Лінкі ўнівэрсальнага доступу

39,9 гадоў — сярэдні ўзрост чальцоў ураду Ўкраіны. Хто яны?


Першая сэсія Вярхоўнай рады Ўкраіны. 29 жніўня 2019.
Першая сэсія Вярхоўнай рады Ўкраіны. 29 жніўня 2019.

Вярхоўная рада Ўкраіны патрымала ўсе кандыдатуры, вылучаныя прэзыдэнтам у межах ягоных паўнамоцтваў на пасады кіраўнікоў Міністэрства абароны, Міністэрства замежных спраў і Службы бясьпекі Ўкраіны.

Міністар абароны — з цывільных

Андрэй Загараднюк
Андрэй Загараднюк

Міністэрства абароны ачоліў 44-гадовы Андрэй Загараднюк. Ён ня ёсьць вайскоўцам і ў войску ніколі не служыў. Да прызначэньня міністрам абароны працаваў пазаштатным дарадцам Зяленскага і ягоным прадстаўніком у назіральнай радзе канцэрну «Укроборонпром». Вучыўся ў Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі і ў Оксфардзе. Больш як 16 гадоў працаваў на кіроўных пасадах прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасьці.

З пачатку расейскай агрэсіі на Данбасе ў 2014 годзе як валянтэр дапамагаў Узброеным сілам, а ў 2015-2017 гадах узначальваў Праектны офіс рэформаў пры Міністэрстве абароны. Галоўнымі задачамі на пасадзе міністра абароны назваў рэфармаваньне войска і далейшае ўкараненьне стандартаў NATO, вырашэньне сацыяльных праблемаў вайскоўцаў і ліквідацыю карупцыйных схемаў у абаронным комплексе.

Кіраўнік МЗС — з дыпляматаў

Вадзім Прыстайка
Вадзім Прыстайка

Міністрам замежных спраў Украіны зацьверджаны 49-гадовы Вадзім Прыстайка. Нарадзіўся ў Адэскай вобласьці, скончыў Кіеўскі палітэхнічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Інфармацыйныя тэхналёгіі». Сваю прафэсійную дзейнасьць пачынаў у прыватным сэктары — заснаваў адну зь першых ва Ўкраіне кампанію-правайдэр і інтэрнэт-выданьне «Электронные вести». Пазьней скончыў Украінскую акадэмію зьнешняга гандлю і пачаў працаваць дыпляматам — консулам, часовым павераным і амбасадарам. У 2009-м працаваў у місіі пасольства Ўкраіны ў ЗША, потым — амбасадарам у Канадзе. Са сьнежня 2014 году — намесьнік міністра замежных спраў Украіны, а ў 2017-ым — кіраўнік місіі Ўкраіны пры NATO.

У сваёй дзейнасьці на пасадзе кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства паабяцаў кіравацца правілам чатырох «П» — прафэсіяналізм, патрыятызм, прыстойнасьць, прагматызм.

«Мы са зброяй у руках адстаялі права на існаваньне і незалежную вонкавую палітыку. Мы ўсьвядомілі горкую праўду — пра братэрства з поўначы і гарантыі бясьпекі з захаду. Мы дакладна заяўляем пра свае амбіцыі на справядлівае пераразьмеркаваньне рэсурсаў у сьвеце. Цяпер дыпляматычная служба Ўкраіны мусіць падняцца на іншы ўзровень — зрабіць практычны ўклад у разьвіцьцё нашай дзяржавы, эканомікі і культуры», — заявіў Вадзім Прыстайка.

Кіраўнік СБУ — з «Кварталу 95»

Іван Баканаў
Іван Баканаў

Кіраўніком Службы бясьпекі Ўкраіны прызначаны 45-гадовы Іван Баканаў. Нарадзіўся ў Крывым Рагу Днепрапятроўскай вобласьці. Блізкі сябар Уладзіміра Зяленскага і ягоны бізнэс-партнэр па студыі «Квартал 95».

З чэрвеня 2019 году выконвае абавязкі кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны. Мае эканамічную і юрыдычную адукацыю — у 1997 годзе скончыў Кіеўскі нацыянальны эканамічны ўнівэрсытэт, а ў 2006-м — Акадэмію працы і сацыяльных дачыненьняў Фэдэрацыі прафсаюзаў Украіны.

«Насамрэч, праца Служба бясьпекі Ўкраіны — вельмі простая. Мы павінны забясьпечыць справядлівае разьмеркаваньне асноўных сацыяльных благаў, законнасьць і справядлівасьць. Як гэта зрабіць? Для гэтага трэба жыць паводле законаў і кіравацца прынцыпамі, а не "паняцьцямі". І для гэтага мы ўсе мусім рэфармавацца, у тым ліку і СБУ. Улада толькі тады ўлада, калі яна мае сьмеласьць ісьці супраць сябе дзеля правоў і асноўных свабодаў людзей», — заявіў Іван Баканаў у парлямэнце.

Іван Баканаў паабяцаў, што найбліжэйшым часам будзе ініцыяваць новы закон аб СБУ, які дазволіць дэмілітарызаваць гэтую спэцслужбу, ліквідуе існуючую канкурэнцыю між праваахоўнымі і іншымі спэцыяльнымі службамі: «Гэта дазволіць стаць нам (Службе бясьпекі — РС) тэхналягічнымі, хуткімі, магутнымі, але невялікімі».

Упершыню за гісторыю незалежнасьці Ўкраіны ўрад ачоліць наймаладзейшы палітык — 35-гадовы Аляксей Ганчарук

Аляксей Ганчарук
Аляксей Ганчарук

Аляксей Ганчарук нарадзіўся ў мястэчку Гарадня Чарнігаўскай вобласьці. Пасьля атрыманьня адукацыі ў Інстытуце права Міжрэгіянальнай акадэміі кіраваньня пэрсаналам працаваў юрыстам на Гараднянскім заводзе харчовых тавараў. Пазьней скончыў Акадэмію дзяржаўнага кіраваньня пры прэзыдэнце Ўкраіны. Мае ступень доктара юрыдычных навук, займаўся абаронай правоў інвэстараў.

Пачаў займацца палітыкай пасьля Рэвалюцыі годнасьці — на выбарах у парлямэнт у 2014 годзе ён балятаваўся ў дэпутаты ад партыі «Сіла людзей». Але гэтая палітычная сіла тады не пераадолела выбарчы бар’ер, атрымаўшы падтрымку толькі 0,11% выбарнікаў.

Не атрымаўшы дэпутацкага мандату, ён працаваў спачатку дарадцам міністра экалёгіі і прыродных рэсурсаў Ігара Шаўчэнкі, а пазьней — міністра эканамічнага разьвіцца і гандлю Сьцяпана Кубіва.
З 2015 па 2019 год узначальваў Офіс эфэктыўнага рэгуляваньня — гэта незалежны цэнтар, які фінансаваўся Эўразьвязам і працаваў над паляпшэньнем бізнэс-асяродзьдзя і інвэстыцыйнай прывабнасьці Ўкраіны.

Пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Уладзіміра Зяленскага далучыўся да ягонай каманды — прэзыдэнт Украіны прызначыў яго намесьнікам кіраўніка Офісу прэзыдэнта, а празь месяц Аляксей Ганчарук увайшоў у склад Нацыянальных рад — па інвэстыцыях і па барацьбе з карупцыяй.

Спадчына папярэдняга прэм’ера Гройсмана

Пасьля прызначэньня кіраўнікоў дзяржаўных органаў па квоце прэзыдэнта Вярхоўная Рада Ўкраіна цалкам сфармавала склад ураду, у якім прадоўжаць працу два міністры з ураду Ўладзіміра Гройсмана — міністар унутраных спраў Арсен Авакаў і міністарка фінансаў Аксана Маркарава.

У склад ураду, апроч прэм’ер-міністра, увайшлі два намесьнікі прэм’ер-міністра (віцэ-прэм’еры ў пытаньнях эўраінтэграцыі Дзьмітры Кулеба і ў пытаньнях лічбавай трансфармацыі Міхайла Фёдараў), і 15 міністраў. Сярэдні ўзрост чальцоў ураду складае 39,9 гадоў.

Наймалодшыя — віцэ-прэм’ер у пытаньнях лічбавай трансфармацыі Міхайла Фёдараў (28 гадоў) і міністарка адукацыі Ганна Навасад (29 гадоў). Найстарэйшыя — міністар унутраных спраў Арсен Авакаў (55 гадоў) і міністарка абшчынаў, тэрыторый і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Алёна Бабак (50 гадоў).У складзе ўраду будуць працаваць 12 мужчын і шасьцёра жанчын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG