Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21-ы дзень пратэстаў. Жаночы марш у Менску. У журналістаў забралі акрэдытацыі

Што адбываецца ў Беларусі на 21-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. 

17:19 29.8.2020

Каля Палаца спорту пачаўся роварны прабег

Тым часам каля Палаца спорту пачаўся роварны прабег, на які выехалі дзясяткі раварыстаў. Многія зь іх зь бел-чырвона-белай сымболікай.

17:20 29.8.2020

17:20 29.8.2020

Жаночы марш салідарнасьці ў Менску. Фотагалерэя

17:28 29.8.2020

У Менску затрымалі фатографа «Комсомольской правды в Беларуси» Сьвятаслава Зоркага, піша Tut.by.

«Да РУУС не даехалі. Як фотакарэспандэнта акрэдытаванага СМІ адпусьцілі. Раілі больш не здымаць», — напісаў Зоркі.

17:48 29.8.2020

Сілавікі цалкам перакрылі праспэкт Незалежнасьці ў раёне вуліцы Казлова. Tut.by піша, стаяць вайсковыя грузавікі і вадамёт. «Наша ніва» бачыць таксама машыны з калючым дротам

17:53 29.8.2020

17:55 29.8.2020

У Маршы ўдзельнічаюць каля 10 тысяч чалавек

Паводле ацэнак Tut.by, у маршы ў Менску бяруць удзел звыш 10 тысяч чалавек.

АМАП перакрыў дарогу да Акадэміі навук, піша «Наша Ніва» — жанчыны рушылі назад на плошчу Якуба Коласа.

Сілавікі цалкам перакрылі праспэкт Незалежнасьці ў раёне вуліцы Казлова. Tut.by піша, стаяць вайсковыя грузавікі і вадамёт. «Наша ніва» бачыць таксама машыны з калючым дротам — такая вось рэакцыя на мірны жаночы марш.

Сілавікі разьбілі марш на дзьве часткі, некаторыя ідуць у бок Камароўкі.

Затрымалі, але неўзабаве адпусьцілі карэспандэнта «Камсамольскай праўды» Сьвятаслава Зоркага. «Рэкамэндавалі больш не здымаць».

17:57 29.8.2020

Зьніклі журналісты «Белсату»

У Менску зьніклі журналісты «Белсату» Аляксандар Любянчук і Зьміцер Міцкевіч, паведамляе БАЖ. Магчыма, іх затрымалі.

А 19-ай гадзіне праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што журналіст «Белсату» Аляксандар Любянчук знайшоўся. Зь ім усё добра, яго не затрымлівалі (удзельніцы пратэсту дапамаглі журналісту выйсьці ў бясьпечнае месца). Сувязі са Зьмітром Міцкевічам дагэтуль няма.

18:02 29.8.2020

АМАП блякуе плошчу Якуба Коласа

АМАП заблякаваў пратэстоўцаў на плошчы Якуба Коласа.

Падтрымаць жаночую акцыю на плошчу Якуба Коласа прыехалі раварысты.

18:12 29.8.2020

Эўразьвяз: Замест таго каб перашкаджаць СМІ, уладам варта засяродзіцца на памкненьнях беларускага народу

«Апошнія абмежаваньні ў дачыненьні да незалежных СМІ, у тым ліку замежных журналістаў, якія маюць належную акрэдытацыю, непрымальныя і ўяўляюць сабой чарговую спробу ўладаў абмежаваць свабодную плынь інфармацыі», — заявіў афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпляматычнага ведамства Эўразьвязу Жузэпа Бурэля Пэтэр Стана.

Ён нагадвае, што свабода СМІ і свабода інфармацыі — гэта ключавыя складнікі кожнага дэмакратычнага грамадзтва.

18:20 29.8.2020

18:25 29.8.2020

Акцыя ў Наваполацку сабрала каля сотні жанчын

На сёньняшнюю акцыю салідарнасьці ў Наваполацку прыйшлі каля сотні жанчын.

18:30 29.8.2020

Жанчыны з плошчы Якуба Коласа рушылі ў бок вуліцы Куйбышава

Жаночы марш з плошчы Якуба Коласа, адкуль яго адціснуў АМАП, рушыў да Камароўскага рынку. Сярод жанчын — актывістка Ніна Багінская.

Ад Камароўскага рынку калёна рушыла далей у бок вуліцы Куйбышава. У пераходзе жанчыны скандавалі: «Лукашэнку ў аўтазак».

18:37 29.8.2020

Гарадзенкі засьпявалі «Купалінку» ў гандлёвым цэнтры

Дзясяткі гарадзенак засьпявалі «Купалінку» ў гандлёвым цэнтры «Трыніці» ў Горадні 29 жніўня. Наведнікі цэнтру пляскалі дзяўчатам, скандавалі «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь», «Не забудзем, не даруем», «Кожны дзень».

Падчас флэшмобу гарадзенец Дзяніс зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне Натальлі. Яна адказала: «Так». Пара сустракаецца два гады. Як расказаў Дзяніс, ён вырашыў сказаць Натальлі тое, што даўно хацеў, у прысутнасьці годных людзей.

«Цяпер так шмат кепскага адбываецца. Хочацца нечага добрага», — дадаў ён.

Напрыканцы флэшмобу ў цэнтар прыйшлі два міліцыянты з рупарам. Аднак ніхто ўжо не сьпяваў і ня пляскаў. Затрыманьняў не было відаць.

18:38 29.8.2020

На Нямізе — акцыя раварыстаў

Мэтро цалкам адкрылі для пасажыраў

У 18.34 апошнюю закрытую станцыю мэтро «Плошча Якуба Коласа» адкрылі для пасажыраў. Мэтро працуе ў штатным рэжыме, паведаміў Менскі мэтрапалітэн.

18:45 29.8.2020

Жаночы марш працягваецца, сілавікі спрабуюць разьбіць калёну

На вуліцу Веры Харужай пад'ехалі аўтазакі, перакрываюць дарожны рух.

Тым часам жанчыны рухаюцца далей у бок вуліцы Багдановіча.

На скрыжаваньне праспэкту Машэрава і вуліцы Багдановіча (каля «Белай вежы») пад’ехалі аўтазакі і вайсковае аўто. Яны разьбіваюць калёну на часткі.

Жанчыны ў Менску спрабуюць заблытаць сілавікоў, заўважыла «Наша Ніва»: АМАП спрабуе разьбіць калёну на часткі і павярнуць жанчын у бок плошчы Бангалор — жанчыны скандуюць «На Нямігу». Калі «падманным манэўрам» частка пабегла ў бок Нямігі, сталі скандаваць «На Бангалор».

У 18:48 да крамы «Акадэмкніга» на вуліцы Багдановіча пад'ехалі аўтазакі. Зь іх выбеглі амапаўцы, якія пачалі разьдзяляць калёну. Частка ўдзельніц зьбегла. Ці былі затрыманьні, невядома.

Стала вядома, што на бульвары Шаўчэнкі затрымалі мужчыну і жанчыну.

Пазьней Tut.by прыслалі яшчэ адно відэа з гэтага затрыманьня, на якім відаць, што сілавікі забеглі ў тралейбус і пачалі без разбору выхопліваць людзей. Як распавяла аўтарка відэа, прыкладна ў 18:30, калі тралейбус ехаў па вуліцы Веры Харужай ад Камароўскага рынку каля прыпынку АМАП перагарадзіў дарогу пратэстоцам, і каля 20 чалавек забеглі ў тралейбус. На бульвары Шаўчэнкі транспарт спыніў АМАП.

19:15 29.8.2020

АМАП не пускае пратэстоўцаў у бок цэнтру

У 19.11 сілавікі перакрылі рух дэманстранткам у бок цэнтру каля вуліцы Куйбышава. Людзі ідуць у бок плошчы Бангалор па праезнай частцы.

У гэты час у бок плошчы Бангалор па вуліцы Багдановіча едзе калёна з аўтазакаў, мікрааўтобусаў, канвойных і вайсковых машын, а таксама карэты хуткай дапамогі.

АМАП перакрыў плошчу Бангалор, і дэманстранткі пайшлі ў бок унівэрсаму «Рыга».

У 19:29 АМАП вярнуўся ў аўтазакі і зьехаў з плошчы Бангалор у бок унівэрсаму «Рыга».

19:32 29.8.2020

Журналістаў Свабоды адпусьцілі

Прыкладна ў 19.30 з Кастрычніцкага РУУС адпусьцілі журналістаў Свабоды Алеся Пілецкага і Андрэя Рабчыка.

А 21-ай гадзіне з гэтага ж РУУС вызвалілі і затрыманага журналіста Белсату Зьмітра Міцкевіча.

19:43 29.8.2020

Тысячы беларускіх студэнтаў патрабуюць правесьці новыя выбары, заклікаюць выходзіць з БРСМ

Студэнты як мінімум 7 унівэрсытэтаў зьбіраюць подпісы пад агульнымі патрабаваньнямі: спыніць гвалт у адносінах да мірных пратэстоўцаў, вызваліць палітзьняволеных, прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

Студэнты БДУІР заклікаюць улады наладзіць дыялёг са Сьвятланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі яе штабу, каб выйсьці з палітычнага крызісу. У БДУ студэнты патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, спыненьня гвалту і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых, адстаўкі ЦВК і правядзеньня паўторных справядлівых і празрыстых выбараў. Пэтыцыі з аналягічнымі патрабаваньнямі зьявіліся таксама ў БНТУ, БДПУ, МДЛУ, БДЭУ, Унівэрсытэце культуры. Цалкам чытайце па спасылцы.

19:44 29.8.2020

Жаночы марш прайшоў да Акадэміі навук

У 19.35 ля плошчы Бангалор дэманстранткі прарвалі счэпку АМАПу. Ідуць да Акадэміі навук па вуліцы Сурганава.

19.47 Калёна дайшла да скрыжаваньня вуліц Сурганава і Якуба Коласа. Дарогу ім зноў перагарадзіў АМАП.

20.00 Частка дэманстрантак прарвалася праз ланцуг АМАПу, частка перайшла на іншы бок вуліцы. Жанчыны калёнай пайшлі далей.

Частка калёны ўжо дайшла да мэтро Акадэміі навук. Людзі скандуюць «Адпусьціце нас дамоў!». Калёну пастаянна разьбіваюць на часткі. Большая частка людзей разышлася.

Тыя, хто застаўся ў калёне, працягваюць шэсьце да Акадэміі Навук. Дэманстрантак суправаджае калёна аўтазакаў, у ёй каля дзясятка машын.

20.08 Шэсьце скончылася на Акадэміі навук. На вачах карэспандэнта Свабоды затрымалі маладога чалавека, які ішоў зусім у іншы бок. Хацелі затрымаць яшчэ двух хлопцаў, але яны пасьпелі ўцячы ў мэтро.

Затрыманы хлопец
Затрыманы хлопец

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG