Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Беларусі яшчэ застаюцца расейскія войскі. МАПА


З поўначы Ўкраіны на беларускую тэрыторыю расейскія войскі выйшлі больш за месяц таму.

Расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі зьявіліся 18 студзеня 2022 году, неўзабаве пасьля афіцыйнага абвяшчэньня аб правядзеньні вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022». Усяго да пачатку вайны Расеі супраць Украіны на беларускай тэрыторыі разьмяшчалася, па розных ацэнках, да 30 тысяч расейскіх салдат. Пра вывад іх зь Беларусі афіцыйна дагэтуль не паведамлялася.

Свабода сабрала апошнія паведамленьні аб тым, дзе ў Беларусі яшчэ заўважаюць расейскую вайсковую тэхніку і жывую сілу.

Аэрадром «Зябраўка»

Вайсковы аэрадром на поўдзень ад Гомля побач з аднайменным паселішчам быў адным зь беларускіх вайсковых аб’ектаў, які актыўна выкарыстоўвалі расейскія вайскоўцы. У розны час пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны там базаваліся вайсковыя верталёты, побач зь Зябраўкай бачылі пускі ракет.

Пасьля адыходу войскаў РФ зь Кіеўскай вобласьці і ваколіц Чарнігава (ад Зябраўкі да яго каля 100 км. — РС) аэрадром працягвалі выкарыстоўваць. Паводле спадарожнікавых здымкаў сэрвісу planet.com за 14 красавіка, побач зь Зябраўкай разьмяшчаліся расейскія комплексы супрацьпаветранай абароны С-400, а таксама шэраг іншых відаў узбраеньняў.

30 красавіка расейская тэхніка на аэрадроме «Зябраўка» яшчэ заставалася. Прынамсі, пра гэта сьведчаць апублікаваныя сайтам motolko.help фатаздымкі, зробленыя з паветра ў ваколіцах аэрадрома. На іх добра відаць як комплексы С-400, так і іншыя ўзбраеньні, якіх ня мае беларускае войска, але мае расейскае.

Паводле інфармацыі Свабоды, расейскія вайскоўцы застаюцца на тэрыторыі «Зябраўкі» дагэтуль, такую інфармацыю пацьвярджаюць мясцовыя жыхары. Зь іхных словаў, тэрыторыя аэрадрома моцна ахоўваецца, усе пад’езды да яго перакрытыя.

У пасёлку часта бачаць калёны беларускай вайсковай тэхнікі, якая перавозіць на тэрыторыю вайсковага аб’екта грузы. 6 траўня паведамлялася аб запуску ракеты з тэрыторыі аэрадрома «Зябраўка», меркаванае відэа гэтага распаўсюджвалася ў тэлеграм-каналах.

Асіповічы, сьвяткаваньне 9 траўня

Пра тое, што расейскія вайскоўцы застаюцца на тэрыторыі Беларусі нават празь месяц пасьля іх вываду з тэрыторыі Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей, сьведчаць і апублікаваныя парталам Zerkalo фатаздымкі са сьвяткаваньня Дня Перамогі 9 траўня ў Асіповічах.

Паводле паведамленьня, заснаванага на сьведчаньнях мясцовых жыхароў, расейскія салдаты ўсклалі вянок на асіповіцкім мэмарыяле «Алея герояў». На апублікаваных фота мінімум чацьвёра вайскоўцаў у форме расейскай арміі, з адпаведнымі шаўронамі і прозьвішчамі саміх салдатаў. У афіцыйных крыніцах інфармацыі пра тое, што ў Асіповічах застаюцца расейскія вайсковыя часткі, не зьяўлялася.

Ад самага пачатку вайны ва Ўкраіне асіповіцкі чыгуначны вузел выкарыстоўваўся для выгрузкі і пагрузкі расейскай тэхнікі на чыгуначныя плятформы.

Мазыр, тэрыторыя побач з вайсковай часткай 1257 ля вёскі Прудок

Паводле зьвестак Свабоды, на пляцоўцы ля вайсковай часткі 1257 застаюцца расейскія супрацьпаветраныя комплексы (мяркуецца, С-400), якія абслугоўваюць салдаты арміі РФ.

«Паміж раёнам „Чыгуначны“ (у Мазыры) і Прудком стаяць (расейскія салдаты), — расказаў мясцовы жыхар. — Іх няшмат, але ёсьць. Некалькі іхных сур’ёзных установак стаіць. Выглядаюць даволі сучасна. Салдатаў там ня больш за 30, мо нават і 20».

Пра тое, што ля Прудка ў Мазырскім раёне разьмясьцілі расейскія комплексы супрацьпаветранай абароны, паведамлялася ад самага пачатку вайны Расеі супраць Украіны. Там жа неаднаразова заўважалі канцэнтрацыю расейскай вайсковай тэхнікі, а на станцыі «Казенкі», разьмешчанай на тэрыторыі Чыгуначнага мікрараёну Мазыра, адбывалася разгрузка вайсковай тэхнікі РФ. Пра тое, што расейскія салдаты працягваюць заставацца ля вайсковай часткі 1257, таксама паведамляе праект «Беларускі Гаюн».

Аўтамабільныя дарогі і чыгунка

Заўважаюць расейскую вайсковую тэхніку ў Беларусі і на дарогах. Пры гэтым, як адзначае тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», такіх выпадкаў з пачаткам траўня стала значна менш, яны фактычна адзінкавыя. Найчасьцей расейскія вайсковыя аўтамабілі і іншую тэхніку цяпер бачаць у ваколіцах Гомля і Мазыра. Фіксаваліся адзінкавыя выпадкі ля Кобрыні і Жлобіна.

Першага траўня на станцыі «Гомель-Няцотны» бачылі расейскі вайсковы эшалён з пустымі плятформамі і «вагонамі-цяплушкамі», прызначанымі для перавозкі салдат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG