Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя няпэўнасьці. Якой будзе тактыка Лукашэнкі ў чаканьні навін з Гаагі


Міжнародны крымінальны суд у Гаазе
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе

Урад Літвы 30 верасьня афіцыйна перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) у Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Сьцісла

  • Пазоў Літвы ў МКС — дэманстрацыя здольнасьці дэмакратычных сілаў Беларусі да актыўных дзеяньняў.
  • Да рашэньня пракурора МКС, ці адкрываць справу супраць Лукашэнкі, беларускія ўлады трапляюць у сытуацыю няпэўнасьці.
  • Рэжым Лукашэнкі не жадае выклікаць сваімі дзеяньнямі найбольш небясьпечныя для сябе наступствы.
  • Да рашэньня пракурора МКС больш імаверным выглядае працяг палітыкі абмежаваных прымірэнчых крокаў у адрас Захаду з боку афіцыйнага Менску.

Відавочнае наступства пазову — дэманстрацыя здольнасьці беларускіх дэмакратычных сілаў дзейнічаць. Ідэяў, прапановаў дэмакратычныя палітыкі выстаўлялі і выстаўляюць шмат, міжнародныя кантакты ажыцьцяўляюцца на высокім узроўні. Але нярэдка плён прапановаў і кантактаў невідавочны, асабліва для грамадзкасьці.

У гэтым выпадку ідэя была даведзеная калі не да поўнай рэалізацыі, то прынамсі да першага выразнага, бясспрэчнага кроку. І найперш гэта вынік высілкаў Паўла Латушкі і кіраванага ім «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ). Ён працяглы час выступаў за прыцягненьне рэжыму Лукашэнкі да міжнароднай юрыдычнай адказнасьці і працаваў над рэалізацыяй праектаў у гэтым кірунку. Гэта да таго ж і сфэра яго адказнасьці ў Аб’яднаным пераходным кабінэце. Так бы мовіць, Латушка сказаў — Латушка зрабіў.

Наступствы ўнутры Беларусі менш адназначныя. Пракурор МКС Карым Хан паведаміў, што разгледзіць зварот Літвы і вырашыць, ці ёсьць падставы для пачатку расьсьледаваньня. Ён падкрэсьліў, што зварот не вядзе аўтаматычна да адкрыцьця расьсьледаваньня.

Гэтая паўза стварае для беларускай улады сытуацыю няпэўнасьці, у прыватнасьці, адносна палітыкі прымірэнчых жэстаў у адрас Захаду кшталту адзінкавых памілаваньняў палітвязьняў. Калі б МКС прыняў рашэньне пачаць расьсьледаваньне, а тым больш калі б справа дайшла да выдачы ордэра на Лукашэнку і (ці) іншых прадстаўнікоў беларускай улады, то можна было б чакаць жорсткай рэакцыі афіцыйнага Менску і спыненьня ўсіх «заляцаньняў» да Захаду. І наадварот, калі б МКС прыняў адмоўнае рашэньне па пазове Вільні, то з пункту гледжаньня беларускіх уладаў прымірэнчыя жэсты мела б сэнс працягваць.

Цяперашняя сытуацыя — пэўнае раздарожжа. Насамрэч нават выдача ордэра не азначае, што назаўтра пасьля гэтага Лукашэнка, як кажа Латушка, «выправіцца ў Гаагу». Назаўтра дакладна ня выправіцца. І невядома, ці выправіцца калі-небудзь увогуле. Але наяўнасьць ордэра, безумоўна, ускладніць і без таго вельмі цьмяныя пэрспэктывы нармалізацыі адносінаў з Захадам. Лукашэнку такога ўскладненьня не хацелася б. І пры гэтым таксама не хацелася б сваімі дзеяньнямі, рэзкімі крокамі падштурхнуць неспрыяльнае для сябе рашэньне.

Дакладна прадбачыць рашэньне пракурора МКС не бяруцца і кампэтэнтныя юрысты-міжнароднікі. Адкрыцьцё расьсьледаваньня ня выключанае, але і не перадвызначанае.

Дэмакратычныя сілы Беларусі і асабіста Латушка маюць шчыльныя стасункі з урадамі многіх заходніх краінаў, збор доказаў пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі вядзецца працяглы час. Ускосныя наступствы гэтых злачынстваў у выглядзе плыні ўцекачоў зь Беларусі адчуваюць на сабе многія краіны. Арытмэтычна дык у Польшчы гэтых уцекачоў больш, чым дзе-небудзь яшчэ. А пазоў падала толькі Літва. З гэтага не вынікае, што іншыя заходнія сталіцы ня лічаць рэпрэсіі ў Беларусі злачынствамі супраць чалавечнасьці, якія падлягаюць перасьледу праз МКС. Але свае пазовы яны ў суд не накіравалі.

І беларускія ўлады могуць спадзявацца, што на падставе гэтай, а таксама шэрагу іншых прычынаў пракурор МКС можа і не адкрыць справы. А таму менавіта цяпер мяняць палітыку прымірэнчых жэстаў у адрас Захаду няма ніякага сэнсу. На думку многіх экспэртаў, гэтая палітыка скіраваная на дасягненьне прызнаньня вынікаў выбараў 2025 году і на здабыцьцё месца за сталом гіпатэтычных мірных перамоваў па Ўкраіне.

Сам па сабе пазоў Літвы ў МКС гэтых мэтаў не мяняе. Калі пазоў ператворыцца ў пачатак расьсьледаваньня, мэты могуць быць скарэктаваныя. Але не раней. Таму ёсьць падставы прагназаваць, што прынамсі ў найбліжэйшы час палітыка прымірэнчых жэстаў у бок Захаду будзе працягвацца, нібыта таго пазову і не было.

Зразумела, пры захаваньні антызаходняй рыторыкі (як жа бяз гэтага) і ў вельмі абмежаванай форме. Пазоў Літвы ў МКС, магчыма, і ня варта разглядаць як салідарны адказ Захаду ў адрас Менску. Але справа ў тым, што ніякіх выразна іншых падыходаў з боку іншых заходніх сталіц не назіраецца. Іх МЗС віталі памілаваньні некаторых палітвязьняў, але ня больш за тое. Таксама ніводная заходняя краіна не перадвызначае сваю палітыку, якой яна будзе пасьля беларускіх выбараў 2025 году.

Так выглядае, што палітыка Захаду адносна Беларусі будзе вытворнай ад шэрагу чыньнікаў, наўпрост зь ёй не зьвязаных — такіх, як хада вайны і вынікі выбараў у ЗША. Да іх цяпер дадасца і рашэньне пракурора МКС Карыма Хана, ці адкрываць справу супраць Лукашэнкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG