Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ля офісу, дзе месьціцца Каардынацыйная рада, 9 верасьня
Міліцыя ля офісу, дзе месьціцца Каардынацыйная рада, 9 верасьня

Месяц пратэстаў. Калесьнікаву і паплечнікаў падазраюць па крымінальнай справе. Да Алексіевіч ламіліся. Новыя затрыманьні ў Менску

Што адбываецца на 32-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

11:47 9.9.2020

Да Сьвятланы Алексіевіч прыйшлі апэратыўнікі ў цывільным, у двары два аўтобусы

«Мне звоняць у дамафон, чуеце, поўны двор ціхароў. Два аўтобусы таксама стаяць. Дайце пайду зьбяруся», — сказала Свабодзе Сьвятлана Алексіевіч па тэлефоне.

11:46 9.9.2020

Выкладчыкі Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту запісалі зварот аб гвалце ў Беларусі пасьля выбараў


Выкладчыкі патрабуюць вызваліць усіх палітвязьняў і завесьці справы па фактах гвалту, спыніць рэпрэсіі.

Яны запісалі супольнае відэа, у якім выказваюць сваю нязгоду з гвалтам і злом, якія запанавалі ў Беларусі пасьля выбараў, а таксама салідарнасьць з затрыманымі.

Нагодай сталіся брутальныя затрыманьні студэнтаў унівэрсытэту, якія 4 верасьня засьпявалі ў сьценах ВНУ песьню зь мюзіклу паводле «Les Misérables» Віктора Гюго. Выкладчыкі перакананыя, што краіна перажыла пункт невяртаньня, у Беларусі запанавалі гвалт і жорсткасьць.

11:46 9.9.2020

У кватэрах прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады Калесьнікавай, Знака і Салея ператрусы

У розных частках Менска паралельна адбываецца сэрыя ператрусаў у чальцоў Каардынацыйнай рады і штабу зьняволенага прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, паведамляюць у Каардынацыйнай радзе.

Вядома, што цяпер праваахоўнікі працуюць у кватэры Максіма Знака, які быў затрыманы раніцай 9 верасьня. Ля дому заўважаныя машыны без рэгістрацыйных нумароў.

Таксама адбываецца ператрус у кватэры Марыі Калесьнікавай, чыё месцазнаходжаньне па-ранейшаму невядомае. Ля пад’езду і на лесьвічных пляцоўках сілавікі ў балаклавах, унутар нікога не ўпускаюць, паведамляе Эўрарадыё.

Пачаўся вобшук у юрыста Ільлі Салея, які абараняе інтарэсы арыштаванага экс-банкіра Віктара Бабарыкі.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не зьбіраецца весьці перамовы Каардынацыйнай радай, бо ня ведае, адкуль зьявіліся гэтыя людзі.

З сямі сябраў прэзыдыюму гэтай грамадзянскай плятформы, якія ўжо затрыманыя або вымушана зьехалі зь Беларусі, застаеца на волі ў Беларусі толькі Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

11:45 9.9.2020

Польскі прэмʼер падарыў Ціханоўскай ключы ад «Беларускага дому» ў Варшаве

Прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі адкрывае сядзібу «Беларускага дому» у Варшаве. Будынак у прэстыжным раёне Варшавы Саска Кэмпа польскі ўрад перадаў на патрэбы беларускай грамадзкасьці ў выгнаньні.

У сустрэчы прымае ўдзел і былая кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская.

Падчас прамовы польскі прэм'ер заявіў, што неўзабаве будзе прадстаўлены эканамічны плян, які засьведчыць жаданьне Захаду дапамагчы Беларусі.

11:18 9.9.2020

Затрыманьні і ператрусы ў Каардынацыйнай радзе: Знак, Салей, Калесьнікава, Алексіевіч

  • У Марыі Калесьнікавай дома ператрус, а адвакаты дагэтуль ня ведаюць, дзе яна, піша Каардынацыйная рада.
  • Максім Знак затрыманы сёньня раніцай, у яго кватэры плянуюць ператрус. Супраць яго нібы распачалі крымінальную справу за «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы», але афіцыйнага пацьверджаньня няма.
  • Таксама затрыманы юрыст Ільля Салей — адвакат Марыі Калесьнікавай. У яго дома таксама ідзе ператрус.
  • Невядомыя тэлефануюць Сьвятлане Алексіевіч, звоняць у кватэру
10:57 9.9.2020

У Менску зьявілася памятная дошка на доме, дзе жыў Быкаў


Яе павесілі на вуліцы Танка, 10. Гісторыя з устаноўкай цягнулася доўгія два гады, афіцыйнага адкрыцьця пакуль не было, кажа адзін з ініцыятараў Глеб Лабадзенка.

«Было толькі ўсталяваньне. Але з адкрыцьцём ці без — галоўнае ж не патасныя прамовы, а справа, праўда? Таму ў сытуацыі „так“ ці „ніяк“, я заўсёды выбіраю „так“». — напісаў Лабадзенка ў сваім Фэйсбуку.

Стварыў дошку скульптар Ігар Засімовіч. Значную частку патрэбнай сумы ўнесла віцебская фірма «Рубікон», а дапамогу з фармальнага боку аказаў Фонд Магдалены Радзівіл.

10:39 9.9.2020

Акцыя салідарнасьці на гары Мітчэл

10:26 9.9.2020

Ціханоўская заклікала расейцаў ня верыць «хлусьні» пра падзеі ў Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская ў сваім Telegram-канале «Пул первой» заклікала расейцаў ня верыць «хлусьні» і «расейскай прапагандзе», якая стараецца «максымальна сказіць» тое, што адбываецца ў Беларусі.

Ціханоўская запэўніла расейцаў, што пратэсты ў Беларусі не накіраваныя супраць Расеі і расейцаў.

  • На жаль, расейская прапаганда намагаецца максымальна сказіць тое, што адбываецца ў Беларусі.
  • Заклікаю не паддавацца ўплыву гэтай хлусьні і ведаць сапраўдную прычыну, чаму беларускі народ патрабуе сыходу Лукашэнкі.
  • Беларускі пратэст не барацьба супраць Расеі і, я ўпэўненая, такім ня стане.
  • Беларусы ўдзячныя расейцам, якія падтрымліваюць барацьбу беларускага народу за свабоду.
  • Падтрымайце беларускі народ.

Ціханоўская адзначыла, што пратэсты маюць тры мэты:

  • адстаўка Лукашэнкі і новыя сумленныя выбары;
  • вызваленьне ўсіх палітвязьняў;
  • расьсьледаваньне злачынстваў улады супраць беларускага народу.
10:26 9.9.2020

Адвакат Калесьнікавай дагэтуль ня ведае, дзе знаходзіцца Марыя

Людміла Казак зьбіраецца накіраваць скаргу ў Генпракуратуру на супрацьдзеяньне аказаньню юрыдычнай дапамогі.

«Мы чакалі, што зьявіцца інфармацыя пра месцазнаходжаньне Марыі Калесьнікавай. Атрымліваецца сваволя, калі паведамляюць на самым высокім узроўні, што чалавека затрымалі, але ніхто да яго ня можа трапіць і дзе ён, таксама нікому не адкрываюць», — сказала Свабодзе Людміла Казак.

Паводле адваката, Генпракуратура зьяўляецца гарантам законнасьці і кантралюе ўсе органы.

«Але, відаць, адрэагуюць так, як і ўсе астатнія органы», — сказала яна. Паводле Людмілы Казак, пра месца, дзе знаходзіцца Марыя Калесьнікава, «нічога не пацьвярджаюць, апроч таго, што казалі ўчора па БТ.

«Тое, што бачаць усе, вядома і мне. Ня больш», — сказала адвакатка.

09:46 9.9.2020

Максім Знак з Каардынацыйнай рады перастаў выходзіць на сувязь

Як паведамілі Свабодзе ў штабе Віктара Бабарыкі, у 8.30 у яго было заплянаванае інтэрвію.

«Ён не зайшоў у Zoom, я яму патэлефанаваў, ён вымавіў фразу „Падобна, нехта да нас прыйшоў“, адключыўся і напісаў слова „Маскі“. Цяпер ён недасяжны», — расказаў прэс-сакратар штабу Бабарыкі Глеб Герман.

09:46 9.9.2020

ЗША папярэдзілі Беларусь пра дадатковыя санкцыі пасьля выкраданьня Калесьнікавай

«ЗША ў каардынацыі з нашымі партнэрамі і саюзьнікамі разглядаюць дадатковыя мэтавыя санкцыі для забесьпячэньня адказнасьці тых, хто ўдзельнічае ў парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіях у Беларусі», — гаворыцца ў заяве дзяржсакратара Майка Пампэо.

«Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя паведамленьнем пра выкраданьне 7 верасьня сябра Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай, прэсавага сакратара Антона Раднянкова і выканаўчага сакратара Івана Краўцова, а таксама спробы прымусовай высылкі іх за мяжу ва Ўкраіну 8 верасьня.

Мы вітаем мужнасьць спадарыні Калесьнікавай і беларускага народу ў мірным адстойваньні свайго права выбіраць сваіх лідэраў на свабодных і сумленных выбарах, нягледзячы на неабгрунтаваны гвалт і рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў, у тым ліку абуральнае зьбіваньне мірных пратэстоўцаў сярод белага дня і сотні затрыманьняў 6 верасьня, а таксама ўсё больш паведамленьняў пра выкраданьні.

ЗША ў каардынацыі з нашымі партнэрамі і саюзьнікамі разглядаюць дадатковыя мэтавыя санкцыі для забесьпячэньня адказнасьці тых, хто ўдзельнічае ў парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіях у Беларусі. Мы нагадваем уладам Беларусі пра адказнасьць за бясьпеку спадарыні Калесьнікавай і ўсіх несправядліва затрыманых.

Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць гвалт супраць уласнага народу, вызваліць усіх, хто быў несправядліва затрыманы, у тым ліку грамадзяніна ЗША Віталя Шклярава, і пачаць зьмястоўны дыялёг з сапраўднымі прадстаўнікамі беларускага грамадзтва», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве ўраду ЗША.

XS
SM
MD
LG