Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Святлана Алексіевіч: «Сьмерць Навальнага адкрыла бездань усёдазволенасьці дыктатарам ва ўсім сьвеце, а пагатоў у нас, у Беларусі»


Сьвятлана Алексіевіч.
Сьвятлана Алексіевіч.

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч у камэнтары «Нашай Ніве» адгукнулася на апошнія падзеі.

На пытаньне, што сьмерць Аляксея Навальнага азначае для Беларусі, пісьменьніца адказала наступным чынам:

— Увесь сьвет сёньня ў жалобе. Я паглядзела стужку навін у «Медузе», і там водгукі з усяго сьвету: палітыкаў, пісьменьнікаў, музыкантаў. Усе ашаломленыя.

Вядома ж, гэта ўзрушэньне ад той жорсткасьці, якую мы дазволілі злу. Яно распаўзлося да той ступені, што чыніць тое, чаго мы нават не маглі сабе ўявіць. Хаця ведалі прыроду такой улады.

Самае страшнае для Беларусі — гэта тое, што ў нас амаль дзьве тысячы палітвязьняў і нашы лідэры таксама там. Магчыма цяпер хтосьці сядзіць у ШІЗА.

Няма зьвестак ад Машы Калеснікавай, Віктара Бабарыкі. Мы нічога ня ведаем пра Мікалая Статкевіча. І такое адчуваньне, што ў любы момант можам даведацца самае страшнае пра іх.

Дыктатары вучацца адзін у аднаго. Сьмерць Навальнага адкрыла бездань усёдазволенасьці дыктатарам ва ўсім сьвеце (яны ўсе ў спайцы ідуць), а пагатоў у нас, у Беларусі. Цяпер мы можам усяго чакаць.

Улада атрымала такую індульгенцыю. Аказваецца, усё ёй можна і сьвет будзе бездапаможны. Краіна будзе бездапаможная. Улада застанецца беспакаранай.

Вось гэта самае страшнае.

Ёсьць надзея, што пасьля забойства Навальнага сьвет зразумее, што Пуцін, як і Гітлер, здольны ўцягнуць сьвет у сусьветную вайну, ён ня спыніцца.

Трэба дапамагаць Украіне як мага больш або давядзецца плаціць больш высокую цану. Новы Гітлер з новымі тэхналёгіямі будзе страшнейшы за таго, што мы ведаем з гісторыі.

  • 13 лютага ў інтэрвію Радыё Свабода Сьвятлана Алексіевіч, сярод іншага, сказала, што ў наш час "цемра распаўзаецца. Расея стала яшчэ больш жахлівай, яна ідзе да фашызму".
  • Таксама пісьменьніца заявіла, што калі 30 гадоў таму Зянон Пазьняк апублікаваў артыкул «Аб расейскім імпэрыялізьме і яго небясьпецы», ён меў рацыю, і сёньня гэта трэба прызнаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG