Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дамовіліся дамаўляцца». Што будзе зь менскім працэсам пасьля перамоў Пуціна і Зяленскага


Зьлева направа: прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. 9 сьнежня, Парыж
Зьлева направа: прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. 9 сьнежня, Парыж

Сустрэча ў нармандзкім фармаце для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе яшчэ раз прадэманстравала, што Ўкраіна і Расея па-рознаму тлумачаць менскія дамоўленасьці, падпісаныя па выніках першай такой сустрэчы ў Менску ў 2015 годзе.

«Дамовіліся дамаўляцца», — заявіў па выніках саміту нармандзкай чацьвёркі і перамоваў з Уладзімірам Пуціным прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Галоўная супярэчнасьць — у пасьлядоўнасьці правядзеньня выбараў у не падкантрольных Кіеву раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей і перадачы Ўкраіне кантролю над расейска-ўкраінскай мяжой на акупаваным Данбасе — не пераадоленая.

Ці варта чакаць «перазагрузкі» менскага працэсу?

Кіеў прапануе пашырыць кола перамоўнікаў

Расея настойвае на наўпроставых перамовах Кіева і прадстаўнікоў гэтых званых «народных рэспублік», якіх Украіна не прызнае, а лічыць марыянэткамі Крамля.

У адказ украінскі бок прапанаваў свой варыянт — на пляцоўцы менскай Трохбаковай кантактнай групы мае быць створаная дадатковая плятформа, у межах якой сваё бачаньне працэсу ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе павінны сфармуляваць і тыя грамадзяне, што вымушаныя былі пасьля пачатку баявых дзеяньняў выехаць на падкантрольную Кіеву тэрыторыю.

Падчас саміту нармандзкай чацьвёркі. Зьлева направа: прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель
Падчас саміту нармандзкай чацьвёркі. Зьлева направа: прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель

«Чаму там толькі тыя (прадстаўнікі „ЛДНР“. — РС)? А дзе ўсе, хто зьехаў? І тады ў нас будзе больш-менш справядлівая гісторыя. Бо тыя прадстаўнікі ў Менску ёсьць, а дзе прадстаўнікі эліты Данецкай і Луганскай абласей, якія пакінулі гэтыя тэрыторыі? Лічу, што яны таксама мусяць прысутнічаць», — сказаў украінскім журналістам Уладзімір Зяленскі пасьля агульнай прэсавай канфэрэнцыі зь лідэрамі Францыі, Нямеччыны і Расеі.

Украінскі прэзыдэнт перакананы, што шляхі разьвязаньня сытуацыі на Данбасе мусяць узгадняцца ня толькі з прадстаўнікамі так званых «ЛДНР», але і з тымі жыхарамі Данбасу, якія вымушаны былі пакінуць на Данбасе сваю маёмасьць, жыльлё ды бізнэс: «Чаму зь імі не ўзгадняць? Усе сказалі, што ёсьць у гэтым пэўны сэнс, прыйдзем да гэтага пытаньня, будзем абмяркоўваць».

Але калі і якім чынам будзе мяняцца структура перамоўных бакоў у Менску, пакуль не абвешчана.

Экспэртка: перамовы ў Менску працягнуцца

Колішняя прадстаўніца Ўкраіны ў Трохбаковай кантактнай групе ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе Вольга Айвазоўская заявіла ў інтэрвію Свабодзе, што менскія дамоўленасьці не прадугледжваюць пэўнай пасьлядоўнасьці крокаў, на якія раней пагадзіліся бакі:

«У лічбавым фармаце такія тэзы ў дамоўленасьцях адсутнічаюць.Таму трактаваць выкананьне можна па-рознаму, што, відавочна, і робіць украінскі бок, укладаючы ў гэты працэс прававую і дэмакратычную лёгіку, а Расея — свой прыватны інтарэс як краіны-агрэсаркі».

Вольга Айвазоўская мяркуе, што перафарматаваньне менскай пляцоўкі паводле прапановаў Уладзіміра Зяленскага можа адбыцца толькі ў выпадку згоды ўсіх бакоў працэсу.

«Трэба правесьці адпаведныя кансультацыі з удзелам мадэратараў працэсу з боку АБСЭ, і стан, які цяпер, не дае сьцьвярджаць, што будзе зьмененая канфігурацыя груп за кошт гарызантальнага прадстаўніцтва».

Паводле Айвазоўскай, менскі перамоўны працэс ня будзе спынены, бо зьяўляецца адным са складнікаў нармандзкага фармату.

«Менскі працэс немагчыма ацэньваць асобна. Таму якія-кольвек дамоўленасьці і рух наперад зьяўляюцца станоўчым і эфэктыўным вынікам. Відавочна, што эфэкт і жаданьні бакоў розныя, але, тым ня менш, нават мінімальныя дамоўленасьці ў гуманітарным блёку — ужо прагрэс», — сказала Вольга Айвазоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG