Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўстанцы зь Емэну абстралялі сталіцу ААЭ, раней Саудаўская Арабія атакавала лягеры паўстанцаў


Абу-Дабі
Абу-Дабі

У сталіцы ААЭ гучалі сырэны, працавалі сілы супрацьпаветранай абароны.

У ноч на 24 студзеня Абу-Дабі абстралялі ракетамі зь Емэну. Як паведамляе Міністэрства абароны Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, удалося перахапіць 2 балістычныя ракеты, запушчаныя паўстанцамі Хуці, якіх улады ААЭ называюць «тэрарыстамі».

Раней Саудаўская Арабія нанесла авіяўдары па аб’ектах паўстанцаў у Емэне ў сталіцы Сане. Пасьля авіяўдараў загінулі звыш 100 чалавек.

Яшчэ да апошніх дзеяньняў Саудаўскай Арабіі ўдары па ААЭ засяродзілі ўвагу на больш шырокіх падзеях у рэгіёне, у прыватнасьці на намаганьнях ААЭ ісьці па новым дыпляматычным шляху, не ў апошнюю чаргу ў адносінах да Ірану. Рэакцыя на гэтыя напады ілюструе ўсё большае збліжэньне паміж дзяржавамі Пэрсідзкай затокі і Ізраілем (да пагадненьня ААЭ з Тэль-Авівам пазьней далучыліся Бахрэйн, Марока і Судан), расказаў экспэрт у міжнародных зносінах Джонатан Маркус для BBC.

Ранейшыя ўдары Хуці па ААЭ адбыліся 17 студзеня, тады ракеты абрынуліся на прамысловую тэрыторыю недалёка ад Абу-Дабі, падпаліўшы бэнзавозы, у атацы загінулі трое замежных рабочых. Таксама ракеты атакавалі тэрыторыю каля міжнароднага аэрапорту. Хуці сьцьвярджаюць, што нападалі на ААЭ і раней, але ўлады ў Абу-Дабі толькі тады ўпершыню прызналі ўдары і ахвяры.

Мэта Хуці — пераканаць ААЭ спыніць падтрымку сілаў, ляяльных міжнародна прызнанаму ўраду Емэну. Нядаўна тыя выціснулі паўстанцаў з ключавых раёнаў поўдня краіны і ўзмацнілі баі ў багатай нафтай правінцыі Марыб на поўначы краіны, галоўным апорным пунктам для ўраду Емэну.

ААЭ, стабільны саюзьнік емэнскага ўраду, разьмясьціў уласныя войскі ў краіне разам зь сіламі Саудаўскай Арабіі. Саудаўцы стварылі кааліцыю арабскіх дзяржаў і ў 2015 годзе распачалі ваенную кампанію, каб аднавіць урад, выгнаны паўстанцамі ў 2014-м.

ААЭ вывелі свае войскі з краіны ў 2019 годзе, але з тых часоў працягваюць узбройваць і навучаць мясцовых праўрадавых апалчэнцаў, якія супрацьстаяць Хуці. Супраць кааліцыі Саудаўскай Арабіі і ААЭ выступае Іран, які падтрымлівае паўстанцаў.

Вайна ў Емэне спрычынілася да дзясяткаў тысяч сьмерцяў і выгнала мільёны людзей зь іх дамоў. Каля 80% з 30-мільённага насельніцтва Емэну залежаць ад гуманітарнае дапамогі. ААН летась назвала гэта найгоршым гуманітарным крызісам у сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG