Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве затрымалі беларускую праваабаронцу Анісію Казьлюк


Анісія Казьлюк, архіўнае фота
Анісія Казьлюк, архіўнае фота

Анісію Казьлюк затрымалі за нелегальнае знаходжаньне ва Ўкраіне. Пра гэта яна сама паведаміла ў Фэйсбуку.

«Я сяджу ў Кіеве, у аддзяленьні паліцыі. Мяне затрымалі за нелегальнае знаходжаньне ва Ўкраіне. Цяпер у мяне забралі пашпарт, каб я „не згубілася“.

23 лютага я атрымала пячатку аб падаўжэньні тэрміну легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне. З таго часу і да чэрвеня дакумэнты не прымалі. Кожны з вас бачыў, што беларусаў зараз імкнуцца выдвараць з Украіны, паглядзім чым скончыцца мой кейс», — напісала праваабаронца.

Казьлюк затрымалі на выхадзе зь цягніка. У паліцыі пытаньняў да яе ня ўзьнікла, і тады правадніца аформіла афіцыйны выклік праз 102, піша журналістка Яўгенія Доўгая.

Анісія Казьлюк паведаміла Свабодзе, што цяпер яна едзе ў Дзяржаўную міграцыйную службу ў суправаджэньні паліцыі.

«Стаўленьне да мяне карэктнае. Яны (паліцыянты. — РС) проста перададуць мяне ў міграцыйную службу», — сказала Анісія.

У Кабінэце прадстаўнікоў Ціханоўскай паведамілі, што займаюцца вырашэньнем гэтага інцыдэнту, і запэўнілі, што дэпартаваць Анісію ня будуць.

«Мы выйшлі на сувязь з Анісіяй, пасьля чаго кіраўнік прадстаўніцтва Офіса ў Кіеве Валер Кавалеўскі зьвязаўся з МУС Украіны і старшынём Камітэту па правах чалавека Вярхоўнай Рады. Яго запэўнілі, што дэпартацыі Анісіі ня будзе. Вызначаныя далейшыя крокі па вырашэньні інцыдэнту. Мы застаёмся на сувязі з Анісіяй і адразу ж паведамім пра вынік вырашэньня гэтай сытуацыі», — напісалі ў Кабінэце прадстаўнікоў Ціханоўскай.

Праваабаронца Анісія Казьлюк пераехала ва Ўкраіну пасьля падзей 2020 году. Ва Ўкраіне яна актыўна займаецца валянтэрскай дзейнасьцю, дапамагае беларускім і ўкраінскім добраахвотнікам.

Ад пачатку вайны ва Ўкраіне часова не працавала міграцыйная служба. Як толькі яна аднавіла працу, беларусы пайшлі падавацца на часовы від на жыхарства ці падаўжаць яго. Але многія сутыкнуліся ня толькі з дыскрымінацыяй, але і з абавязкам пакінуць краіну, і забаронай на ўезд.

У красавіку Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны ў сваіх сацсетках абяцала, што адміністрацыйных спагнаньняў за такія інцыдэнты ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG