Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя Ўкраіны пацьвердзіла выбухі каля мяжы зь Беларусьсю. Але на ўкраінскім баку


Месца выбуху
Месца выбуху

Украінская паліцыя завяла крымінальныя справы па факце авіяўдараў, нанесеных па Ровенскай вобласьці. Яны адбыліся ў той час, калі шэраг СМІ паведамілі пра магчымыя авіяўдары па вёсках на Століншчыне.

Паводле паведамленьня паліцыі, тры выбухі адбыліся ў 15.40 менскага часу ў полі каля вёскі Міляч Сарненскага раёну Ровенскай вобласьці. У выніку бамбардаваньня ніхто не пацярпеў, але была пашкоджаная лінія электраперадач.

«Сьледча-апэратыўная група РУУС № 1 (Дубровіца) задакумэнтавала злачынства: зьвесткі ўнесеныя ў Адзіны рэестар дасудовых расьсьледаваньняў паводле ч.2 ст.110 КК Украіны (замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны). Матэрыялы крымінальнага вядзеньня будуць накіраваныя ў СБУ для расьсьледаваньня», — паведамляе паліцыя.

Супрацоўнікі паліцыі вывезьлі зь месца здарэньня абломкі і ўстанавілі паходжаньне боепрыпасаў.

Вёска Міляч — за некалькі кілямэтраў ад беларускай вёскі Капані, дзе мясцовыя жыхары чулі гул самалётаў і грукат. Украінскія ўлады паведамлялі, што гэта мог быць правакацыйны абстрэл расейскімі пілётамі беларускай тэрыторыі з мэтай уцягнуць Беларусь у вайну з Украінай. Мінабароны Беларусі заявіла, што паведамленьні пра абстрэл беларускіх вёсак — фэйк.

Раней тэлеграм-канал камандаваньня Паветраных сіл Украіны паведаміў, што расейскія самалёты з тэрыторыі Ўкраіны нанесьлі ўдар па населеных пунктах у Столінскім раёне на тэрыторыі Беларусі, назваўшы гэта правакацыяй з мэтай уцягнуць Беларусь у вайну.

У Рэчыцкім сельсавеце (Столінскі раён), да якога адносяцца вёскі Бухлічы і Верхні Церабяжоў, Радыё Свабода зьняпраўдзілі інфармацыю пра выбухі і абстрэл. Мінабароны Беларусі назвала заяву афіцыйнага Кіева пра расейскі абстрэл беларускіх вёсак «фэйкам».

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў сёньня, што, паводле інфармацыі, якую мае ведамства, камандаваньне расейскіх войскаў рыхтуе «шэраг крывавых правакацыяў»: расейская авіяцыя рыхтуецца да ўдару па шэрагу населеных пунктаў Беларусі ля ўкраінска-беларускай мяжы (у прыватнасьці, ён назваў вёску Капані Столінскага раёну).

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG