Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі назваў уварваньне СССР у Польшчу «вызваленчым паходам», які не дазволіў «вэрмахту падысьці да Менску»


Сустрэча савецкіх і нямецкіх вайскоўцаў у Берасьці ў верасьні 1939 году
Сустрэча савецкіх і нямецкіх вайскоўцаў у Берасьці ў верасьні 1939 году

МЗС Расеі выкарыстаў тэрмін савецкай гістарыяграфіі «вызваленчы паход» у дачыненьні да нападу Чырвонай Арміі на Польшчу 17 верасьня 1939 году, на пачатку Другой сусьветнай вайны.

«17 верасьня 1939 Чырвоная Армія пачала вызваленчы паход на тэрыторыі Польшчы. Савецкія войскі выйшлі на лінію Керзана, не дазволіўшы вэрмахту падысьці да Менску. Народы Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны сустрэлі савецкіх салдат з радасьцю» — гаворыцца ў твіце, апублікаваным у афіцыйным акаўнце МЗС.

Да яго прымацавалі відэа, у якім выкладзеная пазыцыя Масквы да падзеяў 1939 году. У прыватнасьці, прыводзяцца словы прэзыдэнта Пуціна, які ўсклаў адказнасьць за тыя падзеі на тагачаснае кіраўніцтва Польшчы.

Савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы праз 17 дзён пасьля нападу нацысцкай Нямеччыны на гэтую краіну. За некалькі дзён да гэтага нападу ў Маскве быў падпісаны так званы пакт Молатава — Рыбэнтропа. Пасьля была заключаная яшчэ адна дамова — аб дружбе і межах, паводле якой Нямеччына і СССР фактычна падзялілі тэрыторыю Польшчы паміж сабой.

Тэрмін «вызваленчы паход» зьявіўся ў савецкім друку і афіцыйных заявах адразу пасьля ўварваньня ў Польшчу ў 1939 годзе. Сьцьвярджалася, што савецкія войскі вызваляюць Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ад буржуазна-абшарніцкай Польшчы. Пасьля амаль усе тэрыторыі, якія тады заняла Чырвоная Армія, былі далучаныя да СССР. Цяпер гэта часткі тэрыторый Украіны, Беларусі і Літвы.

МЗС Расеі і расейскія ўлады, уключна з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, апошнім часам актыўна выступаюць з апраўданьнем пакту Молатава — Рыбэнтропа, аднак тэрмін «вызваленчы паход» раней расейскі МЗС не ўжываў.

  • Расейскі МЗС і іншыя афіцыйныя асобы, у тым ліку прэзыдэнт Пуцін, апошнімі гадамі неаднаразова выступаюць з заявамі пра недапушчальнасьць параўнаньня рэжыму, які існаваў у СССР пры Сталіне, з гітлераўскай Нямеччынай. Яны называюць гэта «пераглядам вынікаў Другой сусьветнай вайны».
  • 1 ліпеня сёлета Пуцін падпісаў закон, які забараняе публічна падчас выступаў, у фільмах, у СМІ і інтэрнэце атаясамліваць мэты, рашэньні і дзеяньні кіраўніцтва СССР, камандаваньня і вайскоўцаў СССР з мэтамі, рашэньнямі і дзеяньнямі кіраўніцтва нацысцкай Нямеччыны, камандаваньня і вайскоўцаў нацысцкай Нямеччыны, згаданымі ў прысудзе Нюрнбэрскага трыбуналу.

Што такое «Дзень народнага адзінства»

Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».

Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».

У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG