Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: «Хатнім хімікам» замяняюць абмежаваньне волі на калёнію


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцам стала вядома пра як мінімум 15 справаў «аб замене абмежаваньня волі» на калёнію асуджаным раней з палітычных матываў.

За апошнія месяцы ў Беларусі асуджаным на абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) пачалі актыўна ўзмацняць пакараньне і пераводзіць іх з «хатняй хіміі» ў калёнію, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Паводле інфармацыі «Вясны», пачынаючы з чэрвеня ў судах Беларусі ўжо разгледзелі ці разгледзяць бліжэйшым часам мінімум 15 справаў «аб замене абмежаваньня волі» асуджаным раней з палітычных матываў.

Суды адбываюцца нават над тымі, хто зьехаў зь Беларусі пасьля прысуду. Паводле заканадаўства для замены пакараньня на больш жорсткае дастаткова трох спагнаньняў. Пры гэтым на «хатніх хімікаў» увесь час чыніцца ціск: да іх ноччу прыяжджаюць з праверкамі, абмяжоўваюць у вольным часе і адпраўляюць на «суткі» за «парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня», піша «Вясна».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG