Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску раскрылі групоўку, якая здымала і распаўсюджвала дзіцячую парнаграфію


 Сьледчы камітэт, Менск.
Сьледчы камітэт, Менск.

Ня менш за 20 дзяцей былі ўцягнутыя ў здымкі фота і відэа парнаграфічнага зьместу.

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб раскрыцьці міжнароднай арганізаванай злачыннай групы, якая мае дачыненьне да сэксуальнай эксплюатацыі дзяцей. Паводле ведамства, кіраваў ёю 37-гадовы іншаземец, які мае від на жыхарства ў Беларусі. Для гэтага ён стварыў «прадусарскую групу», якая займалася прасоўваннем дзяўчатак у мадэльным бізнэсе.

Паводле намесьніка начальніка галоўнага ўпраўленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі Аляксандра Грачова, летась у лістападзе паступіла інфармацыя ад амэрыканскіх калегаў, што нявызначаная асоба займаецца распаўсюдам парнаграфічных матэрыялаў праз электронную паштовую скрыню, якая адміністравалася з тэрыторыі Беларусі.

Беларускія праваахоўнікі выявілі, што ў здымках бралі ўдзел ня менш за 15 дзяўчатак ва ўзросце ад 5 да 13 гадоў зь Беларусі і яшчэ пяць з суседніх дзяржаў.

Неўзабаве затрымалі аўтара ролікаў — ім аказаўся грамадзянін адной з суседніх краін, які меў від на жыхарства ў Беларусі.

«Акрамя афіцыйнай працы ў адной з арганізацый Менску, мужчына займаўся прафэсійнай дзіцячай фатаздымкай і супрацоўнічаў з шэрагам дзіцячых мадэльных агенцтваў і часопісаў, — расказаў Грачоў. — Ён уваходзіў у закрытыя тэматычныя групы, дзе абменьваўся порнаматэрыяламі з замежнымі пэдафіламі».

У сваю дзейнасьць ён уцягнуў пяць жыхарак Магілёўскай вобласьці і Менску, у тым ліку тых, якія маюць досьвед сацыяльнай працы зь дзецьмі. Здымкі праводзіліся ў сталіцы і іншых гарадах. Ролікі і фота прадавалі на спэцыяльных тэматычных пляцоўках у інтэрнэце, іх кошт вагаўся ад 200 да 1500 даляраў. Сярод пакупнікоў былі грамадзяне ЗША, Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Расеі.

У лютым галоўнага арганізатара затрымалі. Ён прызнаў віну, расказаў, што знайшоў жанчын, якія пагадзіліся за грошы прыводзіць сваіх дачок для здымак. За гэта ім плаціў ад 200 да 5 тысяч рублёў.

Цяпер пад вартай пяць чалавек — усе абвінавачаныя маюць сем’і, выхоўваюць па двое-трое дзяцей. Пацярпелыя дзяўчаткі перададзены на выхаваньне сваякам або іншым людзям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG