Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты расказалі, якія памылкі ізраільскай выведкі спрыялі нечаканай атацы ХАМАС


Целы ахвяр нападу баевікоў ХАМАС з с'ктара ў кібуцы Кфар-Аза на поўдні Ізраіля. 10 кастрычніка 2023
Целы ахвяр нападу баевікоў ХАМАС з с'ктара ў кібуцы Кфар-Аза на поўдні Ізраіля. 10 кастрычніка 2023

Незадоўга да ўварваньня ХАМАС ізраільская выведка зафіксавала ўсплёск актыўнасьці ў каналах палестынскіх баевікоў, але гэта вайскоўцы на гэта не адрэагавалі.

Атака палестынскага руху ХАМАС на Ізраіль стала магчымай праз шэраг памылак, дапушчаных ізраільскай выведкай і вайскоўцамі, піша газэта The New York Times з спасылкай на чатырох высокапастаўленых супрацоўнікаў ізраільскіх спэцслужбаў.

Сярод дапушчаных ізраільскай выведкай памылак, дзякуючы якім баевікі ХАМАС праніклі на тэрыторыю Ізраілю ў суботу, 7 кастрычніка, крыніцы газэты назвалі:

  • Няздольнасьць выведкі сачыць за ключавымі каналамі сувязі баевікоў ХАМАС;
  • Празьмерную залежнасьць ад абсталяваньня для назіраньня за межамі, якое баевікі ХАМАС сапсавалі перад уварваньнем;
  • Канцэнтрацыя камандзіраў на адной памежнай базе, захопленай у пачатку ўварваньня, што не дазволіла падтрымліваць сувязь з астатнімі ўзброенымі сіламі;
  • Непраўдзівасьць сьцьвярджэньняў вайсковых кіраўнікоў сэктару Газа, якія ў прыватных тэлефонных размовах запэўнівалі, што не рыхтуюцца да баявых дзеяньняў. Баевікі ХАМАС ведалі, што гэтыя каналы праслухоўваюцца Ізраілем.

Паводле вэрсіі New York Times, на мінулым тыдні прадстаўнікі ізраільскай выведкі на брыфінгу для кіраўнікоў службаў бясьпекі аб найбольш актуальных пагрозах абараназдольнасьці засяродзілі ўвагу на небясьпецы ад лібанскіх баевікоў на поўначы. Пра патэнцыйную небясьпеку з боку ХАМАС прадстаўнікі ізраільскай выведкі практычна ня згадвалі, адзначае выданьне.

Дзьве крыніцы NYT заявілі, што незадоўга да пачатку ўварваньня ХАМАС ізраільская выведка зафіксавала ўсплёск актыўнасьці ў некаторых каналах палестынскіх баевікоў, за якімі яна сочыць. Выведка накіравала сыгнал трывогі памежнікам на мяжы з сектарам Газа, аднак на яго ніхто не адрэагаваў: або вайскоўцы не атрымалі папярэджаньня, або не прачыталі, сьцьвярджаюць крыніцы.

Неўзабаве пасьля гэтага ХАМАС пры дапамозе бесьпілётнікаў вывеў са строю некаторыя станцыі сотавай сувязі ізраільскіх вайскоўцаў і вежы назіраньня ўздоўж мяжы. Памежнікі не змаглі дыстанцыйна кантраляваць раён відэакамэрамі. Бесьпілётнікі таксама паразілі дыстанцыйна кіраваныя кулямёты, якія Ізраіль усталяваў на сваіх памежных умацаваньнях.

З словаў крыніцаў выданьня, ізраільская сыстэма назіраньня за мяжой практычна цалкам залежыць ад дыстанцыйна кіраваных камэраў, чуйнікаў і кулямётаў. Празьмерна ўпэўненае ў гэтых сродках кантролю ізраільскае вайсковае камандаваньне на гэтым участку скараціла колькасьць памежнікаў. Суразмоўцы выданьня дадалі, што з прычыны канцэнтрацыі вайсковага кіраўніцтва на адной з прымежных базаў большасьць старэйшых афіцэраў пры ўварваньні былі забітыя, параненыя ці ўзятыя ў закладнікі. Гэта ў спалучэньні з праблемамі сувязі перашкодзіла каардынаваць контратаку.

7 кастрычніка Ізраіль зазнаў канцэнтраваны ракетны ўдар з боку сэктару Газа. Баевікі руху ХАМАС зайшлі на тэрыторыю краіны, ёсьць паведамленьні аб захопе закладнікаў. На раніцу 11 кастрычніка забітыя ня менш за 1200 ізраільскіх грамадзян, параненыя больш за дзьве тысячы. Краіна абвясьціла стан вайны. Ізраільскае войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.

Вайна Ізраіля з ХАМАС. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG