Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курсант Акадэміі МУС: Многія білі без загаду, бо самі жорсткія людзі


Уладзіслаў Бацян
Уладзіслаў Бацян

Курсант 4 курсу факультэту міліцыі Акадэміі МУС Уладзіслаў Бацян пакінуў шэрагі супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, як стаў сьведкам фальсыфікацыі выбараў, як бачыў пратэсты, стоячы ў ачапленьні, і зь якімі цяжкасьцямі пакідаў Акадэмію МУС.

Цяпер Уладзіслаў у Варшаве — зьехаў туды ад перасьледу на радзіме. Уладкавацца ў польскай сталіцы яму дапамагла ініцыятыва былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў BY_Pol.

«Да 2020 году я быў апалітычным чалавекам, не паглыбляўся шмат у што. Але я сам сутыкнуўся са злачынствам падчас датэрміновага галасаваньня, — расказвае Ўладзіслаў. — Пасьля 9 жніўня я нагледзеўся на гвалт з боку супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Я зразумеў, што больш не хачу быць часткаю ўсяго гэтага, нават калі сам не бяру ў гэтым удзелу. Я проста не хацеў, каб гэта мяне неяк датычыла.

Пра фальсыфікацыю

На маіх вачах старшыня выбарчай камісіі зачыніўся ў кабінэце і ў адкрытую сказаў, каб мы нікога туды не пускалі. Ён, нічога не саромеючыся, адкрыў сэйф і пачаў укідаць бюлетэні ў скрыню. Празь некаторы час зьявіцца і відэазапіс. Там быў афіцэр, я да яго зьвярнуўся з пытаньнем, ці ўсё яго задавальняе. Ён ніяк не адрэагаваў. Я параіўся з хлопцамі з Акадэміі. Яны сказалі, што на іх участках таксама былі такія выпадкі і што курсантаў потым выклікалі ў ідэалягічны аддзел і праводзілі зь імі гутаркі. Там ім казалі, што іх гэта абсалютна не датычыць.

Падчас датэрміновага галасаваньня я размаўляў з назіральнікамі, якіх не пусьцілі на ўчастак. Глядзеў, якія былі ў іх лічбы, а потым глядзеў лічбы яўкі ў выніковым пратаколе. Штодзённа розьніца ў яўцы была ў 2–3 разы.

Пра працу ў ачапленьні

9 жніўня мы знаходзіліся на вуліцы Янкі Купалы разам з супрацоўнікамі Савецкага РУУС. Пачатку ўсяго я ня бачыў. Я вельмі доўга стаяў разам са сваімі аднагрупнікамі. Мы закрылі вуліцу Зыбіцкую, і нам быў аддадзены загад нікога не прапускаць. У наступныя дні многія праходзілі праз вуліцу і крычалі нешта кшталту: «Як вам ня сорамна глядзець у вочы сваім бацькам!». Як толькі нешта такое адбывалася, то намесьнік па ідэалёгіі Савецкага РУУС аддаваў загад затрымліваць гэтых людзей. Іх затрымлівалі рэальна жорстка, нават калі яны падымалі рукі, іх білі. Іх білі, калі вялі ў аўтобус, і ў саміх аўтобусах таксама білі. Я б не сказаў, што з боку людзей адбываліся жорсткія парушэньні правапарадку. Яны маглі крыкнуць нешта, або ішлі са сьцягам.

Пра насільле

Былі курсанты, якія з уласнай ініцыятывы ўдзельнічалі ў затрыманьнях. Ім ніхто загаду не даваў, яны самі хацелі. Я ня ведаю, якая ў іх была матывацыя. Думаю, што гэтыя людзі жорсткія самі па сабе. Я думаю, што ў іх такі склад характару і яны як людзі вельмі агрэсіўныя. Ім далі магчымасьць беспакарана біць людзей, і яны гэтай магчымасьцю пачалі карыстацца. Гэты гвалт ня быў неабходны. Гэта была асабістая ініцыятыва кожнага чалавека.

Тыя, хто быў супраць гвалту, сышлі з органаў. Тыя, хто застаўся, відаць, апраўдваюць сябе, што калі яны самі ня білі, то можна далей там працаваць.

Пра сыход з Акадэміі МУС

Перад тым як падаць рапарт, я вельмі доўга думаў. Я баяўся сыходзіць, бо буду вінен вельмі шмат Акадэміі. Адукацыя ў Акадэміі вельмі дарагая. Кожны год — недзе 5 тысяч даляраў. Але ў выніку напісаў, прынёс курсавому афіцэру. Я патлумачыў сваё рашэньне тым, што быць у міліцыі — гэта не маё. Калі б я сказаў, што гэта з прычыны палітычнай сытуацыі, то ў мяне пачаліся б праблемы ўжо на тым этапе. І я так казаў увесь час, пакуль ня звольніўся, а гэта два тыдні.

Са мною размаўляў афіцэр, намесьнік начальніка факультэту, сам начальнік, намесьнік начальніка Акадэміі і, нарэшце, псыхолягі. Усім я казаў тое самае. Калі ў мяне пыталіся, як я стаўлюся да тых афіцэраў, якія пакінулі Акадэмію, я адказаў, што мне ўсё роўна. Але па факце я іх вельмі падтрымліваў і лічу, што яны зрабілі правільна.

Пра будучыню міліцыі

Тое, што цяпер адбываецца ў міліцыі, гэта абсалютна ненармальна. Гэта нечалавечыя ўмовы. Я не разумею, як многія людзі застаюцца там працаваць. Ёсьць стартавы заробак у 1000 рублёў. Але, зь іншага боку, ёсьць ціск з боку начальства, пастаянныя вымовы, перапрацоўкі, і начальства ставіцца да цябе так, што ты зробіш усё, што яны загадаюць. Яны ня хочуць слухаць тваю пазыцыю. Ня хочуць слухаць, каб зрабіць нешта больш рацыянальна.

Міліцыю трэба рэфармаваць. Гэтым цяпер займаюцца хлопцы з By_Pol, прыдумляюць ідэі, якія дазволяць палепшыць нашую міліцыю. Калі б міліцыя зьмянілася, я быў бы ня супраць там працаваць, бо гэта важная праца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG