Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада рыхтуе рэпрэсіўны адказ». Расейскі палітоляг пра гвалт сілавікоў і рэакцыю Крамля на пратэсты ў Расеі


Масква, 23 студзеня 2021 г.
Масква, 23 студзеня 2021 г.

На акцыях з патрабаваньнем вызваліць Аляксея Навальнага 23 студзеня ў розных гарадах Расеі рэкордная колькасьць затрыманых: больш за 3,5 тысячы чалавек па ўсёй краіне, звыш 1300 — у Маскве, каля 500 — у Санкт-Пецярбургу.

Паліцыянты зьбівалі пратэстоўцаў дубінкамі, жанчына з Санкт-Пецярбургу, якую сілавік ударыў нагой у жывот, пры падзеньні выцялася так, што трапіла ў рэанімацыю.

Чаму сілавікі дзейнічалі жорстка і як улады і асабіста Уладзімір Пуцін будуць рэагаваць далей — пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время» разважаў палітоляг і палітык Леанід Гозман.

— Вы чакалі такога ці не?

— Вы ведаеце, чакаў, але спадзяваўся, што гэтага ня будзе. Але яно здарылася. Мне здаецца, што сёньня такі паваротны дзень, папраўдзе. Я, зразумела, ня ведаю, колькі параненых, колькі людзей неяк пакалечылі. Гэта будзе зразумела толькі потым. Але зразумела, што ўлада хацела гвалту, улада правакавала гвалт, з майго пункту гледжаньня, і ўлада, відавочна, рыхтуе рэпрэсіўны адказ на найбліжэйшую будучыню.

Я мяркую з трох момантаў: з таго, што ўвесь учорашні дзень прайшоў пад гэтай вар’яцкай кампаніяй: «Ні ў якім разе ня трэба туды дзяцей, а то іх там пабʼюць». Прычым пытаньне ў тым, хто іх там паб’е? Вы там іх і паб’яце. Дзе ж пагроза? Гэтая варʼяцкая кампанія ўвесь дзень ішла.

Потымя гэтая выдатная жанчына-амбудсмэн у пытаньнях правоў дзіцяці заявіла, што ва Ўладзівастоку пратэстоўцы выставілі супраць сябе ланцуг дзяцей, проста фашысты, і адтуль, з-за гэтага ланцуга, чымсьці кідаліся ў амапаўцаў.

Ну і апошняе, вядома, жудаснае паведамленьне, што каля 40 сілавікоў пацярпела ў Маскве. Абсалютна незразумела, як яны маглі пацярпець ад бяззбройных людзей. Пры тым, што журналісты былі ўсюды, пакуль вядомая адна сцэна сілавога супрацьстаяньня: калі аўтамабіль…

— Я хацеў запытацца ў вас, прабачце, перапыню. Вы кажаце, што «ўлада хацела». А для чаго гэта яна хацела менавіта такі сілавы сцэнар?

— Я думаю, справа вось у чым: думаю, яны разумеюць, што яны ў поўным тупіку. Яны ня могуць кіраваць так, як яны кіравалі раней. У гэтым сэнсе гэта, як вучыў Уладзімір Ільіч Ленін, рэвалюцыйная сытуацыя: нізы больш так ня хочуць, а вярхі больш так не могуць.

Яны разумеюць, што ня могуць так кіраваць нават пры тым узроўні фальсыфікацый выбараў, які ў іх ёсьць, яны разумеюць, што ня могуць забясьпечыць сабе перамогу. І таму ім трэба перайсьці да іншага рэжыму кіраваньня. Ім трэба абвясьціць што-небудзь тыпу надзвычайнай сытуацыі, ім трэба абвясьціць нейкую там спробу акупацыі нашай краіны, вайсковага перавароту, палацавага перавароту. Нейкага перавароту, які арганізавалі амэрыканцы, бандэраўцы, чэхі, літоўцы і я ня ведаю хто яшчэ. Ну, а далей уводзіць, уласна кажучы, дыктатуру такую адкрытую.

Я, дарэчы кажучы, не выключаю таго, што яны адменяць выбары, якія на верасень у нас прызначаныя. Таму што выйграць яны іх ня могуць, адпаведна, «іх лепш адмяніць».

— А як растлумачыць насельніцтву? Ніякага надзвычайнага становішча няма, каб адмяняць гэтыя выбары.

— Надзвычайнае становішча ствараецца паводле волі начальства, як вы разумееце. Яны скажуць, што агенты Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня, якіх узначальвае, натуральна, Навальны, які наўпрост з турмы працягвае ўсім кіраваць, жорстка зьбілі 40 супрацоўнікаў АМАПу, якія цяпер ляжаць у бальніцах усе. Што яны хацелі скінуць уладу, што яны захацелі захапіць Крэмль, яны хацелі зьнесьці будынак «Матроскай цішыні» — якая розьніца, якое трызьненьне яны прыдумаюць. Гэта прыдумаць, увогуле, справа няхітрая. Таму што яны ня могуць кіраваць так, як раней.

Акрамя таго, трэба ўлічыць яшчэ адзін момант: Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, маё ацэначнае меркаваньне, — злыдзень, але ён усё ж такі жывы чалавек, ён ня робат. Ён чалавек эмацыйны, і яму вельмі крыўдна, яго зьняважылі. Навальны яго прынізіў. Навальны ганяў наогул усё наша начальства бруднымі анучамі з моманту пачатку сваіх расьсьледаваньняў.

Па-першае, ён спачатку прынізіў іх тым, што адважыўся не памерці. Гэта, вядома, было вельмі нетактоўна зь яго боку. А далей усё гэтыя расьсьледаваньні — гэта, вядома, прыніжэньне вельмі моцнае. Акрамя ўсяго іншага, Уладзімір Уладзіміравіч адрэагуе на сваё прыніжэньне. Проста калі ў нармальнага чалавека, каб адрэагаваць на прыніжэньне, ёсьць магчымасьць пабіцца з суседам або палаяцца з жонкай ці мужам, то ў прэзыдэнта вялікай краіны ёсьць магчымасьць абвясьціць надзвычайнае становішча, пачаць вайну і гэтак далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG