Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зарабляе дзясяткі мільёнаў фунтаў на кантрабандзе тытуню ў Брытанію, — СМІ


Пачак цыгарэт, ілюстрацыйнае фота
Пачак цыгарэт, ілюстрацыйнае фота

Нацыянальная статыстычная служба (НСС) Вялікай Брытаніі лічыць Беларусь адным з асноўных пастаўшчыкоў на брытанскі рынак нелегальных тытунёвых вырабаў.

Пра гэта гаворыцца ў публікацыі інтэрнэт-выданьня inews.co.uk. Паводле атрыманых мэдыя зьвестак НСС, у ліпені 2022-га – чэрвені 2023 году Вялікая Брытанія імпартавала зь Беларусі «напояў і тытуню» на суму 161,6 млн фунтаў стэрлінгаў, што склала 96% усіх беларускіх паставак у гэтую краіну.

Пры гэтым, паводле папярэдніх падлікаў статыстычнай службы, першапачатковы аб’ём імпартаваных зь Беларусі «напояў і тытуню» ў гэты пэрыяд ацэньваўся на ўзроўні 451 млн фунтаў стэрлінгаў. Пазьней ведамства перагледзела суму ў бок зьмяншэньня ў сувязі з «абнаўленьнем крыніцы зьвестак», якая адсочвае адпаведныя пастаўкі.

Прычынай карэктаваньня, сьцьвярджае inews.co.uk, стала закрыцьцё «пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне» пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай і беларуска-латвійскай межах, празь якія ішоў «асноўны паток кантрабанды».

У артыкуле брытанскага СМІ Аляксандра Лукашэнку ўжо традыцыйна для заходняй прэсы назвалі «галоўным саюзьнікам Пуціна». У матэрыяле сьцьвярджаюць, што на кантрабандзе тытуню ў Вялікую Брытанію ён «зарабляе дзясяткі мільёнаў».

Выданьне адзначае, што праваабаронцы і ўрады заходніх краін неаднаразова абвінавачвалі Лукашэнку ў тым, што ён выкарыстоўвае людзей са свайго атачэньня «ў якасьці „кашалькоў“ для папаўненьня скарбу сваёй сям’і і фінансаваньня рэпрэсій». Сярод такіх людзей называюцца ўладальнікі кампаніі «Тытунь-інвэст» Павал Тапузідыс і Віктар Пятровіч, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША з 5 сьнежня 2023 году.

Вядома, што прыярытэтным і больш даступным рынкам для беларускай кантрабанды зьяўляюцца дзяржавы, зь якімі мяжуе Беларусь, у прыватнасьці Літва. Зрэшты, 31 студзеня Літоўская мытная служба заявіла аб значным скарачэньні (з 4,3 да 2,5 млн пачкаў) колькасьці перахопленых на мяжы зь Беларусьсю кантрабандных цыгарэт у 2023 годзе ў параўнаньні з 2022-м.

  • 25 жніўня міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што ў Літве ацэньваюць магчымасьць закрыцьця дадатковых пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з кантрабандай.
  • У канцы жніўня ў Літве перахапілі буйную партыю з амаль мільёна пачкаў кантрабандных беларускіх цыгарэт. 6 жніўня літоўскія мытнікі затрымалі груз з 891 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт (коштам каля 3,5 млн эўра), 29 ліпеня партыю ў мільён пачкаў цыгарэт (на больш за 4 мільёны эўра), 30 чэрвеня – 850 тысяч пачкаў нелегальных цыгарэт.
  • Агулам за першае паўгодзьдзе 2023 году літоўская мытня затрымала амаль 6,5 млн пачкаў беларускіх цыгарэт і 32 тон тытуню. Агульны кошт кантрабанды перавышае 26 млн эўра. Паводле Крымінальнай мытнай службы Літвы, 82% цыгарэт, якія з пачатку 2023 году трапілі ў Літву кантрабандным шляхам, выраблена ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG