Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ завяршыў справу экс-намесьніка сакратара Савету бясьпекі Ўцюрына. Разам 16 абвінавачаных


Былы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Уцюрын, архіўнае фота
Былы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Уцюрын, архіўнае фота

Сьледчае ўпраўленьне КДБ завяршыла папярэдняе расьсьледаваньне крымінальнай справы па шматлікіх фактах атрыманьня і даваньня хабару ў ходзе паставак у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, кампутарнай тэхнікі і праграмнага забесьпячэньня, паведаміла прэс-служба КДБ.

Адным з абвінавачаных у гэтай справе — былы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Уцюрын. Яго абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў агульнай суме ня менш за 190 000 даляраў ЗША і ў падбухторваньні да даваньня хабару.

Разам фігурантаў крымінальнай справы шаснаццаць, 8 зь іх — службовыя асобы дзяржаўных органаў і банкаўскіх установаў, яшчэ 8 — прадстаўнікі камэрцыйных структураў. Ім выстаўлена абвінавачаньне паводле арт. 430 і 431 (атрыманьне і даваньне хабару) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Усяго ў межах крымінальнай справы толькі ў хабарнікаў сканфіскавана больш за 1 650 000 даляраў ЗША (у тым ліку ў аблігацыях), 62 000 эўраў, больш за 1 кг золата.

Чыноўнікі бралі хабар за заключэньне дамоваў на пастаўкі Wi-Fi-роўтэраў для абанэнтаў і маршрутызатараў для вузлоў сувязі «Белтэлекаму», працы з банкаўскімі сыстэмамі, закупку ліцэнзіяў і іншае.

Хто фігуруе ў справе

Акрамя Ўцюрына, у атрыманьні хабару абвінавачваюцца:

  • Фелікс Касьпяровіч, старшыня праўленьня ААТ «Беларускі міжбанкавы разьліковы цэнтар».
  • Андрэй Падгорны, намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгіяў Нацыянальнага банку (Касьпяровіча і Падгорнага абвінавачваюць у сумесным атрыманьні хабару на суму ня менш за 868 750 даляраў ЗША).
  • Ігар Кудасаў, начальнік Галоўнага ўпраўленьня плацежнай сыстэмы і лічбавых тэхналёгіяў Нацыянальнага банку, абвінавачваецца ў атрыманьні хабару агулам ня менш чым на 30 000 даляраў.
  • Юры Зданевіч, дырэктар РУП «Інфармацыйна-вылічальны цэнтар Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусі», у атрыманьні хабару агулам на 82 500 даляраў.
  • Аляксей Мілаванаў, начальнік упраўленьня інфармацыйнай бясьпекі Дэпартамэнту бясьпекі ААТ «АСБ „Беларусбанк“», у атрыманьні хабару агулам у 27 000 даляраў.
  • Сяргей Сівадзедаў, генэральны дырэктар РУП «Белтэлекам», у атрыманьні хабару ў суме ня менш за 470 000 даляраў ЗША і 15 000 эўраў.
  • Юры Панамароў, выканаўчы дырэктар ААТ «Банк БелВЭБ», у атрыманьні хабару ў агульнай суме 13 000 даляраў, а таксама атрыманьні выгады маёмаснага характару на суму 1 000 фунтаў стэрлінгаў.

У даваньні хабару абвінавачваюцца:

  • Уладзімер Жылін, фактычны кіраўнік ТАА «Мабільны сэрвіс», у даваньні хабару на суму ня менш як 900 250 даляраў.
  • Сяргей Пакрышка, суўладальнік і адзін з фактычных кіраўнікоў ТАА «Солідэкс ПІ» і ТАА «Солідэкс» (Менск), у даваньні хабару на суму ня менш за 195 000 даляраў ЗША.
  • Міхаіл Прыгара, прадстаўнік ЗІУП «АМТ-Груп Інтэрнэшнл», у даваньні хабару агулам на 285 000 даляраў.
  • Сяргей Шаркоў, грамадзянін Латвіі, суўладальнік СТАА «ДПА», у даваньні хабару на суму ня менш як 53 000 даляраў.
  • Аляксандар Край, прадстаўнік ТАА «Мабільны сэрвіс», у даваньні хабару на суму 13 000 даляраў і даваньні выгады маёмаснага характару на суму 1000 фунтаў стэрлінгаў,
  • Віталій Гарбачоў і Ўладзімір Казанцаў, прадстаўнікі кампаніяў «Смартлабс» і «УГМК-Тэлекам», грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, абодва — у даваньні хабару на суму ня менш як 190 000 даляраў.
  • Уладзімер Томчанка, дырэктар ТАА «ТТ-Сувязьком» (Менск), у даваньні хабару на суму ня менш за 9 000 даляраў.

Як разгортваліся падзеі

Інфармацыя пра затрыманне дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі, былога начальніка службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі Андрэя Ўцюрына, зьявілася ў СМІ і тэлеграм-каналах 29 красавіка.

Пра тое, што кіраўнік Беларусі звольніў палкоўніка Андрэя Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі «за правіны, якія дыскрэдытуюць званьне вайскоўца», стала вядома ўвечары 30 красавіка. А адпаведны ўказ датаваны 24 красавіка.

Расейскія мэдыя сьцьвярджалі са спасылкай на «абазнаныя крыніцы», што Ўцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «зьлівы» інфармацыі расейскім спэцслужбам. У КДБ Беларусі не камэнтавалі гэтай інфармацыі.

4 траўня КДБ Беларусі паведаміў, што Ўцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ў 148,6 тысячы даляраў ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры за садзеяньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Беларусі. Яму выстаўлена абвінавачаньне ў атрыманьні хабару (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Пазьней Лукашэнка заявіў, што Ўцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бясьпекі.

Хто такі Ўцюрын

Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расеі, а ў 2002 — Акадэмію МУС Беларусі. Ад 1995 — у службе аховы Лукашэнкі, ад 2007 — ейны кіраўнік. Займаў гэтую пасаду цягам 7 гадоў — даўжэй за ўсіх іншых кіраўнікоў. Узнагароджаны ордэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме».

У 2010 годзе казаў, што на загад Аляксандра Лукашэнкі займаўся дастаўкай у Менск уцеклага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Палкоўнік Андрэй Уцюрын быў прызначаны намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі ў 2014 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG