Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка працягвае граць тую ролю ў крамлёўскім сцэнары, якая была для яго напісана»


Аркадзь Мошэс
Аркадзь Мошэс

Палітоляг Аркадзь Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў, прагназуе, як можа разьвівацца процістаяньне Менску і Брусэлю.

Таксама Аркадзь Мошэс адказаў на пытаньне, у чым канчатковая мэта заходніх санкцыяў, і патлумачыў, чаму Лукашэнка для Масквы — стратэгічна ідэальны партнэр.

Сьцісла:

  • Эўразьвяз абсалютна не гатовы прызнаваць, што сам інцыдэнт з самалётам стаў вынікам бесхрыбетнасьці ягонай палітыкі.
  • Лёгіка Менску наступная: «Трэба стварыць праблему, і, калі цябе заўважаць, з табой пачнуць дамаўляцца».
  • У цяперашняй сытуацыі Захад ня пойдзе на саступкі адразу.
  • Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, Беларусь усё глыбей будзе ўвязвацца ў палітычную, эканамічную і структурную залежнасьць ад Расеі.

— Эўразьвяз фактычна ўпершыню ў гісторыі стасункаў Менску і Брусэлю пачаў уводзіць супраць беларускага рэжыму рэальныя эканамічныя санкцыі. Ці сьведчыць гэта пра стратэгічны паварот у палітыцы Захаду ў дачыненьні да беларускага рэжыму? Ці гэта проста непазьбежная рэакцыя на гісторыю з самалётам, якая яшчэ ня сьведчыць пра зьмену ў стратэгіі?

— Безумоўна, адбыўся якасны пераход ад жыцьця бяз санкцыяў; ад жыцьця, дзе санкцыі толькі імітаваліся, — да жыцьця, дзе санкцыі будуць прысутнічаць. Якімі яны будуць, які працэнт беларускага экспарту пацерпіць, колькі здолее кампэнсаваць Расея, пакуль гаварыць пра гэта рана.

Але варта сказаць, што санкцыі ўводзяцца ня ў выніку пераасэнсаваньня палітыкі, ня ў выніку прыняцьця такога пункту гледжаньня, што палітыка бяз санкцыяў была няслушнай, а пераважна праз інцыдэнт з самалётам. І Эўразьвяз абсалютна не гатовы прызнаваць, што сам інцыдэнт з самалётам стаў вынікам бесхрыбетнасьці ягонай палітыкі. Менавіта нежаданьне ісьці на жорсткія захады прывяло да таго, што рэжым у Менску палічыў, што можа рабіць усё што заўгодна. А Эўразьвяз працягне трываць усё гэта, як ён трываў зьяўленьне сотняў палітзьняволеных, разгром незалежных СМІ і гэтак далей.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што мы ўвайшлі ў новую якасьць палітыкі Эўразьвязу, але наколькі рашуча яна можа праводзіцца, мы пакуль сказаць ня можам. Бо прынята яна ня ў выніку пераасэнсаваньня, а ў выніку інцыдэнту, які Эўразьвяз, вядома ж, не плянаваў.

— А як бы вы ацанілі рэакцыю беларускага боку? Ці не здаецца, што Менск надта рэзка ўздымае стаўкі? Калі Макей пагражаў, што ў адказ на санкцыі зьнікне грамадзянская супольнасьць, то гэта для цяперашніх уладаў справа звыклая. Але калі Беларусь заяўляе (і ўжо робіць), што ня будзе спыняць мігрантаў, ці нават робіць намёкі на нейкія іншыя формы шантажу, то гэта стварэньне рэальных праблемаў для Эўразьвязу, а не для беларускіх грамадзян. Ці можа такая нахабная палітыка выклікаць адступленьне Захаду, на што Менск разьлічвае?

— Я думаю, што Менск разьлічвае, што раней ці пазьней Захад уступіць зь ім у нейкія перамовы. Ці гэта перамовы наконт вызваленьня палітзьняволеных, ці то наконт мігрантаў, альбо нешта іншае. Відавочна, лёгіка Менску наступная: «Трэба стварыць праблему, і, калі цябе заўважаць, за табой пачнуць дамаўляцца».

Што тычыцца мігрантаў. Я жыву ў Фінляндыі, і тут усе вельмі добра памятаюць, як у 2015 годзе раптам невядома адкуль сотні сырыйскіх уцекачоў пасярод зімы пачалі пераходзіць расейска-фінскую мяжу. Зразумела, што арганізатары і адной, і другой апэрацыі вучыліся на адных і тых падручніках.

Але тут трэба разумець, што беларускі рэжым — гэта ня Крэмль. І ўвесь сукупны аб’ём праблем, якія здольны стварыць Менск, вельмі далёкі ад таго, што здольная стварыць Масква. Для Літвы гісторыя з мігрантамі — гэта непрыемнасьць, Літва можа атрымаць салідарнасьць і нейкую практычную дапамогу з боку Брусэлю.

Я думаю, што тут альгарытм разуменьня сытуацыі Лукашэнку падвядзе. Калі ён думае, што можна запатрабаваць пачаць дыялёг на нейкіх сваіх умовах, то яму наўрад ці ўдасца за кошт стварэньня праблемаў Эўропе дабіцца таго, на што ён разьлічвае.

— Але ва ўладаў Беларусі ёсьць і іншы варыянт, пра што апошнія тыдні вельмі актыўна гавораць. Вызваліць нейкую першую партыю палітзьняволеных у якасьці добрага жэсту. І потым патрабаваць ад Эўразьвязу нейкіх крокаў у адказ. Маўляў, мы ж працягваем вам руку, вы ня можаце яе проста адхіліць, гэта ж правілы адносінаў. Ці будзе гэта цяжкай дылемай для Захаду? Ці ён будзе вытрымліваць сваю прынцыповую пазыцыю альбо пойдзе на саступкі і перамовы?

— Мне здаецца, у цяперашняй сытуацыі Захад ня пойдзе на саступкі адразу. Што будзе ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве, прагназаваць складана. Але я думаю, што гэты ўрок Захад усё ж засвоіў. Трэба дачакацца, каб усе палітзьняволеныя былі выпушчаныя, каб яны былі рэабілітаваныя. Апошняя заява старшыні эўрапейскай рады Шарля Мішэля дае спадзяваньне, што сёньня Брусэль ужо не пабяжыць дамаўляцца, здымаць санкцыі і гэтак далей. Думаю, што і ў такім варыянце (пачатак вызваленьня палітвязьняў) Эўразьвяз зойме прынцыповую пазыцыю.

Магчыма, нейкія размовы пачнуцца, але падчас іх эўрапейцамі ня будзе згублена заяўленая стратэгічная мэта — запуск працэсу ўнутрынацыянальнага дыялёгу, нацыянальнага круглага стала. Мне ўсё ж здаецца, што Эўразьвяз ня будзе сам садзіцца за стол перамоваў з Лукашэнкам, а будзе прытрымлівацца пазыцыі, што гэты дыялёг Лукашэнка павінен праводзіць з апазыцыйнымі сіламі ўнутры краіны.

— А як, на вашую думку, Эўразьвяз разумее канчатковую мэту санкцыяў? Ці гэта спроба прымусіць рэжым Лукашэнкі паводзіць сябе больш цывілізавана, арганізаваць дыялёг з грамадзтвам, ці, улічваючы ўсю гісторыю і ўсе «ўрокі», пра якія вы казалі, мэта санкцыяў — зьмяніць рэжым, зь якім немагчыма дамаўляцца?

— Я думаю, тут адзінства няма. У Эўразьвязе ёсьць людзі, якія лічаць, што стратэгічнай мэтай павінен быць сыход Лукашэнкі ад улады і кардынальнае перафарматаваньне беларускай палітычнай сыстэмы, вынікам чаго мусіць стаць палітычная лібэралізацыя і сур’ёзныя эканамічныя рэформы, у якіх Эўразьвяз гатовы дапамагчы.

Але ў Эўразьвязе ёсьць людзі, якія лічаць, што Лукашэнка — гэта тая фігура, прысутнасьць якой неабходна для захаваньня Беларусьсю нейкіх асноў сувэрэнітэту і нейкай дыстанцыі ад Масквы. Як толькі Лукашэнка пачне рабіць нейкія крокі насустрач Эўразьвязу, гэтыя людзі актывізуюцца. Мне ўсё ж думаецца, што большасьць у Эўразьвязе настроена на тое, каб унутры Беларусі пачаўся працэс палітычнай лібэралізацыі і эканамічных рэформаў. Уласна, калі такі працэс пачнецца, то ягоным лягічным вынікам стане адыход ад улады Лукашэнкі.

— Як Крэмль можа паводзіць сябе ў сытуацыі процістаяньня Менску з Захадам? Ці будзе гэта толькі рыторыка пра саюзьніцтва альбо будзе рэальная палітычная і эканамічная падтрымка?

— Крэмль будзе дапамагаць Лукашэнку. Я сам вельмі хацеў бы нарэшце памыліцца ў сваіх прагнозах. Мне гэта самому надакучыла, але я гадоў 15 гавару, што Крэмль будзе абараняць Лукашэнку. У адрозьненьне ад многіх маіх калегаў, якія па некалькі разоў на тыдзень заяўляюць, што вось цяпер нарэшце Крэмль Лукашэнку зрыне.

Лукашэнка — ідэальны партнэр для Крамля. Ён выконвае дзьве функцыі. Першая — пакуль Лукашэнка ва ўладзе, Беларусь ня сыдзе на Захад. Другая — пакуль Лукашэнка ва ўладзе, Беларусь усё глыбей будзе ўвязвацца ў палітычную, эканамічную і структурную залежнасьць ад Расеі.

Не выпадкова ж, што нават беларуская апазыцыя сёньня гаворыць, што беларуская рэвалюцыя ня носіць геапалітычнага характару, што калі яны прыйдуць да ўлады, то таксама будуць ладзіць нармальныя адносіны з Масквой. Гэта, магчыма, правільна з аналітычнага гледзішча, бо правільна апісвае сытуацыю. Але гэта няправільна з гістарычнага гледзішча — бо калі вы ня ставіце перад сабой іншых задач, то вы ніколі іх і ня вырашыце.

Паказальна, што яшчэ 10 гадоў таму сытуацыя выглядала зусім па-іншаму. За апошнія 10 гадоў Лукашэнкі ва ўладзе Беларусь загразла ўсё больш у гэтай структурнай залежнасьці. Лукашэнка працягвае граць тую ролю ў крамлёўскім сцэнары, якая была для яго напісана. Дык патлумачце мне, навошта Крэмль раптам будзе адмаўляцца ад падтрымкі гэтай ключавой для сябе фігуры? Іншая справа, што цяпер Масква не дае тых мільярдаў, якія давала раней, — але Крэмль будзе даваць роўна столькі, колькі трэба, каб гэты рэжым не абваліўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG