану ў Расею ўцёк тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, за ім рушылі і паплечнікі — Энэргадар застаўся бяз мэра і начальніка паліцыі, чальцоў уладнай «Партыі рэгіёнаў». Тым часам у лютым 2014-га пачалі паступаць трывожныя весткі з поўдня — актывізаваліся прарасейскія сілы ў Крыме. Сьледам дадаўся Данбас. Ва ўмовах безуладзьдзя ў горадзе паўстала мясцовая самаабарона, адным зь яе ініцыятараў быў Яўген Паноў.

Яўген Паноў, архіўнае фота
Яўген Паноў, архіўнае фота

«Самаарганізаваліся звычайныя гараджане, якія ня мелі ніякіх адносінаў да вайскоўцаў ці паліцыі, — удакладняе Ігар Кацялянец. — Наладзілі дзяжурствы, умацавалі падʼезды да гораду, некалькі разоў спынілі спробы ўварваньня ўзброеных груповак. А ў траўні быў вялікі прызыў, і тысячы добраахвотнікаў пайшлі ваяваць на Данбас. Яўгена не ўзялі — закон забараняе мабілізоўваць супрацоўнікаў такога важнага стратэгічнага абʼекта, як АЭС. Толькі пасьля таго, як наняў юрыста, яго адпусьцілі».

Роўна год, да жніўня 2015-га, Яўген Паноў быў добраахвотнікам украінскай арміі — як і дзясяткі тысяч ягоных суайчыньнікаў. Пасьля дэмабілізацыі заснаваў грамадзкую арганізацыю «Абаронцы Ўкраіны», бо на ўласным досьведзе пераканаўся: ахвотных абараняць радзіму шмат, а вось матэрыяльна-тэхнічная база кульгае на абедзьве нагі. Зьбіралі ў рэгіёне дапамогу, рамантавалі старыя бездарожнікі і ўсё гэта накіроўвалі на ўсход. З улікам актыўнасьці Паноў быў прызначаны ў гарадзкой радзе сябрам камітэту, які адказваў за дапамогу дэмабілізаваным байцам з зоны АТА і за іх рэабілітацыю.

Ілюстрацыйнае фота. Каардынатарка арганізацыі "Мэдыя-ініцыятыва па правах чалавека" Марыя Томак і брат палітвязьня Яўгенія Панова Ігар Кацялянец на акцыі пратэсту сваякоў палітвязьняў. Кіеў, 13 ліпеня 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Каардынатарка арганізацыі "Мэдыя-ініцыятыва па правах чалавека" Марыя Томак і брат палітвязьня Яўгенія Панова Ігар Кацялянец на акцыі пратэсту сваякоў палітвязьняў. Кіеў, 13 ліпеня 2017 году

Як з валянтэра зрабілі тэрарыста

Як згадвае Ігар Кацялянец, яшчэ ў мясцовай самаабароне ягоны брат некалькі разоў выяжджаў на акупаваныя тэрыторыі, каб вывезьці адтуль людзей, якім пагражалі сэпаратысты самаабавешчаных ДНР-ЛНР. Аналягічная місія чакала і ў Крыме, — працягвае ён.

«Запатрабавалася вывезьці нейкую сямʼю, якую прэсавалі эфэсбэшнікі. Ад Энэргадару туды гадзіны тры. Жэня, у чым быў, сеў у машыну і паехаў. Прайшоў КПП з украінскага боку, падʼехаў да расейскага, папрасілі выйсьці. І адразу ж атрымаў нечым цяжкім па галаве, страціў прытомнасьць — гэта мы пазьней дазналіся ад яго самога. Ачуняў у лужыне крыві. Наступныя ўспаміны — цягнуць у нейкі вагончык, затым надзяваюць на галаву мех і некуды вязуць. Кідаюць у падвал...»

Гэта здарылася ў ноч з суботы на нядзелю 7 жніўня 2016 году. Спробы сваякоў хоць нешта даведацца пра ягоны лёс плёну ня мелі, пакуль праз тры дні прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін асабіста ня выступіў з камэнтаром: «украінскія дывэрсанты» плянавалі ўзарваць шэраг абʼектаў інфраструктуры Крыму — яны абясшкоджаныя і паўстануць перад законам.

Ілюстрацыйнае фота. Ігар Кацялянец і каардынатарка Крымскай праваабарончай групы Вольга Скрыпнік на прэс-канферэнцыі ў Кіеве. 23 жніўня 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Ігар Кацялянец і каардынатарка Крымскай праваабарончай групы Вольга Скрыпнік на прэс-канферэнцыі ў Кіеве. 23 жніўня 2016 году

«У справе фігуравалі абʼекты па ўсім Крыме — заводы, паромы, кампаніі, якія пастаўляюць ваду, нават вайсковыя часткі, — кажа Ігар Кацялянец. — Спачатку заявілі, што ў групе было 15 чалавек, потым скарацілі да 9, празь нейкі час адрапартавалі пра чатырох затрыманых. Яўген фігураваў як кіраўнік дывэрсантаў... У нашу карціну сьвету падобны фільм-„баявік“ настолькі ня ўпісваўся, што мы падумалі пра аднафамільца. Нават Мінабароны заявіла: расейцы імітуюць чарговую прапагандысцкую гісторыю. Аказалася, што насамрэч Жэня...»

Наступныя дні прайшлі ў невядомасьці. Потым аказалася, што задняй датай на Панова аформілі адміністрацыйны пратакол за «нецэнзурную лаянку на вакзале» і перавезьлі ў СІЗА Сымфэропаля — была патрэбная афіцыйная падстава для затрыманьня. А ўжо там распачалі і крымінальную справу. Толькі праз два месяцы, скарыстаўшыся перапрызначэньнем сьледчых, да яго выпадкова трапіў адвакат і пасьпеў узяць пісьмовае тлумачэньне таго, што адбылося. Арыштант быў са сьлядамі зьбіцьця, рукі і ногі ў зялёных плямах.

«Чаму адвакатаў і не дапускалі — каб не было фіксацыі фактаў зьдзекаў, — кажа Ігар Кацялянец. — Але калі ліст трапіў да нас, мы яго скіравалі ў публічнае поле. Выявілася, што ў падвале яго катавалі чатыры дні, пакуль затрыманьне ня стала здабыткам галоснасьці. Не паілі, не кармілі, рэгулярна зьбівалі. Нацягвалі пакет на галаву, пагражаючы задушыць; пускалі ток, падлучаючы клемы да рук, ног і палавых органаў; палавыя органы зацікалі, трымаючы да пасіненьня; вывозілі ў поле, перазараджаючы зброю і імітуючы расстрэл. Гэта Жэня сам апісвае».

Яўген Паноў пасьля чарговага допыту. 11 жніўня 2016 году
Яўген Паноў пасьля чарговага допыту. 11 жніўня 2016 году

Усё дзеля таго, працягвае брат Яўгена Панова, каб той «добраахвотна» сказаў на камэру, што ён «украінскі дывэрсант», які плянаваў тэракты і гэтак далей, згодна з прыкладзеным сьпісам ад ФСБ. Паказаньні выбівалі ў літаральным сэнсе: відаць, што відэастужка «склееная». З кожным новым пунктам «прызнаньня» твар галоўнага героя ўсё больш апухаў.

Засакрэчаныя эфэсбэшнікі ў якасьці сьведак

У апошнія дні кастрычніка 2016 году, пасьля ўцечкі інфармацыі і рэакцыі міжнароднай супольнасьці, Яўгена Панова тэрмінова перавялі ў Маскву, у сьледчы ізалятар Ляфортава. Там ён прабыў да лютага 2017-га, а потым яго зноў вярнулі ў Сімфэропаль, падоўжыўшы меру стрыманьня. Летась у красавіку Вярхоўны суд «Рэспублікі Крым» распачаў закрыты працэс.

«Супраць Жэні сабралі 46 сьведак, амаль усе — засакрэчаныя эфэсбэшнікі, — кажа Ігар Кацялянец. — Давалі паказаньні па відэасувязі з закрытым тварам і зьмененым голасам. Наўрад ці калі нават даведаемся, што гэта за людзі і што яны казалі за зачыненымі дзьвярыма. Але гэта фактычна ўсё, на чым будавалася абвінавачваньне. Два гады расьцягвалі справу, спадзеючыся на пакаяньне, але брат сказаў, што ня пойдзе ні на якую супрацу, хай атрымае нават 20 гадоў, як яшчэ адзін „падрыўнік“ Алег Сянцоў, чым пастаянна палохалі ў СІЗА. У выніку далі 8 гадоў».

Маці Яўгена Панова Вера Кацялянец каля крымскага Вярхоўнага суду. Сімферопаль, 5 сьнежня 2017 году
Маці Яўгена Панова Вера Кацялянец каля крымскага Вярхоўнага суду. Сімферопаль, 5 сьнежня 2017 году

Сам Ігар Кацялянец лічыць, што брата элемэнтарна «падставілі», завабіўшы ў крымскую пастку. У валянтэрскім руху ва Ўкраіне дзясяткі тысяч чалавек — сярод іх, перакананы Ігар, хапае агентаў расейскіх спэцслужбаў. Прынамсі тыя, хто нібыта прасіў дапамогі, так і ня выйшлі на сувязь, каб пацікавіцца лёсам ратавальніка. Затое крамлёўская прапаганда тэму «ўкраінскіх падрыўнікоў» адпрацавала напоўніцу: хіба можна весьці перамовы з краінай, якая спрыяе тэрарызму? І такіх прапагандысцкіх ахвяраў расейскае грамадзтва патрабуе рэгулярна.

Як журналіст зрабіўся пагрозай тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі

Мікалай Сямена — журналісцкая легенда Крыму. Налета ён адзначыць 70-годзьдзе, але вось ужо амаль тры гады яму нельга займацца справай, якой аддаваўся апошнія паўстагодзьдзя.

Мікалай Сямена
Мікалай Сямена

У красавіку 2016-га пракуратура Крыму распачала крымінальную справу супраць аўтара ўкраінскай газэты «День» і свабодаўскага праекту «Крым. Рэаліі» — ад моманту анэксіі гэта быў першы выпадак, калі супрацоўніку мас-мэдыя пагражаў рэальны тэрмін.

Тагачасная пракурор Крыму Натальля Паклонская абвінаваціла Мікалая Сямену ў закліках да «парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі», што нібыта вынікала зь ягоных матэрыялаў. У ягоным доме супрацоўнікі ФСБ учынілі ператрус, канфіскавалі аргтэхніку.

22 верасьня 2017 году ў Сымфэропалі быў агучаны прысуд: два з паловай гады ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам тры гады і забаронай займацца публічнай дзейнасьцю на тры гады. Мікалай Сямена сьцьвярджае, што ўсяго толькі рэалізоўваў права на свабоднае выказваньне меркаваньня.

«У верасьні 2015 году я напісаў артыкул „Блякада — першы неабходны крок да вызваленьня Крыму“. Здаецца, ніхто не зьвярнуў асаблівай увагі. Але потым стала заўважна, што ФСБ пачало сачыць за журналістамі — і ў сацсетках, і рэальна. Я назваў гэта ўзорам непрафэсіяналізму. Навошта траціць рэсурсы? Купляй газэту, чытай, рабі высновы. Журналісты — не разьведчыкі, нас не вучылі кансьпірацыі, гэта лёгкая здабыча. Бо ім жа трэба адсправаздачыцца ў Маскву, колькі злавілі шпіёнаў, лазутчыкаў. Думаю, гэты артыкул стаў каталізатарам, і неўзабаве да мяне прыйшлі...»

Мікалай Сямена зьвяртае ўвагу: артыкул аб «Парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі» зьявіўся ў Крымінальным кодэксе Расеі задняй датай — толькі пасьля анэксіі Крыму.

«На судзе мы праводзілі некалькі ліній, — кажа былы падсудны. — Па-першае, ніякіх „заклікаў“ не было. Па-другое, нават каб яны і былі, Крым не належыць Расеі. Па-трэцяе, тэрытарыяльную цэласнасьць парушылі якраз расейскія ўлады — прэзыдэнт, Дзярждума, Савет Фэдэрацыі, Мінабароны, якія ўхвалілі незаконнае прырошчваньне сваёй тэрыторыі. Але нам было даведзена, што Канстытуцыя РФ мае найвышэйшую юрыдычную сілу, а там запісана, што Крым належыць Расеі. Вось і ўсё».

Зрэшты, адвакаты ўсё ж знайшлі супярэчнасьці, на якіх можна было згуляць. У Асноўным Законе Расейскай Фэдэрацыі чорным па белым запісана: калі нормы ўнутранага заканадаўства супярэчаць міжнароднаму праву, прыярытэт аддаецца апошняму. Асабліва з улікам таго, што «крымскі пункт» Канстытуцыі прымаўся пазьней за шматбаковыя дамоўленасьці, якія Масква падпісалася «безумоўна выконваць».

Менавіта на гэтай падставе падчас разгляду апэляцыі Вярхоўны суд «Рэспублікі Крым» часткова зьмякчыў пакараньне Мікалаю Сямену, скараціўшы тэрмін забароны на прафэсію да двух гадоў. Усё астатняе засталося ў сіле. Такім чынам, сёлета ў сьнежні, калі ня здарыцца якога форс-мажору, апальны журналіст зноў можа вярнуцца ў прафэсію.

Апытваюць суседзяў, як сябе паводзіць умоўна асуджаны

Мікалай Сямена
Мікалай Сямена

«Ад моманту прысуду я нідзе афіцыйна не публікаваўся. Ніякай актыўнасьці на маёй старонцы ў Facebook — пра мяне нешта пішуць, але ня больш за тое. Двойчы на месяц — першы і чацьвёрты панядзелак — хаджу да інспэктара, якога за мной замацавалі. На мне вісяць дзьве справы: адна па выпрабавальным тэрміне, другая па забароне. Даюць дзьве анкеты, раблю справаздачу: адміністрацыйных парушэньняў не было, забарону на публічную дзейнасьць не парушаў. Штоквартальна інспэкцыя прыходзіць з праверкай, апытваюць суседзяў, як сябе паводзіць умоўна асуджаны», — распавядае пра свой цяперашні побыт журналіст.

Мікалай Сямена нарадзіўся ў 1950 годзе ў Чарнігаўскай вобласьці на сумежжы зь Беларусьсю. Яшчэ школьнікам пачаў працаваць у мясцовай газэце. Адвучыўся на факультэце журналістыкі Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі. Працуючы ў Запароскай вобласьці, скончыў аддзяленьне журналістыкі Вышэйшай партыйнай школы і пераехаў у Крым.

Кіраваў мясцовымі газэтамі ў Судаку і Сымфэропалі. На пачатку 1990-х стаў уласным карэспандэнтам расейскай газэты «Известия», калектыў якой заявіў пра незалежнасьць ад партыйных інстанцый. Празь нейкі час карпункты пачалі скарачаць, і Сямена пачаў супрацоўнічаць спачатку з тыднёвікам «Зеркало недели», а пасьля з газэтай «День».

2017 год. Старшыня Савета міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым Віктар Плакіда ўручае Мікалаю Сямену ўзнагароду лепшага журналіста Крыму. 20 сьнежня 2007 год
2017 год. Старшыня Савета міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым Віктар Плакіда ўручае Мікалаю Сямену ўзнагароду лепшага журналіста Крыму. 20 сьнежня 2007 год

Займаўся ня толькі апэратыўнай інфармацыяй: у 2010 годзе была выдадзеная ягоная кніга «Мустафа Джэмілёў — чалавек, які перамог сталінізм». Цяпер і ён, і ягоны герой — асобы, якія раздражняюць прарасейскае кіраўніцтва Крыму.

У 2014 годзе Сямена стаў адным зь нямногіх незалежных журналістаў, хто прыняў рашэньне застацца на паўвостраве.

«Пачынаючы ад лютага 2014 году, гэта быў, бадай, самы напружаны пэрыяд за ўвесь час маёй працы, — лічыць журналіст. — Я даваў кожны тыдзень па два-тры матэрыялы ў газэту „День“ і штодня па тры-чатыры рэпартажы на „Крым. Рэаліі“. Яшчэ падчас сьледзтва, да суду, у Кіеве выдалі маю кнігу „Крымскі рэпартаж“ (хронікі акупацыі 2014–2016), у якую ўвайшлі 80% публікацый таго часу — пад 1000 старонак тэксту».

Дзярждэпартамэнт ЗША, кіроўныя структуры Эўразьвязу, МЗС Украіны і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі асудзілі перасьлед Мікалая Сямены паводле прафэсійнай прыкметы і далейшую забарону на працу.

* * *

Палітзьняволеных грамадзян Украіны, якія адбываюць пакараньне паводле вэрдыктаў расейскіх судоў, прыкладна 100 чалавек — лічба вагаецца ад 90 да 120. Адзінага дзяржаўнага сьпісу няма, праваабаронцы дапускаюць выключэньні. Некалькі гадоў актывісты дамагаюцца прыняцьця закону аб статусе «закладнікаў, якія перасьледуюцца паводле палітычных матываў». Папярэдні прэзыдэнт Пятро Парашэнка абяцаньняў ня выканаў, ягоны наступнік Уладзімір Зяленскі запэўнівае, што паспрыяе пасьля абраньня новага складу Вярхоўнай Рады. Пакуль жа зь юрыдычнага гледзішча палітзьняволеныя нічым не адрозьніваюцца ад звычайных крымінальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG