Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: зьбіты падлетак, які быў у коме, «датычны да ўзброенага нападу на кіроўцу МАЗу»


Сьледчы камітэт 3 верасьня паведаміў, што падчас вывучэньня шматлікіх запісаў камэраў відэаназіраньня вызначыў, што 17-гадовы Цімур М., які запаў у кому пасьля пабіцьця амапаўцамі, знаходзіўся «ў эпіцэнтры масавых беспарадкаў» 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Менску.

Акрамя гэтага, паводле СК, сьледчыя выявілі дачыненьне Цімура М. да ўзброенага нападу на кіроўцу грузавога аўтамабіля МАЗ, які прыехаў эвакуаваць няспраўны тралейбус.

Кіроўцу МАЗу, калі той спрабаваў аб’ехаць барыкады з кветнікаў і сьмецьцевых кантэйнэраў на скрыжаваньні Прытыцкага і праспэкту Пушкіна, спыніла група невядомых, якія, «дзеючы ўзгоднена і скаардынавана, з пагрозай стасаваньня прадмета, падобнага на пісталет, захапілі грузавік, якім заблякавалі некалькі палосаў дарожнага руху», паведамляў СК раней. У справе ўжо затрымалі 28-гадовага жыхара Менскай вобласьці.

Паводле СК, пасьля выпіскі з шпіталю хлопец «пры спрыяньні сваякоў хаваўся ад крымінальнага перасьледу». Цяпер яго затрымалі, праводзяць сьледчыя дзеяньні.

Што да пабіцьця падлетка амапаўцамі, то Партызанскі раённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку гэтага факту паводле заявы мэдычных работнікаў, дадае СК.

Раніцай 3 верасьня падлетка затрымалі і адвезьлі на допыт у рамках артыкулу 293 КК (масавыя беспарадкі).

Як расказалі сваякі Цімура М., 12 жніўня на яго напалі супрацоўнікі АМАПу, калі ён ішоў да свайго сябра. Хлопец, які сёлета скончыў 9 клясу, трапіў у рэанімацыю, яго ўводзілі ў кому і падключалі да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Яго даставілі з РУУС у лякарню з чэрапна-мазгавой траўмай, страсеньнем галаўнога мозгу, адкрытым пераломам сківічна-арбітальнага комплексу, сутаргавым сындромам, параарбітальная гематомай справа, множнымі ўдарамі мяккіх тканін і канцавін, траўматычнымі эрозіямі празарокі абодвух вачэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG