Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці затрыманага ў рэстаране KFC: «Магчыма, сын хацеў дапамагчы чалавеку, якога зьбівалі»


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні людзей 14 ліпеня ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні людзей 14 ліпеня ў Менску

Пра лёс затрыманага родныя амаль нічога ня ведаюць.

Сярод чатырох затрыманых за ўдзел у бойках з амапаўцамі ў Менску 14 ліпеня — 31-гадовы Антон, якога затрымалі ў рэстарацыі KFC на Нямізе. Сьледчы камітэт ужо выклаў відэа, на якім бачна, як малады чалавек у куртцы колеру хакі кідаецца да амапаўцаў, спрабуе аднаго зь іх адцягнуць, але імгненна аказваецца на падлозе. На другім відэа з СК гэтага ж маладога чалавека, калі меркаваць па куртцы, заводзяць у кабінэт да сьледчага.

«Так, гэта Антон, — кажа Тацяна, зь якой карэспандэнту Свабоды ўдалося пагаварыць праз тэлефон. — Калі ўбачыла сына, як яго вядуць, дык, канечне, заплакала. Самі ведаеце чаму. І на тым відэа, у рэстарацыі, хутчэй за ўсё таксама ён. Але што ён там мог зрабіць? Ён жа такі хліпкі ў параўнаньні з амапаўцамі».

Тацяна кажа, што ня ведае, аказаўся яе сын у рэстарацыі на Нямізе выпадкова, як звычайны наведнік, ці зайшоў туды як удзельнік стыхійнай акцыі пратэсту, калі на вуліцы пачаўся «хапун». Але ў любым выпадку ягоны ўчынак быў выкліканы парывам дапамагчы, жаданьнем спыніць несправядлівасьць, мяркуе маці.

«Мог быць там адзін і цалкам выпадкова. Ён не актывіст якіх грамадзкіх арганізацый, але чалавек вельмі добры, гатовы любому прыйсьці на дапамогу. Мяркую, ён мог кінуцца дапамагчы і невядомаму чалавеку, калі таго зьбівалі ні за што. Проста гэта адбылося ў яго на вачах, таму і падскочыў. Гэтак і на відэа бачна, што, магчыма, ён хацеў дапамагчы. Але яго адразу схапілі, скруцілі і кінулі ў аўтазак».

Маці расказвае пра Антона:

«Па адукацыі сын філёляг, скончыў пэдагагічны ўнівэрсытэт, але працуе ўжо не па спэцыяльнасьці. Калі вучыўся, дык у піянэрскіх лягерах важатым працаваў, дзеці яго вельмі любілі. Жыве асобна ад нас, зь дзяўчынай, наймае кватэру. Там пра яго толькі добрае кажуць. Праз каранавірус мы зьменшылі сустрэчы, таму я сапраўды ня ведаю, што ён плянаваў рабіць у той дзень, але ня думаю, што зьбіраўся ісьці пратэставаць», — сказала маці Антона Тацяна.

Жанчына выказала і сваё меркаваньне пра палітычную сытуацыю. «Канечне, мы таксама засмучаныя, што засталіся бяз нашых кандыдатаў. Але я за тое, каб гэтая праблема вырашалася не сілавымі захадамі. Баюся, аднак, што ўлада бярэ курс на запалохваньне, на тое, каб ужо да 9 жніўня паказаць, што можа быць», — мяркуе Тацяна.

Пра цяперашні лёс Антона Тацяне і яе сваякам ды сябрам вядома вельмі мала. Сваяк Міхаіл спрабуе праз адваката высьветліць, у чым вінавацяць Антона.

«Але да яго адваката не пускаюць. Паводле адваката, яму інкрымінуюць артыкул 342, частка 1, але нібыта спрабуюць перакваліфікаваць на 364 артыкул, больш сур’ёзны. І ня кажуць, дзе ён. На Акрэсьціна езьдзілі, каб перадаць перадачу — няма. У Сьледчым камітэце кажуць, што там таксама няма, і ніякай інфармацыі не даюць», — сказаў Міхаіл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG