Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс зьняволенага філёзафа Мацкевіча абмяркоўваюць калегі з унівэрсытэтаў Эўропы. ФОТА


Канфэрэнцыя ў Віленскім ўнівэрсытэце, прысьвечаная філёзафу Уладзімеру Мацкевічу, 20 верасьня 2024 году
Канфэрэнцыя ў Віленскім ўнівэрсытэце, прысьвечаная філёзафу Уладзімеру Мацкевічу, 20 верасьня 2024 году

Беларусь на 176-м месцы ў сьвеце ва ўзроўні навуковай свабоды.

Сьвятлана Ціханоўская і рэктар Віленскага ўнівэрсытэту Рымвідас Пятраўскас адкрылі навуковую канфэрэнцыю «Зьняволеная рэальнасьць і філязофія ў турме».

Рымвідас Петраўскас
Рымвідас Петраўскас

Канфэрэнцыя, якая праходзіць у сьценах Віленскага ўнівэрсытэту, прысвечаная салідарнасьці зь беларускім палітвязьнем, філёзафам Уладзімерам Мацкевічам.

Дэкан філязофскага факультэту Ёнас Дагіс і дэмлідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская
Дэкан філязофскага факультэту Ёнас Дагіс і дэмлідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская

Калегі вядомага беларускага навукоўца зь Беларусі, Літвы, Польшчы цягам двух дзён абмяркоўваюць праблемы разьвіцьця навукі і свабоднай філязофскай думкі ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых таталітарных краінах.

Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу
Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што рэжым Лукашэнкі спрабуе палітычна і інтэлектуальна ізаляваць беларускае грамадзтва ад эўрапейскай цывілізацыі, дзеля чаго і кідае за краты найлепшых прадстаўнікоў навуковай думкі. Філёзаф Уладзімер Мацкевіч прадбачыў такі лёс, але не саступіў, не спыніў сваёй навуковай і грамадзкай дзейнасьці, за што і апынуўся за кратамі. Цяпер Беларусь займае 176-е месца ў сьвеце ва ўзроўні навуковай свабоды, зазначыла Сьвятлана Ціханоўская і выказала перакананьне, што дэмакратыя і свабоднае разьвіцьцё навукі ўрэшце перамогуць і ў Беларусі.

«Гэта Тацяна Валажанская, Алесь Бяляцкі, Валерыя Касьцюгова, Аляксандар Фядута, Ягор Лебядок, Ігар Мельнікаў, Мікола Дзядок ды шмат хто яшчэ. Не ўяўляю, як так званыя праўладныя экспэрты могуць спакойна спаць, калі іх былыя калегі ледзь сьпяць у халодных камэрах, пазбаўленыя элемэнтарных патрэбаў і лячэньня. Гэта адна з самых нізкіх рэчаў, калі ты прымушаеш апанэнта замаўчаць, замкнуўшы яго ў вязьніцы», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Навуковыя даклады і дыскусіі, да якіх запрасіў пасьля цырымоніі адкрыцьця канфэрэнцыі дэкан факультэту філязофіі Ёнас Дагіс, факусаваліся на ролі філязофскай думкі ў станаўленьні беларускай грамадзянскай супольнасьці, гатоўнасьці і жаданьня грамадзтва разьвівацца ў бок дэмакратыі, асаблівасьцяў таталітарнага ладу, які ўсталяваў у Беларусі Аляксандар Лукашэнка пры падтрымцы Расеі і асабіста Ўладзіміра Пуціна, досьведу іншых народаў у змаганьні з дыктатурамі.

«Думаць Беларусь» ад Мацкевіча

Прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ, г. Вільня) Тацяна Шчытцова адзначае ня толькі навуковыя дасягненьні Ўладзімера Мацкевіча як філёзафа, але і ягоную ролю як грамадзкага дзеяча.

«Ён вельмі істотная фігура для грамадзянскай супольнасьці. Ен вельмі яскрава паказаў ролю філязофіі, рэфлексіі ў сацыяльна-палітычных трансфармацыях. І гэта ён паказаў ня толькі тэарэтычнымі развагамі, але і дзеяньнямі. Згадваю два прыклады: ягоная заява, якая зьявілася 13 жніўня 2020 году — зварот да дэмакратычных сілаў, да пратэставай супольнасьці аб тым, што нам патрэбныя структуры для дыялёгу.

У выніку была створана Каардынацыйная рада, якая спрабавала пачаць перамовы, каб выходзіць з крызісу і шукаць нейкія пазытыўныя шляхі. Калі пачытаць той тэкст, у ім бачна тэарэтычная база. Таму гэта ўнікальная фігура для грамадзтва. Мы бачым, як філёзаф выкарыстоўвае свае веды дзеля таго, каб дзейнічаць у палітычным полі. Гэта прыклад таго, як філязофія і палітычныя дзеяньні могуць аб’яднацца. У гэтым сэнсе цяжка знайсьці ў нас параўнальную фігуру».

На думку Тацяны Шчытцовай, другой важнай ініцыятывай філёзафа Ўладзімера Мацкевіча стала стварэньне плятформы «Сход», якая падштурхнула ячэйкі пратэставай актыўнасьці да аб’яднаньня, але ня ў тайную арганізацыю, а адкрыта, на падставе дзеючых законаў. Паводле прафэсара Шчытцовай, беларускі рэжым убачыў пагрозу для сябе ў тых кроках, якія рабіў філёзаф Мацкевіч, таму і кінуў яго ў вязьніцу. Што да ацэнкі асобы Мацкевіча беларускім грамадзтвам, Тацяна Шчытцова мяркуе, што яно не было дастаткова падрыхтаванае да ўспрыманьня ягоных ідэй з аб’ектыўных прычын.

Тацяна Шчытцова
Тацяна Шчытцова

«На жаль, раней беларускае грамадзтва разьвівалася гэтак, што філязофія не займала адпаведнага месца ў яго разьвіцьці. Так адбывалася гістарычна. Але мне здаецца, што тыя крокі, якія рабіў Мацкевіч, ягоны філязофскі лёзунг „Думаць Беларусь“ — гэта дакладна тое, што было патрэбна грамадзтву. Нам усім і цяпер трэба думаць, як далей яднаць беларускую супольнасьць», — мяркуе Тацяна Шчытцова.

Як перамагчы зьняволеную сьвядомасьць

Адным з ідэйных рухавікоў канфэрэнцыі «Зьняволеная рэальнасьць і філязофія ў турме» яе ўдзельнікі называюць прафэсара Ковенскага ўнівэрсытэту Гінтаўтаса Мажэйкіса, які выступіў на сходзе навукоўцаў з дакладам пра ролю філёзафаў у разьвіцьці чалавецтва. У размове са Свабодай прафэсар Мажэйкіс адказаў, за што ён цэніць Уладзімера Мацкевіча і чаму не перамагла беларуская рэвалюцыя 2020 году:

«Таму я гэтак высока адзначаю Ўладзімера, бо ён разумеў, што рэвалюцыя, магчыма, і не пераможа. Бо акрамя грамадзянскай супольнасьці, у якую верыць Ціханоўская і яе аднадумцы, у Беларусі існуе гэтак званая зьняволеная сьвядомасьць. Яшчэ яе называюць падмененай сьвядомасьцю. Але людзей з такой сьвядомасьцю ў Беларусі большасьць, таму спачатку трэба гэтую большасьць навучыць думаць і вызваліць яе ад няволі, і толькі тады іх будзе дастаткова, каб абрынуць гэты рэжым.

Гінтаўтас Мажэйкіс
Гінтаўтас Мажэйкіс

Таму некаторыя ўтопіі, якія існуюць вакол штабу Сьвятланы Ціханоўскай, я ўспрымаю як прыгожыя абяцаньні, падтрымліваю іх надзею, гэта вельмі важна, але, тым ня менш, думаю, што гэта не палітычная праграма, як перамагчы Лукашэнку. Выніку ня будзе, калі ня будзе зьменаў у праграме таго, што рабіць у самой Беларусі. Людзі, якія маглі нешта зрабіць у беларускім грамадзтве, на жаль, сядзяць у турмах. І тое, што адбываецца ў турмах, становіцца ня менш важным, чым тое, што адбываецца за межамі Беларусі», — мяркуе прафэсар Гінтаўтас Мажэйкіс.

Што цяпер з Мацкевічам

Уладзімеру Мацкевічу 68 гадоў. МУС Беларусі ўключыў філёзафа ў сьпіс «экстрэмістаў», а беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Зь лютага 2023 году Ўладзімер Мацкевіч зьмешчаны на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4. Вядома, што летась палітвязьню зрабілі апэрацыю.

«Цяпер пачуваецца больш-менш, але хранічныя хваробы застаюцца. Сувязь зь ім ёсьць, ён не ў рэжыме „інкамунікада“, але гэта вельмі рэдкая сувязь, і нават не магу сказаць, як яе падтрымліваюць. З таго, што вядома, настрой у яго нармальны», — сказала пра Ўладзімера крыніца, якая ў мэтах бясьпекі прасіла яе не называць.

Канфэрэнцыя «Зьняволеная рэальнасьць і філязофія ў турме» працягне сваю працу і ў суботу, 21 верасьня. У канфэрэнцыі бяруць удзел выкладчыкі Віленскага ўнівэрсытэту Арунас Стрэйкус, Сымас Чэлутка і Лаўрынас Пелурыціс, Саўлюс Генюсас і Франц Фань-Лунь Ман з Ганконскага ўнівэрсытэту, Паўліна Сасноўска, Эва Богуш і Пшэмыслаў Бурштыка з Варшаўскага ўнівэрсытэту, Віктарас Бахмецьевас з Ковенскага ўнівэрсытэту, Антон Выдра з Трнаўскага ўнівэрсытэту (Чэхія), Рахуль Дут Гаўтам з Інстытуту навуковай адукацыі і разьвіцьця з Бхапалу (Індыя), а таксама прафэсар ЭГУ Альміра Ўсманава.

  • Уладзімер Мацкевіч — вядомы беларускі філёзаф, грамадзкі дзеяч, тэлевядоўца. Заснавальнік праграмы стварэньня сучаснага «Лятучага ўнівэрсытэту». Быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у жніўні 2021 году і праз амаль год асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня за ўдзел у пратэстах, стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня» і «абразу» Лукашэнкі. Падчас сьледзтва Мацкевіч трымаў галадоўкі, у калёніі сядзеў у ШЫЗА і ПКТ. Больш за год таму Ўладзімера Мацкевіча, які мае вялікія праблемы са здароўем, зьмясьцілі ў магілёўскую турму № 4.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG