Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршыўся абмен палоннымі паміж Украінай і прарасейскімі сэпаратыстамі. ФОТА


29 сьнежня 2019 году падчас абмену.
29 сьнежня 2019 году падчас абмену.

Улады Ўкраіны і прарасейскія сэпаратысты на ўсходзе краіны абмяняліся палоннымі і захопленымі цывільнымі асобамі. Абмен пачаўся 29 сьнежня на кантрольна-прапускным пункце пад Горлаўкай у Данецкай вобласьці.

Офіс прэзыдэнта Ўкраіны апублікаваў першыя фатаграфіі перададзеных з «ДНР» і «ЛНР». У распаўсюджанай заяве гаворыцца, што Кіеву былі перададзеныя 76 чалавек. Поўны сьпіс апублікавала Служба бясьпекі Украіны, у ім — 12 вайскоўцаў, астатнія — цывільныя асобы.

Дарадца сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Сяргей Сівоха паведаміў, што Ўкраіна аддала 127 чалавек сэпаратыстам.

Раніцай «ўпаўнаважаная ў галіне правоў чалавека» сэпаратысцкай «ДНР» Дар’я Марозава паведаміла, што Кіеву перадаюць 55 чалавек і разьлічваюць атрымаць 87 сваіх прыхільнікаў.

Адзін з вызваленых, у мінулым — супрацоўнік макеўскай раённай адміністрацыі Васіль Савін — зрабіў заяву, якую чулі тыя, хто утрымліваў яго ў палоне:

«Пяць гадоў на пяці квадратных мэтрах. Уявіце, пяць гадоў у сябе ў прыбіральні, пражывіце... Я трапіў у калёнію, як у санаторыю. Пяць гадоў у склепе, вы разумееце, што гэта такое? У калёніі — нармальныя ўмовы, катуюць не ў калёніі, дапытваюць не ў калёніі. Мы надоўга не разьвітваемся, мы вернемся. Гэта наша зямля. Гэта мой родны горад, я нарадзіўся, вырас у ім. Я прадстаўляў у Данецку горад Макееўку. Я шмат зрабіў для гораду, і за гэта я сядзеў у сваім жа горадзе, у сваёй жа калёніі», — сказаў Савін.

Яго словы былі запісаныя на відэа:

Украінская служба Радыё Свабода паведамляе аб вызваленьні журналіста Станіслава Асеева, які пісаў рэпартажы пра жыцьцё на кантраляванай сэпаратыстамі тэрыторыі. Яго арыштавалі летам 2017 году ў Данецку, затым прад’явілі абвінавачваньні ў шпіянажы і асудзілі да 15 гадоў зьняволеньня. У палоне Асееў прабыў два з паловай гады. Яго здымалі ў пастановачным інтэрвію для расейскага тэлебачаньня. Вызваленьня Асеева патрабавалі міжнародныя журналісцкія, праваабарончыя і пісьменьніцкія арганізацыі.

Упаўнаважаная ў галіне правоў чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Людміла Дзянісава распавяла, што з «ЛНР» былі перададзеныя чацьвёра ўкраінскіх вайскоўцаў: маёр Сяргей Іванчук, Юрый Аўтушка, сяржанты Іван Дзееў і Раман Фурсаў.

Таксама сярод вызваленых — танкіст Багдан Панцюшэнка, якога ўзялі ў палон падчас бою каля населенага пункту Спартак каля Данецкага аэрапорту. У палоне ён знаходзіўся са студзеня 2015 году.

Кіеву былі перададзеныя і некалькі праўкраінскіх актывістаў. Сярод іх, напрыклад, данецкі блогер Алег Галазюк, Алена Сарокіна, жыхарка Першамайску, якая бясьсьледна зьнікла ў 2018 годзе (яна выйшла з аўтобуса ў белай футболцы, на якой ад рукі вялікімі літарамі было напісана «Мая дзяржава — Украіна»), а таксама Вікторыя Вароніна — жыхарка станіцы Луганская, якую абвінавацілі ў працы на СБУ і разьведку Ўкраіны праз тое, што яна нібыта «вяла актыўную дзейнасьць у інтэрнэце для дэстабілізацыі сытуацыі».

Вікторыя Вароніна выходзіць з аўтобусу падчас абмену
Вікторыя Вароніна выходзіць з аўтобусу падчас абмену

Мяркуецца, што ўкраінскі бок перадаў людзей, асуджаных на пажыцьцёвае зьняволеньне: Уладзіміра Дворнікава, Віктара Тяцюцкага і Сяргея Башлыкова. 28 сьнежня Фрунзенскі раённы суд Харкава прызнаў Дворнікава, Цяцюцкага і Башлыкова вінаватымі ў арганізацыі выбуху падчас мірнага шэсьця ў Харкаве ў 2015 годзе, у выніку чаго загінулі чатыры чалавекі. Як паведамляе ўкраінскае выданьне «Гардон», асуджаных адпусьцілі з-пад варты пад асабістае абавязаньне, «улічваючы выключныя абставіны пры вынясеньні прысуду і спэцыфіку яго выкананьня».

Увечары 28 сьнежня калегія судзьдзяў Кіеўскага апэляцыйнага суду таксама зьмяніла меру стрыманьня пецярым былым супрацоўнікам спэцпадразьдзяленьня МУС Украіны «Бэркут» на абавязаньне аб яўцы. Алега Янішэўскага, Паўла Аброськіна, Сяргея Зінчанку, Сяргея Тамтуру і Аляксандр Марынчанку абвінавачваюць у датычнасьці да стральбы па дэманстрантах падчас пратэстаў Эўрамайдану ў лютым 2014 году. Усе яны ўключаныя ў сьпіс на сёньняшні абмен палоннымі і захопленымі цывільнымі асобамі. Пра гэта паведаміў іх адвакат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG