Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты САЗ ва Ўхані паспрабуюць знайсьці прычыну каранавірусу


Экспэрты САЗ прыбываюць ва Ўхань
Экспэрты САЗ прыбываюць ва Ўхань

13 членаў місіі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) ў чацьвер прыбылі ў горад Ухань ў Кітаі, каб правесьці расьсьледаваньне магчымых прычынаў зьяўленьня новага каранавірусу і пачатку выкліканай ім эпідэміі COVID-19.

У групу экспэртаў уваходзяць прадстаўнікі ЗША, Аўстраліі, Нямеччыны, Японіі, Вялікай Брытаніі, Расеі, Нідэрляндаў, Катара і Віетнаму. Двое членаў групы пакуль застаюцца ў Сынгапуры пасьля тэстаў на каранавірус: тэсты былі нэгатыўныя, але ў крыві выявілі антыцелы. Спэцыялісты, якія ўжо прыбылі ва Ўхань, некаторы час правядуць у карантыне, размаўляючы з кітайскімі чыноўнікамі празь відэасувязь. Усяго, як чакаецца, яны прабудуць у Кітаі каля месяца.

Улады Кітаю выдалі дазвол на паездку толькі пасьля настойлівых зваротаў САЗ. У арганізацыі заяўляюць, што мэтай экспэртаў будзе вызначыць, як менавіта вірус пачаў распаўсюджвацца ад чалавека да чалавека. Па магчымасьці яны паспрабуюць вызначыць крыніцу самых першых задакумэнтаваных выпадкаў захворваньня, якія былі адзначаныя ў сьнежні 2019 году.

Першыя паведамленьні пра новую інфэкцыю паступілі менавіта з Ухані. Гэты горад адным зь першых зачынілі на карантын, калі ў студзені 2020 году пачаўся рэзкі рост колькасьці выпадкаў захворваньня. Нягледзячы на гэтыя меры, вірус выйшаў за межы Ўхані, а затым і Кітаю. У сакавіку 2020 г. абвясьцілі глябальную пандэмію, якая працягваецца да гэтага часу, прычым у апошнія тыдні паказчыкі колькасьці інфікаваных і сьмерцяў самыя высокія за ўвесь час.

Усяго за год у сьвеце заразіліся больш за 90 мільёнаў чалавек, амаль 2 мільёны памерлі. У самым Кітаі, аднак, пасьля падаўленьня першай успышкі інфэкцыі вясной 2020 году колькасьць новых інфікаваных за суткі не перавышае некалькіх дзясяткаў — у адрозьненьне ад большасьці іншых краінаў, там не было так званай «другой хвалі» эпідэміі.

Існуюць розныя тэорыі аб паходжаньні каранавірусу і пачатку эпідэміі. Большасьць спэцыялістаў схіляюцца да таго, што для людзей зь нейкай прычыны стаў заразным каранавірус, які зьмяшчаецца, у прыватнасьці, у арганізьме кажаноў. Вылучаліся і іншыя вэрсіі, у тым ліку аб працёку вірусу зь лябараторыі ва Ўхані і аб яго штучным паходжаньні. Улады Кітаю вэрсію аб працёку адмаўляюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG