Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ля офісу, дзе месьціцца Каардынацыйная рада, 9 верасьня
Міліцыя ля офісу, дзе месьціцца Каардынацыйная рада, 9 верасьня

Месяц пратэстаў. Калесьнікаву і паплечнікаў падазраюць па крымінальнай справе. Да Алексіевіч ламіліся. Новыя затрыманьні ў Менску

Што адбываецца на 32-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

13:21 9.9.2020

Лукашэнка прызначыў новага генэральнага пракурора

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 9 верасьня прызначыў Андрэя Шведа, які да цяперашняга часу ўзначальваў Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз, Генэральным пракурорам Беларусі, паведамляе БелТА.

«Напэўна, гэта натуральны працэс пасьля выбараў. Як у любой дзяржаве. Асноўны касьцяк, ва ўрадзе асабліва, мы сфармавалі да выбараў, каб людзі бачылі, з кім прэзыдэнт плянуе працаваць пасьля выбараў. Ну і натуральна, як гэта прынята казаць, пэўная даводка заўсёды існуе пасьля выбараў», — сказаў Лукашэнка аб прызначэньні.

Швед заменіць Аляксандра Канюка, які прапрацаваў на гэтай пасадзе 9 гадоў. Лукашэнка адзначыў, што Канюк выказаў жаданьне папрацаваць на дыпляматычнай службе.

13:21 9.9.2020

Прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму пакінуў пасаду

Прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Беларусі пакінуў пасаду. Пра гэта Ўладзімер Несьцяровіч напісаў пра гэта ў Facebook, паведамляе «Прессбол».

«На гэтым усё. Сышоў з спорту і турызму. Сілы вычарпаліся. Прыходжу ў сябе», — паведаміў Несьцяровіч.

На мінулым тыдні вядомыя беларускія спартоўцы зьвярнуліся да сваіх калегаў з просьбай абʼяднацца і падтрымаць сваёй пазыцыяй акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія апошнія 4 тыдні праходзяць па ўсёй краіне.

Таксама яны заявілі аб стварэньні Вольнага абʼяднаньня спартоўцаў Беларусі і заклікаюць іншых да яго далучацца.

13:23 9.9.2020

Толькі 17% жыхароў Расеі хочуць аб’яднаньня зь Беларусьсю, — апытаньне

Больш за 40 адсоткаў жыхароў Расеі ня хочуць абʼяднаньня зь Беларусьсю і аддаюць перавагу добрасуседзкім адносінам зь ёю. Гэта вынікае з апытаньня Усерасейскага цэнтру грамадзкай думкі (ВЦИОМ).

  • За саюзную дзяржаву выказаліся 22% рэспандэнтаў.
  • 17% лічаць, што Беларусь павінна ўвайсьці ў склад Расеі на правах аднаго або некалькіх рэгіёнаў.
  • 1% апытаных хацелі б, каб Расея ўвайшла ў склад Беларусі.

Апытаньне праводзілася 20 жніўня праз тэлефон сярод 1,6 тысячы расейцаў, старэйшых за 18 гадоў.

Паводле дадзеных сацыялягічнага дасьледаваньня Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага, калі ў пачатку 2019 года пад саюз з Расеяй выказваліся больш за 60 адсоткаў жыхароў Беларусі, то да сьнежня гэтая лічба ўпала амаль да 40 працэнтаў. У той жа час узмацніліся праэўрапейскія настроі: колькасьць прыхільнікаў уступленьня Беларусі ў Эўразьвяз вырас з 24 да 32 адсоткаў.

13:23 9.9.2020

Памежны камітэт адрэагаваў на заявы Раднянкова і Краўцова ў Кіеве

Афіцыйны прадстаўнік Памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі адказаў Свабодзе на пытаньне аб іх афіцыйнай рэакцыі на заявы ў Кіеве прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова.

«Уся наяўная ў Дзяржаўным памежным камітэце інфармацыя пра затрыманьне М.Калесьнікавай і перасячэньне мяжы А.Раднянковым і І.Краўцовым па стане на бягучы момант дадзена грамадзкасьці і СМІ ў поўным аб'ёме.


Лягічна, каб вэрсію падзей, выкладзеную на прэс-канфэрэнцыі Раднянковым і Краўцовым, камэнтавалі яны ж.

Палеміка ў гэтым пытаньні ня можа весьціся галаслоўнымі і нічым не падмацаванымі заявамі або абвінавачаньнямі, і тым больш з-за мяжы.

Што тычыцца месцазнаходжаньня і прававой ацэнкі дзеяньняў Марыі Калесьнікавай, то гэтая інфармацыя будзе дадзена пазьней».​

13:24 9.9.2020

Алексіевіч расказала журналістам, як да яе ў кватэру ламіліся невядомыя

Сьвятлана Алексіевіч сустрэлася з журналістамі пасьля таго, як у яе кватэру настойліва намагаліся трапіць невядомыя.

Па словах пісьменьніцы, ад самай раніцы хтосьці бясконца барабаніў у дамафон і яна небеспадстаўна ўстрывожылася.

«Пасьля таго, як забралі Максіма Знака, больш нікога ў прэзыдыюме Каардынацыйнай рады не засталася, — патлумачыла Нобелеўская ляўрэатка. — Але магу сказаць, што рада будзе працаваць, людзей, насуперак запалохваньням, далучаецца ўсё больш. Апусьцелыя месцы зоймуць новыя асобы».

Паводле Сьвятланы Алексіевіч, цяпер галоўная задача — зрабіць усё, каб пазьбегнуць трагічнага разрыву паміж беларусамі.

«Вы ж бачыце, як асьцервянела размаўляе пэўная частка грамадзтва, — зьвярнула ўвагу яна. — Хочацца, каб гэта ўбачыла і ўлада. Лукашэнка кажа, што не зьбіраецца дамаўляцца з вуліцай. Але вуліца — гэта і ёсьць народ. Ня тыя, каго ён сам прызначыў „народам“, а ўсе мы — настаўнікі, мэдыкі, айцішнікі. Увесь сацыяльны зрэз. А пыха ўлады якраз прыводзіць да небясьпечнага разрыву. Як бы не спрабавалі ягоныя прыслужнікі сьцьвярджаць, што выходзяць наркаманы і забойцы, увесь сьвет бачыць зусім іншае — цудоўныя, адухоўленыя твары сапраўдных беларусаў».

Раней Сьвятлану Алексіевіч выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт з нагоды крымінальнай справы аб спробе «захопу ўлады» Каардыннацыйнай радай. Але яна адмовілася сьведчыць супраць сябе і даваць падпіску аб неразгалошваньні.

13:24 9.9.2020

У Крамлі не пагадзіліся з Лукашэнкам, што «беларускія падзеі могуць адбыцца і ў Расеі»

Прэс-сакратар Уладзімера Пуціна не пагадзіўся з заявай Аляксандра Лукашэнкі, што падзеі, падобныя беларускім, могуць адбыцца і ў Расеі.

«Я б тут не пагадзіўся зь нейкімі паралелямі. Хоць у нас і ёсьць саюзная дзяржава, якую мы вельмі шануем, усё ж такі мы дзьве розныя краіны, мы дзьве розныя сувэрэнныя дзяржавы, — сказаў Дзьмітрый Пяскоў.

«У нас іншая палітычная культура, у нас іншы палітычны ляндшафт, іншыя палітычныя тэндэнцыі. Таму тут нейкія абагульненьні, мне здаецца, былі б няслушнымі», — дадаў Пяскоў.

«Ведаеце, мы да чаго прыйшлі разам з расейскім істэблішмэнтам і кіраўніцтвам? Калі сёньня Беларусь абрынецца, наступная будзе Расея», — сказаў Аляксандар Лукашэнка 8 верасьня ў інтэрвію расейскім СМІ.

13:38 9.9.2020

Месяц беларускай рэвалюцыі. Папярэднія высновы

Піша палітычны аналітык Валер Карбалевіч

Сёньня роўна месяц, як Беларусь жыве ва ўмовах рэвалюцыі. Яна здарылася нечакана для ўсіх, у тым ліку для беларускіх і замежных палітыкаў і экспэртаў. Акцыі пратэсту прагназавалі ўсе, але мала хто чакаў такога іх маштабу, зацятасьці і працягласьці.

Сьцісла

  • Першыя тры дні пасьля выбараў Беларусь перажала кароткую грамадзянскую вайну.
  • Нават калі беларуская рэвалюцыя закончыцца паразай, яна ўсё роўна ўвойдзе ў гісторыю і будзе мець вялізны ўплыў на далейшае разьвіцьцё краіны. Бо рэвалюцыі не праходзяць бясьсьледна.
  • За апошнія тры месяцы была фактычна сфармаваная грамадзянская супольнасьць, адбыўся завяршальны працэс фармаваньня беларускай нацыі.
  • Здаецца, самы небясьпечны для кіроўнага рэжыму момант, пік рэвалюцыі ўжо мінуў. То былі першыя 10 дзён пасьля выбараў.
  • Адбываецца працэс эрозіі тых карпаратыўных інстытутаў, на якія абапіраўся рэжым, дзяржаўны апарат.
  • Пакуль існуе часовая раўнавага і пэўны палітычны тупік. Паколькі Лукашэнка адмаўляецца ад перамоваў, то зыход палітычнага крызісу можа адбыцца толькі ў выніку абсалютнай перамогі аднаго з бакоў канфлікту.
  • Аляксандар Лукашэнка, які чвэрць стагодзьдзя зьяўляўся гарантам беларускай стабільнасьці, раптам стаў галоўным чыньнікам дэстабілізацыі Беларусі.
  • Падзеі апошняга месяца нанесьлі зьнішчальны ўдар па міжнароднай суб’ектнасьці Беларусі.
13:55 9.9.2020

У Менску затрымалі адваката Ільлю Салея, — Каардынацыйная рада

Выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў паведаміў, што сёньня затрымалі адваката Ільлю Салея.

«Цяпер мы найбольш перажываем за нашых калег. Сёньня ў нас у штабе прайшоў ператрус. Затрымалі Максіма Знака, таксама затрымалі адваката Ільлю Салея, які таксама актыўна ўдзльнічаў у нашай працы», — сказаў Іван Краўцоў у інтэрвію ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Ён заклікаў максымальна падтрымаць іх, каб яны выйшлі на волю.

Затрыманьнне Салея Свабодзе пацьвердзілі ў штабе Віктара Бабарыкі.

Ільля Салей — юрыст адвакацкага бюро Borovtsov & Salei. Быў адным з адвакатаў Віктара Бабарыкі.

13:58 9.9.2020

«Расея паглынаць Беларусь не зьбіраецца»,— прэсавы сакратар Пуціна пра візыт Лукашэнкі ў Маскву

Тэмы аб паглынаньні Расеяй Беларусі не стаіць, у тым ліку падчас будучага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, паведаміў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

Раней дыпляматычныя крыніцы паведамілі агенцтву «РИА Новости», што візыт кіраўніка Беларусі заплянаваны на 14 верасьня.

«Ніякіх зьліцьцяў, паглынаньняў і гэтак далей быць ня можа як вынік візыту. Гэта абсалютная лухта. Візыт важны, асабліва з улікам тых дзён, якія перажывае Беларусь. Нашы адносіны асаблівага партнэрства, саюзьніцкія, шматвэктарныя», — сказаў Пяскоў журналістам.

На парадку дня — гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, запазычанасьці, энэргарэсурсы, пастаўкі нафты, газу, а таксама пытаньні інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы, ЭАЭС і СНД, падсумаваў прадстаўнік Крамля.

14:20 9.9.2020

Крэмль: пакуль рана казаць пра дату візыту Лукашэнкі ў Расею

Пакуль рана казаць пра дату візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Расею, заявіў агенцтву «РИА Новости» прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

Раней дыпляматычная крыніца ў Маскве паведаміла агенцтву, што візыт Лукашэнкі ў Расею заплянаваны на 14 верасьня.

14:34 9.9.2020

Францыя выступіла з заявай наконт неабгрунтаваных арыштаў у Беларусі і выгнаньня актывістаў з краіны

«Францыя самым рашучым чынам асуджае неабгрунтаваныя арышты і практыку прымусовага выгнаньня ў апошні час некалькіх сябраў Каардынацыйнай рады, а таксама многіх маніфэстантаў. Сытуацыя са спадарыняй Калесьнікавай павінна быць цалкам патлумачанай»,— гаворыцца ў заяве амбасады Францыі ў Менску.

«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна пакласьці канец гэтым дзеяньням, вызваліць усіх неабгрунтавана затрыманых і пачаць ўсёабдымны нацыянальны дыялёг зь беларускім грамадзтвам, да якога мы заклікаем беларускія ўлады з 9 жніўня 2020 года. Мы нагадваем аб нашай прыхільнасьці да свабоды выказваньня меркаваньняў і да права на правядзеньне маніфэстацый, а таксама да захаваньня палітычных правоў і асноўных свабодаў.

У гэтай сувязі, Францыя нагадвае пра сваю падтрымку хуткага ўвядзеньня Эўрапейскім Зьвязам санкцый у адносінах да асобаў, адказных за рэпрэсіі супраць беларускага народу і за фальсыфікацыю выбараў, якая адбылася 9 жніўня 2020 года».

14:39 9.9.2020

Сьвятлана Алексіевіч: «Ёсьць небясьпека, што мы можам страціць краіну»

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч папрасіла журналістаў прыехаць да яе дому, бо ад раніцы ёй тэлефануюць і звоняць у дзьверы незнаёмыя людзі. Яна распавяла пра тое, як даўно за ёй сочаць, што яна думае пра будучыню Каардынацыйнай рады і пра ролю Расеі ў беларускім палітычным крызісе. ​

15:12 9.9.2020

«Хочуць затрымаць, як і астатніх сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады», — Арлоў пра перасьлед Алексіевіч

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў прыйшоў падтрымаць ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі Сьвятлану Алексіевіч, якую ад раніцы 9 верасьня турбавалі праваахоўнікі.

«У іншых краінах з такімі людзьмі улада раіцца, як выйсьці з драматычнай сытуацыі, у якой апынулася грамадзтва. У нашым выпадку не абмежаваліся нават выклікам на допыт у Сьледчы камітэт, цяпер мы зьяўляемся сьведкамі таго, што Сьвятлану хочуць затрымаць, як і астатніх сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады.

Апошняя, хто яшчэ застаецца на волі. Я з дыпляматамі і журналістамі падымаўся да яе, яна дала кароткае інтэрвію зь дзьвярэй кватэры. Спакойная, мужная жанчына, гатовая да ўсяго», — канстатаваў суразмоўца Свабоды. Цалкам чытайце па спасылцы.

15:13 9.9.2020

Амаль два дзясяткі беларусаў зьвярнуліся да ўладаў Украіны з просьбамі аб палітычным прыстанішчы

Памежнікі Ўкраіны цягам апошняга часу перадалі ў міграцыйную службу 15 зваротаў ад грамадзян Беларусі па атрыманьне абароны ад перасьледу на радзіме. Сёньня з аналягічнай просьбай у пункце пропуску ў Чарнігаўскай вобласьці да памежнікаў зьвярнулася яшчэ адна беларуская сям’я — муж і жонка зь дзецьмі.

«Мужчына паведаміў, што ўжо пэўны час на іх ціснулі праваахоўныя органы Беларусі. Аднак з краіны яны вырашылі выехаць, бо супраць яго нядаўна завялі надуманую крымінальную справу, зьвязаную з хабарніцтвам», — удакладнілі памежнікі.

15:14 9.9.2020

Прэзыдэнт Літвы заклікаў міжнародную супольнасьць адрэагаваць на пагрозы Алексіевіч і іншым апазыцыянэрам у Беларусі

«Вельмі грубыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, на жаль, працягваюцца. Сьвятлане Алексіевіч, ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі, пагражае арышт. Іншых чальцоў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады затрымліваюць і дэпартуюць. Міжнародная грамадзкасьць ня можа маўчаць!» — напісаў Гітанас Наўседа ў Twitter.

15:22 9.9.2020

Дзейнасьць Каардынацыйнай рады не заблякуюць. Новыя заявы Раднянкова і Краўцова ва Ўкраіне

Прэсавы сакратар і сябра Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў 9 верасьня ў Кіеве далі інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода. Што яны расказалі? Чытайце цалкам па спасылцы.

15:24 9.9.2020

«60 тысяч беларускіх штыкоў будуць ваяваць за Расею». Зьявіліся новыя заявы Лукашэнкі расейскім СМІ

Беларускія сілавікі не парушылі закону пры разгоне акцый пратэсту, яны выконвалі свае задачы для стабілізацыі становішча, заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскім СМІ. «На вуліцах працуюць АМАП і ўнутраныя войскі. Гэта іх задача — стабілізацыя становішча, утрымаць краіну. Яны парушылі закон? Не», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што пратэстоўцы мелі намер 9 і 10 жніўня захапіць урадавыя ўстановы.

«АМАП выратаваў нас, як мы цяпер усе бачым, ад бліцкрыгу. Каб ня гэтыя хлопцы, зноў жа, мы тут не сядзелі б з вамі. Яны супрацьстаялі гэтаму», — пахваліў сілавікоў Лукашэнка.

На яго перакананьне, беспарадкамі ў Беларусі кіруюць амэрыканцы праз цэнтар пад Варшавай. Пры гэтым дадаў, што ніякай дэстабілізацыі ў Беларусі няма. Усе цытаты чытайце па спасылцы.

15:28 9.9.2020

«На гвалт і катаваньні быў загад». Праваабаронца Алесь Бяляцкі пра месяц пасьля выбараў

«Можна сказаць, што сёньня ў Беларусі ў двубоі сышлося Дабро і Зло, — заявіў Алесь Бяляцкі сайту palitviazni.info. — Варта адзначыць, што Зло — добра ўзброенае, мае дзяржаўныя мэханізмы. У іх і зброя, і суды, і сілавыя структуры. А з боку Дабра — толькі нечуваныя для краіны мірныя пратэсты, якія зьбіраюць сотні тысяч людзей. І гэтая барацьба працягваецца».

«Гэта быў унікальны і нават гістарычны месяц, — кажа Алесь Бяляцкі. — Як праваабаронцы мы адзначаем з аднаго боку вялізны маштаб рэпрэсій з боку ўладаў у дачыненьні да беларусаў, а зь іншага — няспынны супраціў і абурэньне фальсыфікацыямі падчас выбараў, кампаніяй перасьледу грамадзкіх актывістаў і ціску на людзей». Цалкам чытайце тут.

15:35 9.9.2020

Хроніка судоў над удзельнікамі акцый пратэсту. Абнаўляецца

У Менску і іншых гарадах Беларусі працягваюцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцый пратэсту, якія адбываліся з 27 жніўня па 8 верасьня. Праваабарончы цэнтар «Вясна» абнаўляе вынікі судоў анлайн.

Вынікі судовых пасяджэньняў па адміністрацыйных справах супраць затрыманых за 27 жніўня, 7, 8 і 9 верасьня глядзіце тут.

15:47 9.9.2020

Чаму Лукашэнка звольніў генпракурора Канюка? Вэрсіі пра фінансавую падтрымку рэпрэсаваным і сына, які працаваў у PandaDoc

Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасады генпракурора Аляксандра Канюка, прызначыўшы на яго месца экс-старшыню Дзяржкамітэта судовых экспэртыз Андрэя Шведа. Што стаіць за гэтай адстаўкай?

Вэрсія №1. Паводле інфармацыі dev.by, пасьля таго, як у PandaDoc прайшлі ператрусы з затрыманьнем чатырох супрацоўнікаў, у профілі Дзьмітрыя Канюка ў Facebook зьявілася рамка #SavePandaDoc у знак салідарнасьці з экс-калегамі. Сын звольненага сёньня Аляксандра Канюка працаваў у кампаніі прадуктовым мэнэджэрам да канца сакавіка.

Дзьмітры Канюк таксама ініцыяваў праект па пошуку блізкіх пасьля жнівеньскіх пратэстаў і масавых затрыманьняў. Ён дзякаваў парталу Tut.by і генпракуратуры за дапамогу ў пошуку інфармацыі пра зьніклых. Цалкам чытайце тут.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG