Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Расеяй мінус 22%, з Украінай мінус 24%. У Беларусі зьніжаецца таваразварот з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі


Іююстрацыйнае фота
Іююстрацыйнае фота

Агульны экспарт тавараў з Беларусі за паўгода ўпаў на 20%, пастаўкі нафтапрадуктаў зьнізіліся ў 2,7 раза.

За першыя паўгода замежны гандаль Беларусі істотна прасеў у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась. Агулам экспарт упаў на 20%, настолькі ж зьнізіўся агульны таваразварот. Зьніжэньне, паводле Белстату, назіраецца з усімі асноўнымі гандлёвымі партнэрамі.

Зь якімі краінамі зьнізіўся гандаль

Нямеччына — традыцыйны гандлёвы партнэр Беларусі, таваразварот за паўгода зьнізіўся на 17% (агулам ён склаў 1,1 мільярда даляраў), а найбольш прасеў экспарт: мінус 39% у параўнаньні зь першым паўгодзьдзем 2019 году. Імпарт скараціўся на 2%.

Вялікая Брытанія — адзін з буйных пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў. Таваразварот упаў на 72%, экспарт — на 76%. Агульная сума таваразвароту — 338 мільёнаў даляраў, што нашмат менш, чым летась за такі ж пэрыяд.

Украіна — другі буйны пакупнік беларускіх нафтапрадуктаў, за паўгода агульны таваразварот склаў 2 мільярды даляраў, ён зьнізіўся за паўгода на 25%; на 29% зьнізіўся экспарт і на 17% імпарт.

Расея — асноўны гандлёвы партнэр Беларусі, агульны таваразварот за паўгода 13,2 мільярда даляраў, ён зьнізіўся на 22%; экспарт упаў на 6,5%, імпарт на 31%. Польшча — яшчэ адзін стратэгічны гандлёвы партнэр Беларусі, таваразварот за паўгода склаў 1,1 мільярда даляраў і зьнізіўся на 14%; экспарт прасеў на 20%, імпарт на 8%.

Якія тавары сталі менш купляць

Нафтапрадукты — асноўная крыніца прытоку валюту ў Беларусь. За паўгода Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў на 979 мільёнаў даляраў. Асноўнымі пакупнікамі былі Ўкраіна (509 мільёнаў даляраў) і Вялікая Брытанія (249 мільёнаў даляраў). Пры гэтым экспарт нафтапрадуктаў скараціўся ў параўнаньні з такім жа пэрыядам летась у 2,7 раза.

Экспарт мінэральных прадуктаў у параўнаньні зь мінулым годам за пэрыяд у 6 месяцаў скараціўся ў 2,5 раза. На гэтых прадуктах удалося зарабіць толькі 1,3 мільярда, у параўнаньні з 3,4 мільярда за першае паўгодзьдзе 2019 году.

У 1,2 раза скараціўся экспарт хімічнай прамысловасьці: гэта, у тым ліку, і прадукцыя горадзенскага гіганта «Гродна Азот». Калі ў 2019 годзе за першыя 6 месяцаў хімічнай прадукцыі прадалі на 2,3 мільярда даляраў, то цяпер толькі на 1,9 мільярда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG