Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыст пра магчымы вырак Аўтуховічу: «Расстраляць яго ня могуць, бо ягоныя дзеяньні не прывялі да гібелі людзей»


Мікалай Аўтуховіч. 2015
Мікалай Аўтуховіч. 2015

18 траўня пачаўся суд у справе Аўтуховіча: яго выстаўляюць кіраўніком тэрарыстычнай групоўкі. Дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамілі: Аўтуховіча абвінавацілі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, адзін зь якіх прадугледжвае расстрэл або пажыцьцёвае зьняволеньне.

Ці могуць Аўтуховіча сапраўды расстраляць па выніках гэтага суду, «Наша ніва» спытала юрыста Паўла Сапелку.

У артыкуле 59 Крымінальнага кодэксу Беларусі напісана: «у якасьці выключнай меры пакараньня дапускаецца прымяненьне сьмяротнага пакараньня (расстрэлу) за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленьнем жыцьця чалавека пры абцяжлівых абставінах».

«Цяпер гэтая норма была зьмененая. Былі прынятыя папраўкі, згодна зь якімі сьмяротнае пакараньне магчымае нават у выпадку замаху на зьдзяйсьненьне тэракту. Але Аўтуховіча судзяць яшчэ па старым заканадаўстве, бо ягоныя ўчынкі былі зробленыя да ўвядзеньня паправак. Адпаведна, расстраляць яго ня могуць, бо ягоныя дзеяньні не пацягнулі гібель людзей», — тлумачыць выданьню юрыст Павал Сапелка.

Мікалая Аўтуховіча і шэраг зьвязаных зь ім, на думку сьледзтва, людзей, затрымалі ў сьнежні-студзені 2020 году. Улады адразу абвясьцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Усяго ў «справе Аўтуховіча» 12 фігурантаў.

Мікалай Аўтуховіч абвінавачваецца паводле 12 артыкулаў КК РБ, сярод якіх здрада дзяржаве, садзейнічаньне ў тэрарыстычнай дзейнасьці, незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньне злачыннай арганізацыі, распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, кантрабанда, акт тэрарызму.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG