Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС шукала і не знайшло парушэньняў санітарных нормаў у турме на Акрэсьціна


Belarus – Former election observer Markelov was released from prison at Akrestina
Belarus – Former election observer Markelov was released from prison at Akrestina

Міністэрства ўнутраных справаў не знайшло парушэньняў санітарных нормаў у менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Юрыст пазбаўленага рэгістрацыі ў Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка зьвярнуўся ў МУС па факце парушэньня санітарных правілаў і ўмоваў пры ўтрыманьні пад арыштам у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў актывіста кампаніі Legalize Belarus Пятра Маркелава.

Праваабаронца на працягу многіх гадоў праводзіць маніторынг сытуацыі з забесьпячэньнем правоў чалавека ў месцах пазбаўленьня волі і апошнімі гадамі неаднаразова атрымліваў зьвесткі пра тое, што актывістаў, арыштаваных за адстойваньне правоў і свабодаў, трымаюць ў турме разам з асобамі, якія хварэюць на пэдыкулёз і не прайшлі адпаведную санітарную апрацоўку.

З СМІ Паўлу Сапелку стала вядома, што Пятра Маркелава трымалі пад арыштам з 9 сьнежня 2019 году разам з асобамі, хворымі на пэдыкулёз.

«Сядзяць два бамжы, смурод, няма чым дыхаць, вошы...»

«Умовы ў камэры жудасныя: разам зь Пятром сядзяць два бамжы, стаіць такі смурод, што няма чым дыхаць, вошы», — так апісваў умовы ўтрыманьня ў ЦІП адзін з сукамэрнікаў актывіста.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Маркелаў спрабаваў зьвярнуцца з гэтым пытаньнем да адміністрацыі ізалятару, але ніхто на ягоныя скаргі не рэагаваў.

Сапелка адзначае, што пры дастаўленьні ў турму адміністрацыйна арыштаваных мусіць агледзець мэдычны работнік, а калі такога няма ў штаце — апытаць пра стан здароўя начальнік або дзяжурны .

Адміністрацыйна арыштаваныя, дастаўленыя ў месцы адбыцьця арышту, павінны праходзіць санітарную апрацоўку. Надалей яна праводзіцца не радзей чым раз на тыдзень і ўключае мыцьцё ў лазьні (у душы) з абавязковаю зьменаю пасьцельнае бялізны, дэзынфэкцыю асабістага адзеньня і пасьцельных рэчаў у дэзынфэкцыйнай камэры.

Пры выяўленьні інфэкцыйнага захворваньня, каросты, пэдыкулёзу ў адміністрацыйна арыштаванага яго зьмяшчаюць у асобную камэру.

Праверылі, нічога не знайшлі

Названых захадаў не было альбо яны былі недастатковымі і не прынесьлі належнага эфэкту, а такім чынам, адміністрацыя ЦІП ня ўжыла ўсіх неабходных і абавязковых санітарных захадаў, — адзначаў праваабаронца ў сваім звароце ў МУС.

Сапелка прасіў МУС правесьці праверку звьестак аб санітарных умовах у ЦІП, у тым ліку апытаць адміністрацыйна арыштаванага Маркелава, вывучыць штодзённыя пляны пакамэрнага разьмяшчэньня арыштаваных і затрыманых грамадзян, агледзець тых асоб, якіх трымалі ў адной камэры з актывістам.

Зварот юрыста «Вясны» разгледзеў дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС. Так, паводле інфармацыі праваабаронцаў, начальнік гэтага падразьдзяленьня Віктар Дубавец у сваім адказе зазначае, што паводле пытаньняў, выкладзеных у звароце, у тым ліку што да ўтрыманьня Пятра Маркелава, 23 сьнежня 2019 году быў праведзены санітарна-эпідэміялягічны маніторынг у ЦІП.

«Факты парушэньня патрабаваньняў санітарна-эпідэміялягічнага заканадаўства, тэхнічных нарматыўных прававых актаў, нарматыўных актаў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусі, якія рэгулююць функцыянаваньне ЦІП ГУУС Мінгарвыканкаму, названыя ў звароце, на момант правядзеньня маніторынгу не знайшлі свайго пацьвярджэньня», — адзначаецца ў адказе з дэпартамэнту фінансаў і тылу.

23 сьнежня Пятро Маркелаў выйшаў на волю пасьля 14 содняў арышту за патрабаваньне пералічыць галасы на выбарчым участку, дзе ён быў у якасьці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка. Актывіста абвінавацілі ў парушэньні двух артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG