Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да ўроку гісторыі можна не рыхтавацца, настаўнік пайшоў на фронт». Беларуска расказвае, што цяпер адбываецца ў Ізраілі


Наступствы ракетнага абстрэлу Ізраіля з сектару Газа, Ашкелон, 7 кастрычніка 2023
Наступствы ракетнага абстрэлу Ізраіля з сектару Газа, Ашкелон, 7 кастрычніка 2023

Кацярына ўжо восьмы год жыве ў Ізраілі, у прадмесьці Ерусаліму. На ўмовах ананімнасьці яна пагадзілася расказаць пра падзеі апошніх дзён.

У Кацярыны (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) муж і трое дзяцей. У сям’і прызвычаілася, што калі гучыць сырэна паветранай трывогі, яны разам сьпяшаюцца схавацца ў бамбасховішчы. Гэтак было і раніцай суботы 8 кастрычніка. Але тады яны падумаць не маглі, прызнаецца жанчына, што трывога абвяшчала вайну.

«Падхапілася з ложку, ледзь адзетая, схапіўшы малодшага, пабегла за мужам у бамбасховішча. А разуменьне, што гэта не звычайны абстрэл, прыйшло потым, разам з жудаснымі навінамі і здымкамі. Памеры ўсяго гэтага можам ўявіць толькі цяпер — у нас ужо каля тысячы загінулых (на ранак 11 кастрычніка іх колькасьць дасягнула 1200 чалавек. — РС). Прычым зь іх большасьць не вайскоўцы, як было 50 гадоў таму, падчас вайны Суднага дня, а мірныя жыхары. І яшчэ паліцыянты. Ім таксама шмат дасталося», — кажа Кацярына і пералічвае прыкметы цяперашняга жыцьця.

50 мэтраў да Палестынскай аўтаноміі

З словаў Кацярыны, у небе над яе домам ўвесь час гудуць самалёты, а здаля чуваць выбухі. Усе гэтыя чатыры дні сям’я не выходзіць на шпацыры зь дзецьмі, сядзяць увесь час дома. З мужам Кацярына падзяліла час на хатнія абавязкі: пакуль адзін глядзіць дзяцей, другі займаецца справамі.

«Тысячы рэзэрвістаў паехалі на вайну. Гэта я ўбачыла ўжо ў суботу — як мужчыны выходзілі з дамоў і адпраўляліся на фронт, а іх праводзілі жонкі з дзецьмі. Мой муж ужо не рэзэрвіст, узрост ня той, але ён зьбіраецца атрымаць зброю — ужо падаў заяўку. Цяпер разгляд заявак будзе паскораны. Мы жывем ў Юдэі, за 50 мэтраў ад нас — Палестынская аўтаномія. То бок тут шмат арабскіх паселішчаў, яны раскіданыя такімі пунктамі. Вось я з свайго вакна бачу арабскую вёску, дамы іхныя бачу. Кажуць, што ў мячэцях Усходняга Ерусаліму гучалі заклікі да паўстаньня. Але мне цяпер цяжка глядзець у іхны бок. Ведаю, што і ў Газе шмат ахвяраў, але маіх маральных рэсурсаў пакуль не хапае пра гэта думаць», — гаворыць жанчына.

Ізраільскі танк ля мяжы з сэктарам Газа. 10 кастрычніка 2023
Ізраільскі танк ля мяжы з сэктарам Газа. 10 кастрычніка 2023

З словаў Кацярыны, у крамах ня стала пэўных прадуктаў, бутэлек з вадой. Яна мяркуе, што гэта ня толькі праз тое, што ўсё разабралі, але і празь недахоп працоўных рук. У крамах у Ізраілі працуюць шмат арабаў, але цяпер пераходы з Палестынскай аўтаноміі на тэрыторыю Ізраілю закрытыя і прадаўцоў альбо грузчыкаў няма.

«Некаторыя будоўлі закрыліся. Вось мой муж, ён кіраўнік на будоўлі, цяпер сядзіць дома. Але не таму, што не дазваляюць. У іх пад’ёмны кран не працуе, бо апэратар за паўтары хвіліны ня можа спусьціцца з крану і дабегчы да бамбасховічша. А тут такі закон, што калі не ўкладаесься ў паўтары хвіліны, дык ня маеш права працаваць», — кажа суразмоўца.

Яна дадае, што ў іхным паселішчы зьявіліся месцы, дзе зьбіраюць дапамогу для пацярпелых. Як гуманітарную, так і падарункі для вайскоўцаў. Звычайна гэта два камплекты: рэчы гігіены, шкарпэткі, цёплая бялізна, а таксама пакунак з салодкім і з запіскамі. Кацярына кажа, што гэта вельмі важна, бо вайскоўцаў, сярод якіх шмат і дзяўчат, трэба падтрымліваць маральна.

«Школа працуе онлайн, але заняткі не адпавядаюць дзённаму раскладу. Сёньня старэйшы сын праглядаў расклад і кажа: «Вось, да гісторыі можна не рыхтавацца, уроку ня будзе, бо настаўнік пайшоў на фронт», — гаворыць беларуска.

Да гэтых прыкметаў новай рэчаіснасьці Кацярына дадае дэталі абставінаў вакол сябе. У пакоі запас вады, ліхтарык, паўэрбанк, радыё, лекі і ежа для жывёл. Пад рукой таксама адзежа, неабходная на тэрміновы выпадак. На мабільны тэлефон рэгулярна прыходзяць трывожныя зьвесткі, кажа яна.

«Вось пішуць: каля Хасану кідаюць бутэлькі з запальнай сумесьсю на дарогу. Трэба сачыць. Можа, напішуць пра нас і трэба будзе бегчы ў бамбасховішча», — гаворыць суразмоўца.

Мамад

У пытаньнях бясьпекі Кацярына спадзяецца на мамад. Гэтак называюць адмысловы пакой-сховішча ў ізраільскіх дамах, іх з 90-х гадоў і дагэтуль будуюць абавязкова. У такіх пакоях бэтонныя сьцены і столь з узмоцненай арматурай, дзьверы мэталічныя, вокны можна закрыць бранявымі аканіцамі.

Паводле Кацярыны, гераічных чынаў у абароне Ізраілю будзе яшчэ шмат, але будуць і трагедыі. Жанчына ня бачыць іншага спосабу перамагчы тэрырыстаў, як правесьці наземную апэрацыю і ўзяць сэктар пад кантроль.

Ізраільскія салдаты нясуць цела чалавека, забітага ў выніку нападу ХАМАС на кібуц Кфар-Аза, 10 кастрычніка 2023
Ізраільскія салдаты нясуць цела чалавека, забітага ў выніку нападу ХАМАС на кібуц Кфар-Аза, 10 кастрычніка 2023

«Значыць, будуць ахвяры. Яны ўжо сказалі, што будуць забіваць закладнікаў, а наш урад сказаў, што не паддасца на гэты шантаж», — на гэтых словах Кацярына паніжае голас. Потым — паўза, і пачынаецца кароткі эксурс ў сумеснае жыцьцё габрэяў і арабаў.

Багрут

«Ведаеце, як арабы з суседняга паселішча адзначалі тэрарыстычныя акты, калі гінулі нашы людзі і іхныя шагеды? Яны пускалі фаервэркі, сьвяткавалі. Мы і цяпер чакалі тых фаервэркаў, але не, іх не было. Там, за плотам, усе пакуль ціха», — кажа Кацярына з палёгкай.

Яна кажа, што самае шумнае сьвята ў суседзяў-арабаў — адзначэньне атрыманьня дзецьмі дыплёмаў ізраільскай школы. Гэты дыплём завецца багрут. Для сем’яў арабаў багрут азначае, што дзіця атрымала пуцёўку ў жыцьцё, зь ім ўсё будзе нармальна.

«То бо яны таксама хочуць нармальнага жыцьця, але ня ўсе. У Газе такіх меншасьць», — мяркуе Кацярына.

Паводле беларускі, палестынцы з Газы мараць не пра ўласную дзяржаву, а найперш пра зьнішчэньне Ізраілю, таму «зь імі няма пра што дамаўляцца» і «лепш бы яны пайшлі ў Эгіпет». А вось пра арабаў з Палестынскай аўтаноміі жанчына думае, што яны ў большасьці іншыя і хочуць жыць у міры.

Пустыя вуліцы і двары ў гарадах Ізраілю
Пустыя вуліцы і двары ў гарадах Ізраілю

Суразмоўца лічыць, што вайна ўжо зьмяніла палітычны расклад у краіне, што разнагалосьсі, якія трэслі Ізраіль апошні год, адышлі ўбок, і нацыя згуртавалася, створаны кааліцыйны ўрад. Але гэтак будзе толькі да тае пары, пакуль Ізраіль не здабудзе перамогу, мяркуе беларуска. Яна перакананая, што потым ізраільцы абавязаныя стварыць адмысловую камісію, якая будзе разьбірацца, чаму вораг засьпеў зьнянацку, чаму праспалі вайсковая выведка і «Масад» ды расслабіліся палітыкі.

«Гэта была памылка экспэртная ці ўсё ж палітычная? Як па-мойму, то зараз выглядае, што ўсё ж палітычная. Але прызнаю, што кажу гэта на нэрвах. Спачатку трэба пахаваць забітых, аддаць ім даніну памяці, вызваліць закладнікаў, атрымаць перамогу, а ўжо тады разьбірацца, чаму было ня так і хто вінаваты. Тут сапраўдная дэмакратыя, і я веру, што ўсё будзе зроблена паводле закону і здаровага сэнсу, а ня так, як бы зрабілі ў цяперашняй Беларусі», — кажа суразмоўца.

Яе бацькі, якія жывуць у Беларусі, ўжо званілі і прапаноўвалі вяртацца. Маўляў, дома няма вайны, цішыня. Але для яе гэта ўжо немагчыма.

«Разумею цяпер украінцаў, якія пішуць, што нікуды не паедуць, хай і жывуць пад расейскімі бомбамі. Бо насамрэч ужо тут мой дом. Хаця мне вельмі балюча, частка майго сэрца застаецца беларускаю і кліча туды, але не, ужо не змагу. У Ізраілі я пачуваюся дома і ў большай бясьпецы, чым у Беларусі», — дадае жанчына.

Вайна Ізраіля з ХАМАС. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG