Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мігранты жывуць у лесе і што парушаюць памежнікі? Праваабаронца адказвае на вашыя пытаньні пра крызіс на мяжы


Мігранты ў лесе на польскім баку мяжы
Мігранты ў лесе на польскім баку мяжы

Хто вінаваты ў мігранцкім крызісе на беларуска-польскай мяжы? Ці легальна такая колькасьць мігрантаў знаходзіцца ў Беларусі? Ці законна дзейнічаюць памежнікі? Чаму мігранты жывуць у лесе, а не ў адмысловых цэнтрах? Ці ёсьць віна Польшчы ў эскаляцыі напружанасьці?

Разьбіраемся з праваабаронцай Human Constanta Аленай Чаховіч.

Беларусь ігнаруе свае абавязаньні ў ахове дзяржаўнай мяжы

– Наколькі легальна ў Беларусі знаходзіцца такая вялікая колькасьць людзей з Блізкага Ўсходу?

Алена Чаховіч
Алена Чаховіч

– У гэтым пляне Беларусь падрыхтавалася. Скажам так, людзі прыяжджаюць на законных падставах, зь візамі, як турысты. Але потым тэрмін дзеяньня візы заканчваецца. І часьцяком гэта ігнаруецца беларускімі ўладамі. Таму што, калі іншаземец парушыў рэжым знаходжаньня ў Беларусі, яго павінны затрымаць, праверыць дакумэнты і выдварыць з краіны. А сёньня ў Беларусі шмат так званых «турыстаў» з пратэрмінаванымі візамі, і мэта ў іх зусім не турызм, а прарвацца ў Эўразьвяз.

– А ці маюць права іншаземцы знаходзіцца ў так званай памежнай зоне? Бо нават на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту ёсьць дакладна прапісаныя «Правілы наведваньня памежнай зоны для замежных грамадзянаў»?

– Безумоўна, правілы павінны дзейнічаць. Іншаземцы ня могуць знаходзіцца ў памежнай зоне без адмысловых пропускаў, якія выдаюць толькі ў выпадку, калі ёсьць на тое падставы: напрыклад, віза ў краіны Эўразьвязу. А Беларусь наагул ігнаруе свае абавязаньні ў ахове дзяржаўнай мяжы. І памежнікі заплюшчваюць вочы на тое, што людзі спрабуюць перасекчы мяжу незаконна, з парушэньнем памежнага рэжыму, у месцах, дзе няма кантрольна-прапускнога пункту, проста напралом, праз плот. Да таго ж на самай мяжы яны акупавалі тэрыторыі і разьбілі намётавы лягер.

Але зразумела, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць людзей як інструмэнт у палітычнай гульні.

Мігранты трапілі ў закладнікі: не прапускаюць празь мяжу і не дазваляюць вярнуцца

– Чаму людзі знаходзяцца ў лесе, без вады, ежы, як паказваюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі? У Беларусі ж ёсьць некалькі адмысловых цэнтраў для прыёму мігрантаў. Дарэчы, пабудаваных з дапамогай грошай Эўразьвязу.

– Сапраўды, чаму? Добрае пытаньне, на якое адказаць павінны беларускія ўлады. Справа ў тым, што гэтыя імправізаваныя лягеры ствараюцца ў тым ліку і таму, што беларускія памежнікі не выпускаюць зь мяжы людзей, якім не ўдалося яе перасекчы і якія хочуць вярнуцца ў вялікія гарады. Памежнікі гэтых гаротных людзей гвалтоўна трымаюць у лесе пад аховай, і адзіны шлях у іх – зноў і зноў спрабаваць незаконна перасекчы мяжу. Груба кажучы, гэтыя мігранты трапілі ў закладнікі.

Што тычыцца цэнтраў утрыманьня ўцекачоў, якіх у Беларусі тры, то, паводле беларускага заканадаўства, яны створаны для людзей, якія падаюць дакумэнты на атрыманьне статусу ўцекачоў у самой Беларусі. Такіх людзей няшмат – значна менш, чым тых, хто імкнецца ў Эўразьвяз.

І яшчэ адзін істотны момант. У Беларусі адсутнічае эфэктыўны мэханізм наданьня абароны, і многія людзі і не спрабуюць прасіць тут прыстанішча, не спадзеючыся на станоўчы вынік.

У Беларусі не засталося праваабарончых арганізацый, якія могуць дапамагчы мігрантам

– Тым ня менш людзі начуюць пад адкрытым небам на холадзе, без вады і харчоў. Некалі ў складаных сытуацыях такім людзям дапамагалі недзяржаўныя арганізацыі, праваабарончыя структуры, якіх цяпер не засталося. А дзе Чырвоны Крыж, дзяржаўныя структуры? Ёсьць жа ў Беларусі і прадстаўніцтва вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў пад эгідай ААН?

– Упраўленьне вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў дзейнічае ў межах свайго мандата, і іхны мандат зводзіцца да таго, каб аказваць дапамогу людзям, якія просяць абароны ў Беларусі. То бок тыя людзі ня просяць абароны ў Беларусі, а хацелі б папрасіць у Польшчы, таму яны не трапляюць у поле зроку гэтай арганізацыі. Што даволі дзіўна.

Але маем тое, што маем. Па ідэі, актыўна мусіць уключыцца Чырвоны Крыж. Было адно паведамленьне больш за месяц таму, што Беларускі Чырвоны Крыж адзін раз туды дапусьцілі з гуманітарнай дапамогай. Больш я нічога ня чула, каб Чырвоны Крыж туды імкнуўся дзеля дапамогі няшчасным мігрантам, якія апынуліся на мяжы.

У Беларусі не засталося праваабарончых арганізацый, якія могуць дапамагчы мігрантам.

– Але ж беларусы добрыя на натуры людзі, гуманныя, неабыякавыя да чужой бяды. Ці могуць простыя грамадзяне дапамагчы з адзеньнем, цёплымі рэчамі, сродкамі гігіены, ежай, вадой?

– З улікам таго, што мігранты знаходзяцца ў ачапленьні, трэба атрымаць дазвол. Наўрад ці простых грамадзянаў прапусьцяць з гуманітарнай дапамогай. Але я ня чула, каб хтосьці зь мясцовых жыхароў спрабаваў.

Польшча і Літва парушаюць і нацыянальнае заканадаўства, і міжнародныя нормы

– Што тычыцца Польшчы, Літвы, выглядае, што гэтыя дзяржавы ня хочуць прымаць гэтых уцекачоў нават як транзытныя краіны, бо мэта іх – дабрацца да больш заможных Нямеччыны ці Францыі. Аднак, паводле міжнародных нормаў, ці павінны Польшча, Літва прыняць ад мігрантаў заявы для разгляду і прапанаваць хаця б часовы прытулак на той тэрмін, пакуль будуць разглядацца дакумэнты канкрэтнага чалавека, сям’і?

– Так, сытуацыя абвастраецца яшчэ і таму, што парушэньні адбываюцца з усіх бакоў. Польшча, Літва, Латвія парушаюць і сваё нацыянальнае заканадаўства, і міжнародныя нормы абыходжаньня зь людзьмі, якія шукаюць прытулку, просяць абароны.

Больш за тое, Польшча павінна прымаць заявы ня толькі пісьмовыя, але і вусныя. Нават калі чалавек знаходзіцца ў памежнай зоне, альбо нават калі ён незаконна перасякае мяжу і сустракае прадстаўніка ўлады Польшчы і заяўляе, што ён хоча атрымаць абарону Польшчы, такая заява павінна быць прынятая.

Мы бачым, што Беларусь з палітычных матываў стварае такую сытуацыю. Аднак і Польшча, абапіраючыся на палітычнае процістаяньне, парушае свае прававыя абавязаньні.

Людзі не павінны пакутаваць

– Якое можа быць цывілізаванае выйсьце з гэтага крызісу? Калі колькасьць авіярэйсаў у Беларусь з Дубая, Стамбула павялічыцца да 40 на тыдзень, колькасьць мігрантаў будзе расьці. А наперадзе зіма.

– У СМІ часьцяком выкарыстоўваецца тэрмін «міграцыйны крызіс». Але насамрэч, калі паглядзець на колькасьць людзей, якія імкнуцца трапіць у ЭЗ, гэта ня такая вялікая лічба – як для Беларусі, так і для краінаў Эўразьвязу (калі параўнаць з сапраўдным міграцыйным крызісам у Эўропе некалькі гадоў таму). Гэтая колькасьць не пагражае міграцыйнай сыстэме Польшчы. Пры нармальных стасунках паміж дзяржавамі гэта ўсё можна вырашыць.

Як праваабаронца я хацела б, каб гэтыя людзі ўсё ж такі перасеклі мяжу, папрасілі прыстанішча ў Эўропе, у надзеі, што там мэханізм абароны больш эфэктыўны ў параўнаньні зь Беларусьсю. Прынамсі, я пакуль ня чула, каб Польшча альбо Літва выкарыстоўвалі людзей у якасьці закладнікаў.

Зразумела, Беларусь павінна трымаць адказнасьць за сытуацыю, якую яна стварыла на мяжы, але не за кошт людзей, якія шукаюць абароны. То бок, павінны быць нейкія палітычныя мэханізмы ціску на Беларусь, але людзі пры гэтым не павінны пакутаваць.

– Ідзе зіма, некаторыя людзі, напакутаваўшыся, хочуць вярнуцца назад у свае краіны. Іх тут ці там ужо абабралі, грошай няма. Што рабіць? Як быць, куды зьвяртацца па дапамогу?

– Тут можа быць некалькі сцэнароў. Людзі, у якіх усё ў парадку з дакумэнтам, і нават тыя асобы, якія ўжо штосьці парушылі (у іх, напрыклад, скончыліся візы), – яны могуць зьвярнуцца па дапамогу ў прадстаўніцтва міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Менску, у якой ёсьць праграма вяртаньня людзей на радзіму.

Нашмат складанейшая сытуацыя можа быць у людзей, у якіх праблемы з дакумэнтамі (некаторыя наўмысна пазбавіліся іх). Гэтых людзей могуць затрымаць, яны могуць трапіць у ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, утрымлівацца ў ІЧУ дастаткова доўга ў чаканьні вяртаньня на радзіму. Напрыклад, калі патрэбна ідэнтыфікацыя асобы, то гэта працэдура даволі складаная: адміністрацыя ІЧУ зьвяртаецца ў МЗС, яны – у амбасаду краіны; пакуль прыйдзе даведка, пакуль квіткі, а калі няма грошай, то чалавек можа даволі доўга знаходзіцца ў ІЧУ.

– І ўсё ж, на ваш погляд, як хутка можа вырашыцца праблема?

– Мы, на жаль, не чакаем хуткага вырашэньня праблемы. Набліжаецца зіма. Чакаецца гуманітарная катастрофа.

9 лістапада Human Constanta апублікавала заяву аб сытуацыі на беларуска-польскай мяжы, у якой заклікае беларускія ўлады адмовіцца ад практыкі выкарыстаньня мігрантаў у якасьці інструмэнта ціску на краіны Эўрапейскага зьвязу, а Польшчу – выконваць правы чалавека і міжнародныя стандарты ў галіне наданьня абароны ўцекачам.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG