Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супэраўторак» у ЗША: памяркоўныя дэмакраты аб’ядноўваюцца вакол Байдэна


Джо Байдэн, былы віцэ-прэзыдэнт ЗША, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2020 году
Джо Байдэн, былы віцэ-прэзыдэнт ЗША, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2020 году

Прадстаўнікі памяркоўнага крыла Дэмакратычнай партыі ЗША Эмі Клобушар і Піт Бутыджэдж за некалькі гадзін да пачатку галасаваньня ў «супэраўторак» заклікалі падтрымаць кандыдата ў прэзыдэнты Джо Байдэна, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Выбраны для гэтага рашэньня момант адлюстроўвае глыбокую заклапочанасьць дэмакратычнага істэблішмэнту, што Бэрні Сандэрс, прагрэсівіст-палярызатар, можа выйсьці ў лідэры пасьля галасаваньня 3 сакавіка ў 14 штатах і адной амэрыканскай тэрыторыі.

2 сакавіка Эмі Клобушар спыніла сваю кампанію і падтрымала Байдэна. За дзень да гэтага аб выхадзе з гонкі абвясьціў Піт Бутыджэдж. Клобушар і Бутыджэдж публічна абвясьцілі аб падтрымцы Байдэна на вечаровых мерапрыемствах у Даласе, дзе да іх далучыўся яшчэ адзін былы кандыдат, экс-кангрэсмэн ад Тэхаса Бэта ОʼРурк.

«Мне патрэбен лідэр, патрэбен прэзыдэнт, які возьме лепшае, што ёсьць у кожным з нас, — сказаў Бутыджэдж, стоячы побач з Байдэнам. — Мы знайшлі такога лідэра ў віцэ-прэзыдэнце, які неўзабаве стане прэзыдэнтам. Гэта Джо Байдэн».

Дэмакратычная партыя спрабуе абʼяднацца вакол выразнага пасланьня або пасланца ў імкненьні перамагчы на выбарах дзейнага прэзыдэнта Дональда Трампа, і цяпер, калі поле кандыдатаў скарацілася з прыкладна 25 чалавек да 5, выбар для ўдзельнікаў праймэрыз становіцца ўсё больш відавочным.

На адным баку стаіць 77-гадовы Джо Байдэн, які ўсё жыцьцё займаўся палітыкай; ён прадстаўляе прагматычны падыход да кіраваньня, у якім робіцца ўпор на сумесную працу дзьвюх партый і памяркоўныя перамены.

На другім баку 78-гадовы Бэрні Сандэрс — дэмакратычны сацыяліст, які на працягу дзесяцігодзьдзяў выступаў за агрэсіўныя лібэральныя зрухі, накіраваныя на трансфармацыю палітычнай і эканамічнай сыстэмаў краіны.

«Супэраўторак» (англ. Super Tuesday) — аўторак у пачатку лютага або сакавіка ў год прэзыдэнцкіх выбараў, калі ў большасьці штатаў праходзяць папярэднія выбары (так званыя «праймэрыз» — англ. Primaries). На гэтых выбарах абіраюцца дэлегаты-выбарнікі ад штатаў на зьезды па выбары кандыдатаў у прэзыдэнты ад усіх партый. У супэраўторак выбіраецца больш дэлегатаў, чым у любы іншы дзень перадвыбарчай гонкі, таму для ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты перамога ў гэты дзень вельмі важная.

Напярэдадні «супэраўторка» кіраўнікі некалькіх фэдэральных ведамстваў выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што яны працягваюць працу для прадухіленьня замежнага ўплыву на выбары.

«Амэрыканцы павінны... разумець, што замежныя субʼекты працягваюць спрабаваць уплываць на грамадзкія настроі і фармаваць успрыманьне выбарнікаў. Яны распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю і прапаганду аб палітычных працэсах і кандыдатах у сацыяльных сетках у надзеі выклікаць замяшаньне і спарадзіць сумневы ў нашай сыстэме», — гаворыцца ў заяве дзяржсакратара Майка Пампэо, генпракурора Ўільяма Бара, міністра абароны Марка Эспэра, дырэктара ФБР Крыстафэра Рэя і іншых. У заяве гаворыцца, што ЗША «гатовыя адказаць на любыя спробы сарваць выбары 2020 году».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG