Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шакавалі, але не пераканалі. Як ва Ўкраіне адрэагавалі на вынікі расьсьледаваньня справы Паўла Шарамета


На месцы забойства Паўла Шарамета. Кіеў, 20 ліпеня 2016 году
На месцы забойства Паўла Шарамета. Кіеў, 20 ліпеня 2016 году

13 сьнежня суд у Кіеве вынесе вэрдыкт аб выбары меры стрыманьня для падазраваных у забойстве журналіста Паўла Шарамета. Абвінавачаньне просіць безальтэрнатыўнае трыманьне пад вартай. Уначы праваахоўнікі правялі ператрус яшчэ ў двух вядомых ва Ўкраіне валянтэраў.

Ва ўкраінскім грамадзтве абнародаваньне вынікаў расьсьледаваньня ўспрынялі недназначна — адны перакананыя ў бясспрэчнасьці датычнасьці да злачынства пяцёх падазраваных, іншыя — у тым, што ўлада пачала масавую кампанію дыскрэдытацыі абаронцаў тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і валянтэраў, якія дапамагалі спачатку на Эўрамайдане, а потым і фронту.

Калегі Шарамета: «Будзем праводзіць сваё сьледзтва»

Сяўгіль Мусаева, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Українська правда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павал Шарамет і якое першым ва Ўкраіне паведаміла аб затрыманьні першых падазраваных, мяркуе, што сьледзтва не адказала на пытаньне аб магчымым замоўніку забойства:

Сяўгіль Мусаева
Сяўгіль Мусаева

«Пакуль нельга сьцьвярджаць, што расьследаваньне завершана. У ім пакуль шматкроп’е. У нас у рэдакцыі паўсталі пытаньні. Для нас незразумелым застаецца, хто замоўнік гэтага забойства, ягоныя матывы і матывы выканаўцаў — у чым была зацікаўленасьць тых людзей, імёны якіх назвала сьледзтва, бо той мэты, якую абнародавалі, — дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне, не дасягнулі».

Паводле яе, у рэдакцыі абнародаваныя факты выклікалі шок, як і ва ўсім грамадзтве:

«Мы іх успрымаем асьцярожна і будзем праводзіць сваё, незалежнае сьледзтва, каб не дапусьціць ніякіх маніпуляцый».

Беларускі добраахвотнік: «Забойства Шарамета зьвязана зь ягонай дзейнасьцю ва Ўкраіне»

Беларускі добраахвотнік Ян Мельнікаў служыў у адным батальёне з затрыманымі Ўладзіславам і Інай Грышчанкамі, а таксама ведаў валянтэрку Яну Дугар. У размове са Свабодай ён адмовіўся ацэньваць вэрсію сьледзтва і расказваць пра імаверных фігурантаў справы. Кажа, што абнародаваная інфармацыя пакуль ня выклікала ў яго ніякіх эмоцый:

Ян Мельнікаў
Ян Мельнікаў

«Я чакаю, калі адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя, на якой пакажуць дакумэнты, на якіх базуецца пазыцыя сьледзтва. Адзінае, што магу сказаць, я перакананы, што сьмерць Паўла Шарамета зьвязана зь ягонай дзейнасьцю ва Ўкраіне, і я не лічу, што злачынства мае расейскі ці беларускі сьлед».

У адрозьненьне ад траіх затрыманых учора падазраваных, добраахвотнікаў Уладзіслава і Іну Грышчанка не абараняюць нават найбліжэйшыя сябры — бо ў іхным «арсэнале» быў не адзін падрыў у іншых справах.

Яшчэ адна вядомая ва Ўкраіне валянтэрка Яна Зінкевіч, выбраная ў Вярхоўную Раду Ўкраіны дэпутатам ад партыі Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць», пераканана ў недатычнасьці сваёй калегі Яны Дугар да рэзананснага злачынства. На старонцы ў Facebook яна апублікавала даведку, якая сьведчыць пра тое, што на момант забойства Паўла Шарамета тая знаходзілася якраз у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі.

Адвакат: «Няма ўпэўненасьці, што не памыліліся»

Адвакатка Яўгенія Закрэўская, якая абараняе сваякоў загінулых у справе пра забойствы на Майдане, мяркуе, што такая вэрсія мае права на жыцьцё:

Яўгенія Закрэўская
Яўгенія Закрэўская

«Але яе трэба правяраць, адпрацоўваць, шукаць, правяраць сувязі, вызначаць замоўніка, фіксаваць доказы. Як вэрсія — так. Але для рэалізацыі, для падазрэньняў гэтага нерэальна мала. І ніякай упэўненасьці, што не памыліліся».

Юрыстка таксама зьвярнула ўвагу на тое, што датычнасьць затрыманых да злачынства была вызначана на падставе комплекснай экспэртызы, якая супастаўляла зь відэазапісамі зьнешнасьць, антрапалёгію і паходку падазраваных:

«Вельмі хочацца пабачыць гэтае заключэньне. Бо ў справах Майдану экспэрты пераконваюць нас, што па паходцы ідэнтыфікаваць чалавека нельга — няма мэтодыкі».

Яшчэ адным слабым доказам у справе Яўгенія Закрэўская назвала адмову падазраваных ад карыстаньня тэлефонамі, што сьледзтва назвала «нетыповым».

Удзельнік баёў на Данбасе: «Дыскрэдытуюць вэтэранаў»

Лідэр партыі «Нацыянальны корпус», былы камандзір добраахвотніцкага батальёну «Азоў» Андрэй Білецкі, які сябраваў з Паўлам Шараметам, перакананы, што затрыманыя ня маюць дачыненьня да ягонага забойства.

Андрэй Білецкі
Андрэй Білецкі

«На першы погляд, выглядае ўсё пераканаўча. Але калі паглядзець гэтую прэсавую канфэрэнцыю паўторна, то тая аргумэнтацыя выглядае дзіўна і наўрад ці можа быць прамымі доказамі. Што найбольш кідаецца ў вочы ў гэтай сытуацыі? Гэта настойлівы акцэнт на тым, што гэта вэтэраны, добраахвотнікі і патрыёты. Я перакананы, што гэта абсалютна сыстэмная праца каманды Зяленскага на дыскрэдытацыю вэтэранскага, добраахвотніцкага і валянтэрскага руху», — заявіў Андрэй Білецкі.

Палітык нагадаў, што згодна з апошнімі сацыялягічным дасьледаваньнямі, толькі гэтыя катэгорыя грамадзян мае найбольшы ўзровень даверы ў грамадзтве:

«Калі рэйтынг Зяленскага коціцца ўніз, то вэтэраны і валянтэры — гэта тыя людзі, якія ўжо пяць гадоў маюць стала высокі рэйтынг: валянтэры — 69 адсоткаў, вэтэраны — 66. Зяленскі разумее і ведае, што людзі, якія прайшлі вайну і маюць палітычныя перакананьні, ня будуць паддавацца на капітуляцыю і так званае разьвядзеньне [войскаў]. Яны будуць супрацьстаяць гэтаму».

Былы дэпутат: «А хто перашкаджаў сьледзтву»

Дэпутат мінулага скліканьня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ігар Луцэнка мяркуе, што ўчорашнія заявы міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава і прадстаўнікоў Нацыянальнай паліцыі ёсьць грубым парушэньнем заканадаўства.

Ігар Луцэнка
Ігар Луцэнка

«Нацыянальнае заканадаўства наўпрост забараняе да рашэньня суду называць імёны людзей, якіх падазраюць і абвінавачваюць. На сёньня суд не ўстанавіў віну затрыманых. На мой погляд, магчыма, таго, што абнародавана, і хапае, каб выставіць падазрэньне і далей расьсьледаваць ролю тых ці іншых фігурантаў. Але для віны агучаных доказаў недастаткова», — сказаў Свабодзе Ігар Луцэнка.

Асобна дэпутат зьвярнуў увагу на заяву прадстаўніка паліцыі аб тым, што ўсе тры гады пасьля забойства пэўныя сілы чынілі сыстэмны супраціў расьсьледаваньню.

«Калі нехта чыніў супраціў або ўмешваўся ў сьледзтва — ёсьць крымінальныя артыкулы, паводле якіх прадугледжана пакараньне за такія дзеяньні. Трэба адкрываць справу і яе расьсьледаваць. Але хто гэта мог быць? Праваахоўнікі або нейкія іншыя асобы, якія займаюць вышэйшыя пасады і ўмешваюцца ў сьледзтва.

Пакуль мы ня ведам, хто гэта мог быць. Нас увесь час водзяць нейкімі намёкамі. Але хачу заўважыць, што ўвесь час сьледзтва кантраляваў спадар Авакаў (міністар унутраных спраў. — РС). Супрацоўнікі Нацыянальнай паліцыі, якія вялі сьледзтва, ня ёсьць ягонымі прамымі падначаленымі. Фармальна ён прадстаўляе Нацпаліцыю толькі ва ўрадзе, але Авакаў незаконным чынам кантралюе і мае інфармацыю з крымінальных вытворчасьцяў. Калі б у нас была прававая сыстэма, Авакава ўжо даўно б звольнілі або пакаралі іншым чынам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG