Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дык ваюе Беларусь ці не? Лукашэнка спрабуе апраўдвацца


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Палеміка ў сацыяльных сетках паміж беларусамі і ўкраінцамі наконт таго, ці вінаватае беларускае грамадзтва ў агрэсіі супраць Украіны, перакінулася на афіцыйны ўзровень. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Зяленскі абмяняліся жорсткімі выпадамі.

Сьцісла:

  • Лукашэнка працягвае тлумачыць ролю Беларусі ў вайне ва Ўкраіне.
  • Вайна надала ізаляцыі Беларусі новую якасьць.
  • Апраўданьне Лукашэнкі грунтуецца на некалькіх абсалютна штучных прапагандысцкіх клішэ.
  • Лукашэнка то адмаўляе ўдзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне, то прызнае «ўдзел у гэтай спэцапэрацыі».
  • Лукашэнку прыкметна турбуюць сумневы многіх беларусаў і замежных палітыкаў у тым, ці па-ранейшаму ён кантралюе ўладу ў Беларусі.

Асноўны зьмест выступаў Лукашэнкі падчас сьвяткаваньня Дня Рэспублікі быў прысьвечаны тлумачэньню ролі Беларусі ў вайне ва Ўкраіне. І гэтае тлумачэньне выглядала як апраўданьне.

Лукашэнка фактычна прызнаў, што Беларусь разам з Расеяй апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі. Удзьвюх супраць 50 дзяржаваў. Схаваць гэты факт ад сваіх прыхільнікаў, нягледзячы на ўсю моц афіцыйнай прапаганды, немагчыма.

Здавалася б, да міжнароднай ізаляцыі беларусы прызвычаіліся. Як кажа Лукашэнка, «мы ўвесь час пад санкцыямі». Аднак дасюль гэтая ізаляцыя на ўзроўні далёкага ад палітыкі абываталя ня надта адчувалася. Ну і што, калі Лукашэнку не пускаюць у Эўропу?

Цяпер жа гэтая ізаляцыя набыла новую якасьць. Тут гаворка нават не пра эканамічныя наступствы і не пра тое, што зь Менску стала цяжка даляцець да цёплага мора. Шмат што памяняла вайна ва Ўкраіне. І вось гэтая ізаляцыя падчас вайны напружвае прыхільнікаў Лукашэнкі. Яны пачуваюцца няўтульна.

Лукашэнка гэта адчувае і спрабуе апраўдацца. Ягонае апраўданьне грунтуецца на некалькіх абсалютна штучных прапагандысцкіх клішэ:

  • Беларусы памятаюць пра мінулую вайну, фашызм, генацыд, а на Захадзе ўсё забылі, там імкнуцца перапісаць вынікі вайны;
  • Усе заходнія краіны — нашчадкі фашызму, яны імкнуцца зьнішчыць славянскія народы;
  • Ва Ўкраіне квітнее фашызм і, калі яго ня зьнішчыць, ён перакінецца на ўсю Эўропу;
  • Беларусь — саюзьніца Расеі, Лукашэнка сьвята выконвае свой саюзьніцкі абавязак і ня дасьць натаўцам з украінскай тэрыторыі ўдарыць у сьпіну расейскім братам.

Гэту сюррэалістычную, фантасмагарычную карціну сьвету немагчыма патлумачыць з гледзішча здаровага сэнсу і нават абыватальскай лёгікі. І прыхільнікам Лукашэнкі застаецца толькі верыць.

Сам Лукашэнка адчувае ўсю хісткасьць гэтых прапагандысцкіх канструкцый. І таму імкнецца неяк выкручвацца, прапануючы супрацьлеглыя пастуляты. 2 ліпеня ён заяўляе, што Беларусь ня хоча ваяваць ва Ўкраіне і што ніводнага беларускага салдата сёньня там няма. А наступным днём на мэмарыяльным комплексе «Курган славы» ён жа кажа: «Наш удзел у гэтай спэцапэрацыі мною вызначаны даўно. У першы дзень пачатку гэтай апэрацыі». Прыхільнікам Лукашэнкі так і засталося незразумелым: дык Беларусь удзельнічае ў вайне ва Ўкраіне ці не?

Наступны прыём — агаломшыць людзей сэнсацыйнай інфармацыяй. Дасюль Лукашэнка неаднаразова казаў, што, маўляў, Украіна зьбіралася атакаваць Беларусь і Расею, але расейцы іх апярэдзілі. І папярэджваў, маўляў, калі толькі будзе спроба ўдарыць па Мазыры (там НПЗ) ці па Гомлі, то адказ будзе вельмі жорсткі.

І вось тут жа ён расказаў, што нібыта некалькі дзён таму ўкраінскія войскі спрабавалі нанесьці ўдар па вайсковых аб’ектах Беларусі, але ўсе ракеты былі перахопленыя. То бок, гэта ўжо ня пляны ці намеры. Паводле Лукашэнкі, з боку Ўкраіны быў ажыцьцёўлены рэальны ваенны напад на Беларусь. І што? А нічога. Як звычайна, Лукашэнка заблытаўся ва ўласных прапагандысцкіх канструкцыях.

Але самае галоўнае, што яго непакоіць, гэта небясьпека іншага зьместу. Шмат хто зь беларусаў і замежных суб’ектаў пачаў сумнявацца, што Лукашэнка па-ранейшаму мае ўладу над Беларусьсю. А як пісаў Уіч Фаўлер, «вы маеце ўладу, пакуль іншыя думаюць, што вы маеце ўладу». На паліталягічнай мове гэта называецца легітымнасьць. Ужо другі раз апошнім часам Лукашэнка зьвяртаецца да гэтай тэмы.

Вось 2 ліпеня ён заявіў, што апанэнты «спрабуюць мяне тузаць за жывое». Гэта значыць, за пытаньне ўлады. Лукашэнка адзначыў: «Але калі нехта думае, і гэта часта папісваюць сёньня (я гляджу ў сродках масавай інфармацыі): „Усё, Беларусь акупаваная, Лукашэнка нічога не вырашае, уладаў у Беларусі ўжо няма, Пуцін тут ходзіць пешшу па Беларусі і ўсё вырашае... Ды там Лукашэнкі ўжо гэтага няма, ён не прымае рашэньняў“. Запомніце, ніводны крок у Беларусі, асабліва сёньня, ня робіцца бяз згоды і патрабаваньня прэзыдэнта Лукашэнкі. Так будзе, пакуль я прэзыдэнт».

Калі некалькі разоў запар трэба даказваць свой уладны статус, то гэта шмат пра што сьведчыць. Бо відавочныя рэчы доказаў не патрабуюць.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі адказаў на гэтую плынь разваг Лукашэнкі так: «Мне здаецца, небясьпечным гучыць той сыгнал, які быў... Гэта перш за ўсё небясьпечна для дружалюбнага беларускага народу, для нашых суседзяў у Беларусі, тое, што ён (Лукашэнка. — Аўт.) робіць».

Добра, калі б усё абмежавалася вуснай палемікай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG