Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сёньня ўночы сьнілася свабода». Гісторыя Максіма Тужыка, які зьняў з аўтавакзала дзяржаўны сьцяг


Выпускное фота Максіма Тужыка.
Выпускное фота Максіма Тужыка.

Дзевятнаццацігадовага Максіма Тужыка асудзілі на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Апошні ліст, які ад яго атрымалі сваякі, датаваны 14 лютага. Гісторыю Максіма апавяла ягоная маці, якая лічыць прысуд жорсткім.

У чым абвінавацілі Максіма Тужыка

Максіма Тужыка абвінавацілі ў зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў паводле артыкулу 370 і хуліганстве па частцы 3-й артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу.

Паводле абвінавачаньня, 5 кастрычніка Максім Тужык «залез нагамі на поручні ганка» галоўнага ўваходу аўтавакзала «Цэнтральны» і зьняў з будынку дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь. Пасьля спрабаваў сарваць сьцяг з тронка. Гэта выклікала «абгрунтаванае абурэньне і маральнае ўзрушэньне» 62-гадовага мінака Аляксея Абрамава. Мужчына схапіў заплечнік Максіма, які ён пакінуў на зямлі. Тады хлопец ударыў Абрамава кулаком у твар, а потым тронкам.

У прысудзе гаворыцца, што Максім прызнаў сваю віну часткова. Ён сказаў, што ня меў хуліганскіх намераў. Хлопец патлумачыў, што Абрамаў спачатку зрабіў яму заўвагу, а потым забраў ягоны заплечнік, дзе знаходзіліся дакумэнты.

Максім спалохаўся, што яго асобу могуць устанавіць, ударыў Абрамава рукой па галаве і «не выключае, што нанёс каля трох удараў тронкам», забраў свой заплечнік і ўцёк. Потым выкінуў тронак у траву, а сьцяг у сьметніцу. Ён «прымяніў гвалт да пацярпелага», каб забраць у яго свой заплечнік, а сьцяг здымаў, «каб ён не вісеў на будынку».

Затрымалі Максіма Тужыка 8 кастрычніка. 4 сьнежня Кастрычніцкі суд Менску прысудзіў яму чатыры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

МУС паказала відэа з допытам Максіма, аголеным да пояса і ў кайданках. Хлопец сказаў, што ўдзельнічаў у маршах, бо яго абурылі відэа, дзе сілавікі б'юць дэманстрантаў. Зьняць афіцыйны сьцяг было яго ініцыятывай, бо ён абурыўся, што здымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Хто такі Максім Тужык?

Максім Тужык скончыў гімназію і музычную школу ва Ўзьдзе, іграў на трубе ў духавым аркестры.

«Ён зь пяці гадоў чытае, прачытаў увесь фонд Узьдзенскай раённай бібліятэкі і дзіцячай. Крыху ідэалістычныя погляды набыў праз творы пісьменьнікаў, – расказвае маці Юлія Тужык, настаўніца матэматыкі і мастацтва. – Да дзяўчат ставіцца вельмі паважліва, па-рыцарску. Аднойчы ў паходзе, калі Максім быў у лягеры для алімпіяднікаў у хіміі і геаграфіі, я назірала, як ён на руках пераносіў дзяўчат праз нейкае гразкае месца. Ён ніколі не хваліўся такімі ўчынкамі, лічыў іх звычайнымі, натуральнымі».

Сям’я Максіма жыве ва Ўзьдзе, у яго яшчэ два браты. Максім паступіў у тэхналягічны ўнівэрсытэт (БДТУ) на спэцыяльнасьць «хімік-тэхноляг». З унівэрсытэту яго адлічылі ў дзень арышту.

«Мы казалі дэкану, што гэта незаконна. Але той нам сьмяяўся ў вочы», – кажа маці.

Максім быў валянтэрам, дапамагаў хворым пэнсіянэрам, насіў ім лекі і харчы. Вельмі любіць гуляць у валейбол і баскетбол.

«Мы падавалі на апэляцыю, прасілі зьмякчыць пакараньне. Таксама 28 чалавек, гэта ўся наша сям’я, настаўнікі і сябры, тыя хто ведаў Масіма і не пабаяўся, падпісалі калектыўны зварот. Але Менскі гарадзкі суд адхіліў апэляцыю. Будзем абскарджваць далей», – кажа маці.

Аркестар з удзелам Максіма Тужыка.
Аркестар з удзелам Максіма Тужыка.

Дзьве бабулі Максіма напісалі Аляксандру Лукашэнку, але іх зварот пераслалі ў пракуратуру.

«З пракуратуры прыйшоў адказ, што вы ня маеце права зьвяртацца. Бабулі прасілі не даваць жорсткага пакараньня ўнуку. Нашы ж бабулі галасавалі за Лукашэнку і верылі, што ён усе вырашае», – кажа маці Максіма.

Паводле Юліі Тужык, сябры і студэнты, хоць яны і абмежаваныя матэрыяльна, дапамагаюць зьбіраць перадачы.

«Я вельмі перажываю, і бываюць такія хвіліны, калі душэўна вельмі цяжка, калі ня бачыш выйсьця. Каб я разумела, што гэта пакараньне справядлівае, у мяне не было б гэтага болю, што дзіцяці зламалі жыцьцё ні за што. Я разумею, што я не адна такая», – кажа Юлія Тужык.

Пра ўчынак Максіма

Паводле Юліі Тужык, Максіма абурала тое, што здымалі бел-чырвона-белыя сьцягі ў людзей, залазілі на бальконы кватэр. Гэта стала прычынай, чаму Максім сам вырашыў зьняць сьцяг з вакзала. У гэты час падышоў Абрамаў і спытаўся, што ён робіць. Максім зь ім не размаўляў, а спрабаваў зьняць сьцяг.

«Калі мужчына хацеў вырваць сьцяг зь яго рук, не атрымаўшы адказу, Максім адступіў назад. Гэты чалавек схапіў ягоны заплечнік і спрабаваў яго гэтым шантажаваць, маўляў, аддавай сьцяг, а я табе заплечнік. У гэты момант Максім спалохаўся, бо ў заплечніку былі яго дакумэнты, грошы, картка – увесь яго невялікі скарб. Ён тады зьбянтэжыўся, запанікаваў і зрабіў некалькі крокаў насустрач, працягваючы сьцяг, але той мужчына моцна трымаў заплечнік у руцэ. Яны (у судзе. – РС) дачапіліся да тронка, што гэта зброя. Але Максім рэагаваў на захоп сваёй маёмасьці».

Пацярпелы Аляксей Абрамаў ў судзе ня меў матэрыяльных прэтэнзій да Максіма. Але з бацькамі хлопца ня стаў гаварыць. Паводле Юліі Тужык, ён пэнсіянэр з Заслаўя.

«Было страшна і балюча ў бусіку»

Апошні ліст ад Максіма датаваны 14 лютага, калі ён знаходзіўся ў карантыне. Ён пісаў яго з папраўчай калёніі №1 у Наваполацку. У лісьце пераважна пра побыт.

«Адчуваецца, што цяжка яму ў калёніі. Ён стараецца думаць аптымістычна, што праз 2-3 месяцы яго вызваляць, і гэта яго падтрымлівае. Але пасьля гэтага не было ні лістоў, ні тэлефанаваньняў. Мы вельмі хвалюемся», – кажа маці.

Ліст Максіма Тужыка з турмы.
Ліст Максіма Тужыка з турмы.

У адным зь лістоў Максім піша, што вельмі моцна перажывае і сумуе: «Сёньня ўночы сьнілася свабода. А раніцай сукамэрнікі казалі, што я яшчэ і гаварыў пра свабоду ў сьне. Тут многія гавораць у сьне».

29 студзеня сваякі апошні раз размаўлялі з Максімам на спатканьні.

«Ён быў сурʼёзны, сказаў, калі яму прапануюць быць валянтэрам і працаваць у менскім СІЗА, а там некаторым вязьням прапаноўваюць, то ён пагодзіцца, каб быць бліжэй да нас. Хаця праца там цяжкая, – кажа маці. – Максім не скардзіўся на ўмовы, яго ніхто ня крыўдзіць. Адзінае, ён казаў, што было страшна і балюча ў бусіку падчас затрыманьня, яго білі і запужвалі. Яму ж адразу сказалі, што ён забіў гэтага мужчыну, і ён вельмі перажываў».

«Злачынства дзеля захаваньня ўлады апраўдваецца»

Паводле праваабаронцаў, ад сілавікоў пацярпелі тысячы дэманстрантаў, некаторыя забітыя ці пакалечаныя, але ніхто пакуль не асуджаны. Заведзена пакуль толькі адна справа – аб забойстве Рамана Бандарэнкі.

«Любое злачынства, учыненае дзеля запужваньня грамадзтва і захаваньня ўлады, апраўдваецца. Любая праява іншадумства, актыўнасьці, ініцыятывы наўмысна прадстаўляецца злачынствам», – кажа Юлія Тужык.

Юлія Тужык лічыць, што Максіма асудзілі несправядліва. Яна кажа, што нарадзіла і выхоўвала сына дзеля лепшай будучыні Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG