Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі разагналі пратэст каля стэлы. Людзі выйшлі ў розных раёнах Менску і ў іншых гарадах. Што адбываецца 23 верасьня

абноўлена

Раніцай 23 верасьня менчукі заўважылі незвычайную актыўнасьць каля менскага Палацу Незалежнасьці. Рух ад цырку ў бок Кастрычніцкай плошчы перакрыты.

13:30 23.9.2020

Праваабаронца Гары Паганяйла: «Усё роўна яго чакае бясслаўны канец»

Праваабаронца і юрыст Гары Паганяйла назваў таемную інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі «каранаваньнем баязьліўца».

  • «Інаўгурацыя доўжылася каля гадзіны і прайшла ў абстаноўцы строгай сакрэтнасьці, без абвесткі пра тое, што кіраўнік дзяржавы ўступае на пасаду. Гэта ўсё зьвязана з тым, што ён, як і раней, паводзіць сябе як паганы баязьлівец. Разумее, што нелегітымны, што выбары ня выйграў, што народ выказаўся супраць, і гэтая чарговая кадэнцыя на шосты тэрмін абсалютна незаконная. Таму, як усякую чорную справу, паспрабаваў гэта зрабіць ўпотай».
  • «Беларусы былі маральна гатовыя да таго, што ён правядзе інаўгурацыю такім чынам. Але я ня думаю, што ён тым самым замацуецца на пасадзе прэзыдэнта. Барацьба беларускага народу працягнецца і яго ўсё роўна чакае бясслаўны канец», — падсумаваў праваабаронца.
13:28 23.9.2020

Былы паліттэхноляг Пуціна: Цяжка ўявіць больш наглядную дэманстрацыю няўпэўненасьці ўлады ў сабе

Расейскі паліттэхноляг Глеб Паўлоўскі мяркуе, што Лукашэнка прадэманстраваў беларускаму грамадзтву няўпэўненасьць у сабе ў якасьці кіраўніка дзяржавы. Такі крок Лукашэнкі ўскосным чынам захоўвае напружаную абстаноўку ў краіне, лічыць экспэрт.

«Гэтай сваёй дзіўнай інаўгурацыяй, фармат якой стаў нечаканым нават для яго прыхільнікаў, Лукашэнка паказаў, што ў краіне існуюць два цэнтры ўплыву — улада і пратэстоўцы, і што значная частка насельніцтва беларускай сталіцы не ўспрымае яго як прэзыдэнта. Напэўна, цяжка ўявіць сабе больш наглядную дэманстрацыю няўпэўненасьці ўлады ў самой сабе, чым таемная інаўгурацыя. Гэта супярэчыць самому характару падобнага роду цырымоніі», — сказаў Паўлоўскі ў сераду «Інтэрфаксу».

13:26 23.9.2020

Акцыя студэнтаў Унівэрсытэту культуры ў Менску

13:19 23.9.2020

«Ланцуг салідарнасьці» ў менскім Уруччы

13:16 23.9.2020

Студэнты МДЛУ выйшлі на пратэстны пікет у Менску

13:02 23.9.2020

Ператрус у кватэры галоўнага рэдактара «Нашай нівы». ВІДЭА

13:00 23.9.2020

Каля Палацу Незалежнасьці затрымлівалі расейскага журналіста

Карэспандэнта расейскага агенцтва ТАСС Арцёма Папова затрымалі каля Палацу Незалежнасьці, дзе ва ўмовах сакрэтнасьці адбывалася інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведамляе агенцтва, ён меў афіцыйную акрэдытацыю МЗС Беларусі.

Пасьля трох гадзінаў у Цэнтральным РУУС Менску карэспандэнта ТАСС адпусьцілі.

12:50 23.9.2020

Інаўгурацыі ў 2015 і 2020 гадах. Як гэта было

Інаўгурацыя 2020-га адбылася на 45-ы дзень пасьля выбараў, яна не трансьлявалася на тэлевізіі, не было таксама і анонсу ў СМІ. Свабода параўнала інаўгурацыі ў 2015 і 2020 гадах.

Чытаць далей.

12:28 23.9.2020

«Я не магу, ня маю права кінуць беларусаў». Што сказаў Лукашэнка🇧🇾 падчас сакрэтнай інаўгурацыі

У Палацы Незалежнасьці прайшла таемная інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Вось некалькі ягоных заяваў:

➖ У гэты ўрачысты дзень прэзыдэнт дае клятву на вернасьць Айчыне і народу з асаблівым пачуцьцём. У ім вельмі шмат гонару за беларусаў.
➖ Сёньня ж, выпакутаваўшы перамогу, мы падняліся на новую ступень самасьвядомасьці. Астываючы ад гарачкі электаральных баталій, убачылі, як сталее ўся наша нацыя.
➖ Я не магу, не маю права кінуць беларусаў, якія зьвязалі зь дзяржаўным курсам ня толькі палітычныя перавагі, але і свой лёс, будучыню сваіх дзяцей.
➖ Ва ўмовах поствыбарнай абстаноўкі калектывы прадпрыемстваў паказалі ўсю сваю мудрасьць, выбраўшы цэх, а не плошчу.
➖ Нягледзячы на дʼябальскі дасканалае падштурхоўваньне звонку, беларусы захавалі павагу адзін да аднаго
➖ Дзень уступленьня на пасаду прэзыдэнта – гэта дзень нашай з вамі перамогі, пераканаўчай і лёсавызначальнай

12:18 23.9.2020

Галоўнага рэдактара «Наша нівы» адвезьлі ў СК

Ягора Марціновіча адвезьлі ў Сьледчы камітэт, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Яго жонка Адарʼя Гуштын, журналістка Tut.by, кажа, што яго могуць утрымліваць да 3 дзён. У Ягора Марціновіча ёсьць адвакат.

У яго забралі пры ператрусе кампутарную тэхніку, флэшкі, носьбіты інфармацыі.

Чытаць далей.

12:14 23.9.2020

Што азначае таемная інаўгурацыя Лукашэнкі. Экспрэс-аналіз

Абмяркоўваюць аналітыкі Свабоды Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

12:05 23.9.2020

У Менску пачаліся стыхійныя пратэсты. Ёсьць затрыманыя

У Менску тым часам пачынаюцца стыхійныя акцыі пратэсту. Каля Палацу Незалежнасьці затрымалі прынамсі двух чалавек.

11:52 23.9.2020

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады назваў таемную інаўгурацыю Лукашэнкі «спэцапэрацыяй»

Латушка адзначае, што Лукашэнка сьцьвярджае, што набраў звыш 80% галасоў на выбарах, але ладзіў інаўгурацыю пад аховай АМАП, «у абстаноўцы тайны і сакрэтнасьці, у вузкім коле спэцыяльна зьвезеных чыноўнікаў». Латушка не пабачыў натхнёных грамадзянаў, дыпляматычны корпус.

«Шчыра кажучы, гэта больш нагадвае зладзейскую сходку для каранацыі чарговага злодзея ў законе», – заявіў Латушка

11:51 23.9.2020

Як адбываецца інаўгурацыя прэзыдэнта Беларусі паводле закону

23 верасьня прайшла інаўгурацыя Лукашэнкі. Пра гэта пастфактум паведамілі дзяржаўныя СМІ. Упершыню ў гісторыю незалежнай Беларусі гэта адбылося таемна, ніхто не абвяшчаў даты, а сам працэс не трансьляваўся на БТ.

Паводле закону «Аб прэзыдэнце» працэс прыняцьця прысягі прэзыдэнтам мусіць трансьлявацца на дзяржаўнай тэлевізіі і каналах радыё. Інаўгурацыя мусіць адбыцца цягам двух месяцаў пасьля выбараў.

Фармальна тут можа і ня быць парушэньня — закон жа не гаворыць пра жывую трансьляцыю і не абавязвае анансаваць інаўгурацыю.

Чытаць далей

11:50 23.9.2020

Што адбавалася падчас ператрусу ў журналістаў «Нашай нівы» і Tut.by

Брат галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча Дзяніс расказаў, што адбылося зь ператрусам.

11:34 23.9.2020

«Лукашэнка афіцыйна заступіў на пасаду»

Тэлеграм-каналы дзяржаўных СМІ і блізкі да прэс-службы Лукашэнкі «Пул Первого» паведамілі пасьля 11.30, што «Лукашэнка афіцыйна заступіў на пасаду прэзыдэнта», інаўгурацыя адбылася.

11:28 23.9.2020

Картэж Лукашэнкі прыбыў у Палац Незалежнасьці

У 11.01 Tut.by паведаміў, што картэж Аляксандра Лукашэнкі прыбыў Палац Незалежнасьці. Яшчэ праз 10 хвілін Менсктранс абвясьціў, што рух транспарту ўзноўлены.

Раней партал паведамляў са спасылкай на свае крыніцы, што сёньня магла праходзіць рэпэтыцыя інаўгурацыі.

А гэта фота ўжо пасьля прыбыцьця картэжу.

11:08 23.9.2020

Што паказвае дзяржаўная тэлевізія?

А пакуль байнэт спрабуе даведацца, ці сапраўды ідзе сакрэтная інаўгурацыя, на БТ скончыўся дэтэктыўны сэрыял «Сьлед» і пачынаецца мэлядрама «Ўваходзячы ў дом, азірніся».

11:04 23.9.2020

У кватэры галоўнага рэдактара «Нашай нівы» і журналісткі Tut.by праходзіць ператрус

Журналістка Tut.by Адар’я Гуштын паведаміла пра ператрус за публікацыю, дзе «дыджэй перамен» Уладзіслаў Сакалоўскі кажа, што яго біў чалавек падобны на намесьніка кіраўніка МУС Аляксандра Барсукова.

  • Ператрус праходзіць у кватэры галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і ягонай жонкі Адарʼі Гуштын, якая працуе журналісткай Tut.by.
  • Сувязь зь Ягорам Марціновічам зьнікла, калі ён пайшоў раніцай выгульваць сабаку. Марціновіч пасьпеў адправіць сваякам SOS-паведамленьне.
  • Паводле інфармацыі Гуштын, ператрус зьвязаны з артыкулам «Нашай нівы», дзе сьцьвярджалася, што ў камэру да «дыджэя пераменаў» Уладзіслава Сакалоўскага на Акрэсьціна прыходзіў чалавек, падобны да намесьніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова.
  • Ператрус праводзіць упраўленьне ўласнай бясьпекі МУС.
  • Паводле інфармацыі Tut.by зь месца падзей, каля 10-й гадзіны ў кватэры знаходзіліся Марціновіч, Гуштын і некалькі сілавікоў. У Марціновіча спыталі, ці азнаёмлены ён з пастановай (меркавана пастановай на ператрус), пасьля гэтага дзьверы ў кватэру зачынілі.
  • Каля кватэры рэдактара Наша нівы Ягора Марціновіча два невядомыя чалавекі. Яны просяць журналістаў не здымаць.

10:59 23.9.2020

Картэж Лукашэнкі едзе на інаўгурацыю. ВІДЭА

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG