Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване заявілі аб амаль поўным перасяленьні армян з Карабаху, у Баку пераконваюць, што заклікаюць іх застацца


Стэпанакерт, Нагорны Карабах, верасень 2023 году
Стэпанакерт, Нагорны Карабах, верасень 2023 году

У Баку выезд армянскіх жыхароў Карабаху назвалі іх «добраахвотным і індывідуальным рашэньнем».

Урад Армэніі паведаміў, што на раніцу 29 верасьня з Нагорнага Карабаху на армянскую тэрыторыю выехалі 84 770 грамадзян.

У паведамленьні армянскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва ArmenPress», усіх, хто выехаў з Карабаху, называюць «вымушанымі перасяленцамі».

У Баку выезд армянскіх жыхароў Карабаху назвалі іх «добраахвотным і індывідуальным рашэньнем».

«Гэта ніяк не зьвязана з вымушаным перамяшчэньнем або з жаданьнем Азэрбайджану, каб яны выехалі. У іх сапраўды ёсьць выбар. Варта асобна падкрэсьліць, што мы заклікаем іх застацца ў складзе Азэрбайджану і стаць ягонай часткай», — працытавала азэрбайджанскае інфармацыйнае агенцтва АЗЭРТАДЖ Эльчына Амірбэкава, прадстаўніца па асаблівых даручэньня прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева.

Эльчын Амірбэкаў падкрэсьліў, што ўлады Азэрбайджану ў апошнія некалькі дзён накіроўваюць у рэгіён гуманітарную дапамогу — неабходныя тавары, лекі, пажарныя разьлікі.

«Армяне, якія пакінулі Азэрбайджан, змогуць вярнуцца. Рашуча асуджаем і зьняпраўджваем заяву прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна, які сьцьвярджае, што ў Карабаху адбываецца „этнічная чыстка“. Такім чынам ён ня толькі адмаўляецца ад сваёй заявы аб адсутнасьці якой-небудзь пагрозы для мясцовых армян, але і падрывае высілкі Азэрбайджану ў дастаўцы гуманітарнай дапамогі армянскаму насельніцтву і працэс рэінтэграцыі. Гэта адначасова парушае пэрспэктывы мірнага пагадненьня паміж Азэрбайджанам і Армэніяй», — заявіў прадстаўнік Ільхама Аліева.

28 верасьня прэзыдэнт Рэспублікі Арцах (Нагорна-Карабаскай рэспублікі) Самвэл Шахраманьян падпісаў указ, згодна зь якім да 1 студзеня 2024 году распускаюцца ўсе дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі, якія знаходзяцца ў іхным ведамасным падпарадкаваньні, а Рэспубліка Нагорны Карабах (Арцах) спыняе сваё існаваньне.

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў сустрэнуцца 5 кастрычніка ў гішпанскім горадзе Гранада. Сакратар Рады бясьпекі Армэніі Армэн Грыгарʼян папярэдне сустрэнецца з памочнікам Аліева, каб абмеркаваць дэталі сустрэчы.

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG