Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.
Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.

Шосты дзень пратэстаў. Масавыя шэсьці і мітынгі рабочых у Менску, Салігорску, Віцебску, Горадні. Жлобіне

14 жніўня ўначы пачалі выпускаць затрыманых у Жодзіне і Менску. З самай раніцы зьявіліся «ланцугі салідарнасьці». Пратэсты прайшлі на многіх прадпрыемствах у розных гарадах Беларусі.

  • Увечары рабочыя «Беларуськалія» на шматтысячным мітынгу запатрабавалі ў салігорскіх уладаў новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу.
  • У Менску марш рабочых МТЗ зьліўся з калёнай менчукоў і дайшоў да плошчы Незалежнасьці.
  • У Жлобіне шматтысячны мітынг выказаў пратэст кіраўніцтву раёна і горада, якія выйшлі да людзей.

Экс-міністар культуры Латушка прыйшоў падтрымаць пратэстоўцаў. Ён вітаў патрабаваньні аб адстаўцы Караева

У Менску да пратэстоўцаў на плошчу Незалежнасьці прыйшоў экс-міністар культуры Павал Латушка, цяпер дырэктар Купалаўскага тэатру. Разам зь ім прыйшлі некалькі актораў тэатру. Латушка сказаў журналістам, што адчувае сорам за тое, што робіцца ў Беларусі, і гонар за беларусаў, якія выйшлі пратэставаць.

Латушка вітаў патрабаваньні аб адстаўцы міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які адказвае за парушэньні грамадзкай бясьпекі. Ён заявіў, што трэба завесьці крымінальныя справы па фактах зьбіцьця і неабгрунтаванага ўжываньня сілы.

Наконт патрэбы новых выбараў прэзыдэнта Беларусі Латушка сказаў, што працэдура падвядзеньня вынікаў выбараў 9 жніўня яшчэ ня выкананая да канца, ёсьць яшчэ магчымасьць іх аспрэчыць у Вярхоўным судзе, а на ягоную думку, выбары прайшлі ненармальна, было шмат парушэньняў. Цалкам чытайце па спасылцы.

ЖЛОБІН. Удзельнікі сходу прагаласавалі за выхад з прафсаюзу, БРСМ і забастоўку на прадпрыемствах

20.10 Удзельнікі сходу ля жлобінскага гарвыканкаму аднагалосна прагаласавалі за

  • забастоўку на прадпрыемствах,
  • выхад з прафсаюзу,
  • выхад з БРСМ,
  • за тое, каб не здаваць грошы на рамонты ў школах — бо настаўнікі фальсыфікавалі выбары.

Ідэоляга БМЗ Кулакоўскага праганяюць з плошчы. «Сыходзь, што ты зрабіў для гораду, нам не патрэбныя ідэолягі, сыходзь», — крычаць мітынгоўцы.

У Жлобіне сабраўся шматтысячны мітынг. Удзельнікі прагаласавалі за выхад з прафсаюзу, БРСМ і забастоўку на прадпрыемствах

Навальны адказаў Лукашэнку на абвінавачаньне ў «разьвязваньні агрэсіі» супраць Беларусі

Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны адказаў у сваім Instagram на абвінавачваньні, выказаныя кіраўніком Беларусі.

14 жніўня падчас нарады з членамі Савету бясьпекі Лукашэнка зьвярнуўся да людзей: «Не высоўвайцеся вы цяпер на вуліцы! Зразумейце, што вас і нашых дзяцей выкарыстоўваюць як гарматнае мяса! Сёньня ўжо панаехалі сюды з Польшчы, Галяндыі, Украіны, з гэтай «Адкрытай Расеі» Навальнага, і гэтак далей і да таго падобнае. Ужо агрэсія пачалася супраць краіны».

«Калі Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка толькі што публічна паведаміў, што я разьвязаў агрэсію супраць Беларусі і выкарыстоўваю беларускіх дзяцей як „гарматнае мяса“, то ён не пакідае мне шанцаў», — напісаў Аляксей Навальны.

Расейскі палітык паведаміў, што пераводзіць 10 тысяч расейскіх рублёў у Фонд Салідарнасьці, створаны дзеля падтрымкі беларусаў, якія страцілі працу праз тое, што выступілі супраць Лукашэнкі. Цалкам чытайце тут.

МУС: за 5 дзён пратэстаў пацярпеў 121 міліцыянт

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што за пяць дзён пратэстаў пацярпеў 121 міліцыянт. Пры гэтым, паводле МУС, на сілавікоў было зроблена 11 наўмысных наездаў аўтамабілямі.

«Сьледчыя органы распачалі звыш 90 крымінальных спраў. Прававая ацэнка будзе дадзена ўсім супрацьпраўным дзеяньням», — сказана ў паведамленьні.

«Індывідуальныя санкцыі і дапамога ахвярам рэпрэсій». Вынікі перамоваў міністраў замежных спраў ЭЗ па Беларусі

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус расказаў Радыё Свабода пра вынікі сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі.

«У нас было некалькі канкрэтных прапановаў. Як і многія іншыя, я таксама прапанаваў увесьці мэтанакіраваныя індывідуальныя санкцыі супраць тых, хто фальсыфікаваў выбары, і тых, хто ўжываў празьмерную сілу — кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і АМАПу. Я б сказаў, большасьць падтрымала гэта, і Эўракамісія пачне тэхнічны працэс.

Тады я таксама прапанаваў стварыць фонд для ахвяраў рэпрэсій. Гэтая прапанова атрымала шырокую падтрымку, у тым ліку Эўракамісіі. Таму я спадзяюся, што мы распрацуем падрабязнасьці і ўмовы. (...) Хутчэй за ўсё, будзе арганізавана нейкая місія, каб паехаць у Менск і шукаць дадатковую інфармацыю пра тое, што там адбываецца», — сказаў Лінкявічус. Цалкам чытайце па спасылцы.

Старшыня Рады БНР: Лукашэнка нічога не пачуў і нічога не зразумеў

Камэнтуючы для Свабоды апошнія падзеі ў Беларусі, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла сказала, што, мяркуючы па выступу Лукашэнкі, ён нічога не пачуў і нічога не зразумеў.

«Але адначасна я захоплена нашым народам, яго адвагай і адначасна тым, як ён цывілізавана ўсё робіць. Захопленая і рабочымі, жанчынамі ў белым, і ўсімі людзьмі, якія вырашылі, што хопіць цярпець».

Адносна катаваньняў на Акрэсьціна і ў іншых месцах Сурвіла сказала, што «ў Канадзе за такое паліцыянты і іх начальнікі пайшлі б пад суд, а пацярпелыя атрымалі б матэрыяльныя кампэнсацыі».

ЖАБІНКА. Міліцыянты раздаюць удзельніцам акцыі белыя ружы. ВІДЭА

У Жабінцы да ўдзельніц «жаночага ланцуга салідарнасьці», якія выйшлі на акцыю зь белымі і чырвонымі балёнікамі, прыйшлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі.

Адзін міліцыянт раздаваў жанчынам белыя ружы, дзяўчаты гучна віталі праваахоўнікаў, абдымаліся зь імі, давалі ім белыя балёнікі і дзякавалі за кветкі. Аўтамабілі, якія праяжджалі побач, падтрымлівалі ўдзельніц акцыі гучнымі сыгналамі.

«Ён мусіў жыць». Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў на Пушкінскай падчас разгону, сям’я шукала двое сутак

Пра тое, што муж загінуў, жонка даведалася ад журналістаў увечары 12 жніўня. 34-гадовы Аляксандар Тарайкоўскі загінуў на Пушкінскай позна ўвечары 10 жніўня. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада. Сваякі ў гэта ня вераць.

Па словах жонкі, 10 жніўня каля 20:00 яны вярнуліся з дачкой з прагулкі.

«Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць. Даведаўся, што там зьбіраюцца людзі, і сказаў, што пойдзе ў сваю кватэру ў тым раёне, — апавядае жанчына. — Пры ім нічога не было: шорты, белая майка, тэлефон. Пашпарт ягоны ў мяне. У яго там кватэра побач».

Каля 22:30 Аляксандар пазваніў жонцы і сказаў, што ідзе дахаты. З гэтага моманту сям’я ня мела аніякіх зьвестак, шукалі яго ў шпіталях і базах затрыманых.

У вэрсію, што муж загінуў ад выбуховай прылады, жанчына ня верыць. Цалкам чытайце па спасылцы.

У Польшчы прайшла чарговая акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю

14 жніўня ў польскім горадзе Гданьску зноў зладзілі акцыю салідарнасьці зь Беларусьсю.

Мітынг у Горадні. Відэа з дрона

Тэлеграм-канал Nexta паведаміў пра крымінальную справу супраць свайго заснавальніка

Паводле дакумэнту аб вышуковай арыенціроўцы, на заснавальніка каналу Nexta Сцяпана Пуцілу (Сьвятлова) пачалі крымінальную справу па падазрэньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў (часткі 1 і 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Паводле такіх абвінавачаньняў яму можа пагражаць да 15 гадоў зьняволеньня.

Страйкаваму руху не хапае «палітычнага крыла», — аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык

Ужо дзясяткі прадпрыемстваў краіны заявілі пра страйк, калёны ад некаторых менскіх заводаў рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці. Нягледзячы на тое, што, у адрозьненьне ад страйку 1991 году, калі вылучаліся як палітычныя, так і эканамічныя патрабаваньні, цяпер людзі патрабуюць толькі выкананьня палітычных умоваў: неадкладнага вызваленьня палітвязьняў, адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў. Пры гэтым ня бачна ўдзелу як «традыцыйнай», гэтак і «новай» апазыцыі — адрозна ад таго ж 1991 году, калі да рабочых зь першага дня далучыўся БНФ.

Гэта мае як станоўчы, гэтак і адмоўны бакі. Уладзе цяжка абвінаваціць страйкоўцаў у тым, што яны «марыянэткі палітыканаў». Аднак адсутнасьць каардынацыі і палітычнага досьведу можа прывесьці да таго, што «пара выйдзе ў сьвісток», калі, напрыклад, страйкоўцаў уцягнуць у бясконцыя перамовы з другараднымі чыноўнікамі і прымусяць задаволіцца выкананьнем мінімальных патрабаваньняў, як гэта і здарылася ў фінале красавіцкага страйку ў 91-м, — лічыць палітычны аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

Мітынг ля Дому ўраду ў Менску і братаньне зь сілавікамі. ВІДЭА

Стыхійная акцыя пратэсту 14 жніўня каля Дому ўраду ў Менску доўжылася каля чатырох гадзін, у ёй узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.

Прыкладна ў 21.00, калі пачало цямнець, людзі запалілі ліхтарыкі на тэлефонах. Неўзабаве пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі пачалі скандаваць «Да заўтра!» і паступова разыходзіцца. У 21.15 каля Дому ўраду заставаліся лічаныя дзясяткі грамадзян. Праваахоўнікі нікога не затрымлівалі, толькі назіралі.

Мэдычны цэнтар ЛОДЭ абяцае задарма дапамагчы затрыманым ​9–14 жніўня

Такое рашэньне прыняў уласьнік і калектыў лекараў мэдцэнтру ЛОДЭ, пра што яны паведамілі ў Інстаграме. Колькасьць бясплатнай дапамогі вызначыць лекар паводле характару атрыманых чалавекам траўмаў.

«Мэдычны цэнтар „ЛОДЭ“ супраць гвалту ў любым яго выглядзе. Мы лечым чалавека, а не яго палітычныя погляды».

Выкладчыка Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона вызвалілі з турмы КДБ, — адвакатка

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што яе падабароннага Стаса Гарэліка, дактаранта Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона, вызвалілі зь СІЗА КДБ.

Яго затрымалі 12 жніўня. Да Гарэліка ў кватэру ўварваліся спэцслужбы, правялі ператрус. Перад затрыманьнем ён пасьпеў патэлефанаваць бацьку і сказаць, што яму інкрымінуюць артыкул Крымінальнага кодэксу 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх». Цалкам чытайце тут.

«Лепш вам гэтага ня бачыць». Людзі расказваюць пра гвалт АМАПа і катаваньні на Акрэсьціна

Некалькі соцень чалавек выйшлі ў ноч з 13 на 14 жніўня з турмы на Акрэсьціна. Зьнясіленыя, зьбітыя людзі распавядалі, што зь імі адбывалася ў аўтазаках і РУУСах.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG