Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая Зэляндыя адмовілася ад плянаванай забароны на тытунь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Новая Зэляндыя адмовілася ад першай у сьвеце забароны на продаж тытуню для народжаных пасьля 2008 году — каб зьнізіць падаткі.

Экспэрты ў галіне аховы здароўя супраць, піша The Guardian.

Закон павінен быў уступіць у сілу ў ліпені 2024 году, а празь некалькі гадоў Новая Зэляндыя хацела стаць «краінай, свабоднай ад курэньня». Закон прадугледжваў буйныя штрафы, продаж тытунёвых вырабаў толькі ў адмысловых крамах і абмежаваньне долі нікатыну ў тытунёвай прадукцыі.

Пасьля кастрычніцкіх выбараў, пераможца якіх кансэрватыўная Нацыянальная партыя сфармавала кааліцыю з правалібэральнай ACT і нацыяналістычнай NZ First («Новая Зэляндыя перш за ўсё»), гэтага не будзе.

Падчас перадвыбарнай кампаніі Нацыянальная партыя абяцала зьменшыць пэўныя падаткі. Каб кампэнсаваць страты, яна прапанавала дазволіць замежным пакупнікам вярнуцца на рынак нерухомасьці. Ідэю адхіліла NZ First. З словаў новага міністра фінансаў Ніколы Ўіліс, зараз у кампэнсацыю пойдуць даходы ад продажу цыгарэт. На скасаваньні закону аб забароне тытуню настойвалі кааліцыйныя партнэры Нацыянальнай партыі, адзначыла Ўіліс.

«Мы павінны ўзяць пад кантроль інфляцыю і адсоткавую стаўку, што дапаможа зрабіць харч і паліва таньнейшым і дазволіць зьменшыць кошт арэнды жытла», — сказаў сёньня новы прэм’ер-міністар Новай Зэляндыі Крыстафэр Лаксан падчас урачыстага складаньня прысягі.

Ён і ягоны ўрад плянуюць змагацца з курэньнем у краіне з дапамогай асьветы і «іншых мераў».

Экспэрты ў галіне ахове здароўя заявілі, што скасаваньне закону можа каштаваць краіне да пяці тысяч жыцьцяў у год, асабліва сярод карэннага насельніцтва — маоры. Згодна з мадэляваньнем, на якое спасылаюцца адмыслоўцы, за дваццаць гадоў закон дазволіў бы ўраду заашчадзіць 1,4 мільярда даляраў ЗША за кошт даходаў тых, хто не памёр бы заўчасна і не атрымаў бы хранічных захворваньняў праз курэньне тытуню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG